Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін хоча, каб ЭўраАЗЭС стаў "адным з полюсаў сучаснага сьвету"


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Прэм'ер-міністар і вельмі верагодны наступны прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін апублікаваў 4 кастрычніка ў газэце "Известия" артыкул, які прысьвяціў будаўніцтву Мытнага Саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану.

Будаўніцтва Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы закладае аснову для фарміраваньня ў пэрспэктыве Эўразійскага эканамічнага саюзу. Адначасова будзе ісьці і паступовае пашырэньне кола ўдзельнікаў Мытнага саюзу і АЭП за кошт паўнавартаснага далучэньня да працы Кіргізстану і Таджыкістану", — піша Ўладзімер Пуцін.

Як адзначае кіраўнік расейскага ўраду, да фарміраваньня Мытнага саюзу Расею, Беларусь і Казахстан прывялі "цеснае, узаемавыгаднае супрацоўніцтва, разуменьне стратэгічных нацыянальных інтарэсаў".

"Цяпер трэба зрабіць крок наперад — да адзінай эканамічнай прасторы. Да гэтага засталіся лічаныя месяцы — праект стартуе ужо з 1 студзеня будучага году. Плянуецца стварыць каласальны рынак — звыш 165 мільёнаў спажыўцоў — з уніфікаваным заканадаўствам, вольным перамяшчэньнем капіталаў, паслуг і працоўнай сілы. А затым - яшчэ больш амбіцыйная задача — выйсьці на наступны узровень інтэграцыі, да Эўразійскага саюзу.

Мова аб аднаўленьні ці капіяваньні Савецкага саюзу ня йдзе, піша Пуцін. Між тым ва ўсім артыкуле расейскі прэм'ер праводзіць паралель паміж новым утварэньнем і СССР.

Так, ён абяцае, што на шляху да Эўразійскага саюзу ўсе сябры гэтага ўтварэньня атрымаюць поўзную свабоду перасоўваньня, вядзеньня бізнэсу і атрыманьня адукацыі.

"У СССР - зь ягоным інстытутам прапіскі - падобнай свабоды не было", - піша Пуцін. Ён абяцае, што сярод сяброў Эўрапейскага саюзу пачнецца "сапраўдная канкурэнцыя юрысдыкцый", то бок улады краінаў будуць змагацца за прадпрымальнікаў, ствараючы ім найлепшыя ўмовы.

"Мы прапануем мадэль магутнага наднацыянальнага аб'яднаньня, здольнага стаць адным з полюсаў сучаснага сьвету і пры гэтым гуляць ролю эфэктыўнай "зьвязкі" паміж Эўропай і дынамічным Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёнам. У тым ліку гэта азначае, што на базе Мытнага саюзу і АЭП неабходна перайсьці да больш цеснай каардынацыі эканамічнай і валютнай палітыкі, стварыць паўнавартасны эканамічны саюз", — піша Ўладзімер Пуцін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG