Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стоп-бэнзін» без прыкметаў акцыі

абноўлена

20:00 Акцыя фактычна не адбылася.

19:55 Па-ранейшаму ня бачна арганізаваных калёнаў аўтааматараў, якія на мінімальнай хуткасьці ехалі б па праспэкце Незалежнасьці. Ніхто не спыняецца, не сыгналіць, не стаіць з адчыненымі капотамі. У цэнтры сталіцы звычайны рух аўтатранспарту.

19:40 Вялізны корак з-за дарожна-траспартнага здарэньня ўтварыўся на праспэкце Незалежнасьці ў бок плошчы Якуба Коласа. Міліцыянты ўвіхаюцца з рулеткамі. Усе палосы руху практычна перакрытыя.

19:30 Міліцэйскі эвакуатар пацягнуў аўтамабіль «Мэрсэдэс» у бок плошчы Якуба Коласа.
19:25 Пакуль што пра меркаваную акцыю «Стоп-бэнзін» сьведчыць толькі вялікая канцэнтрацыя міліцыі ў цэнтры сталіцы. Шмат міліцыянтаў у раёне плошчы Перамогі. Уздоўж праспэкту Пераможцаў шпацыруюць патрулі па два чалавекі з рацыямі. За слупамі і дрэвамі — так званыя «ціхары» у цывільным. Аўтамабіляў з налепкамі ня бачна. Некалькі машын спыніліся з уключанымі аварыйнымі сыгналамі каля плошчы Перамогі. Да іх падышлі міліцыянты, якія высьвятляюць прычыны спыненьня.

Аўтамабілісты плянавалі ў панядзелак правесьці новую акцыю пратэсту супраць павелічэньня цэнаў на паліва.

«Цэны ізноў пачалі расьці, гэтым разам ня так рэзка, пакрысе, але часта. Нас хочуць падмануць, падымаючы цану на паліва на 3% кожныя 2-3 тыдні (а можа быць і часьцей) працяглы час. У надзеі, што народ як-небудзь паступова прызвычаіцца да становішча дойнай каровы. Разам з тым, зь цяперашнімі цэнамі на паліва мы вымушаны лічыць кожны літар і кілямэтар», — гаворыцца ў звароце арганізатараў акцыі.

Месцы правядзеньня акцыі:

  • Праспэкт Пераможцаў: ад вул. Няміга да вул. Ігнаценкі (за стэлай «Менск — горад-герой»)
  • Праспэкт Незалежнасьці: ад плошчы Якуба Коласа да ГУМу.

«Асноўная мэта ўдзельнікаў акцыі — пасьля 19.00 рухацца (...) ў любым кірунку, разварочваючыся ў любым дазволеным ПДР месцы, каб рухацца назад, калі вы ўжо даехалі да Нямігі або вул. Ігнаценкі, альбо да пл. Якуба Коласа або ГУМа на пр. Незалежнасьці. Вы можаце проста катацца па праспэкце. Роўна ў 19.10 удзельнікі акцыі зьніжаюць хуткасьць руху да 20-30 км/г і ўключаюць „аварыйку“. Тыя, хто ня хоча рухацца далей, спыняюцца, адкрываюць капот і выпраўляюць раптам узьніклую паломку, выставіўшы знак прыпынку ў адпаведнасьці з ПДР», — пішуць арганізатары акцыі.

1 кастрычніка бэнзін падаражэў на 5%.

Цана бэнзіну АІ-92 стала 4820 рублёў, АІ-95 — 5200, дызэльнага паліва — 5100.

Гэтае падвышэньне цэнаў стала восьмым з пачатку году. Апошні раз бэнзін і дызэльнае паліва даражэлі 14 верасьня — у сярэднім на 3% «у мэтах паэтапнага ўраўноўваньня цэнаў на тавары ў межах Мытнага зьвязу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG