Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай ідзе ў зону ўплыву Расеі


У артыкуле пад такім загалоўкам швэйцарская Le Temps распавядае пра эканамічнае пранікненьне КНР у Беларусь.

Беларусь, якая ня можа пахваліцца цёплымі адносінамі з Расеяй, ЭЗ альбо Украінай, стала аб'ектам увагі Кітаю. Масква пакуль яшчэ ніяк афіцыйна не адрэагавала на гэтую новую крыніцу прамой канкурэнцыі.

Пэкін спрабуе ўмацаваць свае пазыцыі ва Ўсходняй Эўропе, спрытна выкарыстоўваючы ня толькі правалы расейскай дыпляматыі, але і залішнюю пэдантычнасьць Эўрапейскага Зьвязу, а таксама яго фінансавыя цяжкасьці. На мінулым тыдні другі чалавек у кітайскай кампартыі У Банго адправіўся зь візытам у Беларусь. Падчас паездкі ён вылучыў сатэліту Расеі пазыку на мільярд даляраў пад сьмешныя працэнты і абвясьціў аб субсыдыях на 11 мільёнаў даляраў, якія прызначаны для супольных інфраструктурных праектаў.

Нечаканы падарунак для прэзыдэнта-аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі, які канчаткова пасварыўся з Захадам і чые адносіны з Масквой наўрад ці можна лічыць менш напружанымі. Апошнія паўгода Беларусь перажывае найцяжэйшы фінансавы і эканамічны крызіс. Цэнтрабанк краіны быў вымушаны дэвальваваць беларускі рубель на 70% у адносінах да даляра, а паліцы крамаў яшчэ ніколі не былі такія пустыя.

Прэзыдэнт Лукашэнка, чыя прага да адпраўкі апазыцыянэраў за краты, як відаць, толькі ўзмацнілася за 14 гадоў (так у тэксьце – РС) ва ўладзе, рассыпаўся лёсткамі перад сваім госьцем: «Мы ўдзячныя за тое, што ў любую хвіліну Кітай гатовы падставіць нам сваё сяброўскае плячо падтрымкі. Мільярдныя кітайскія льготныя крэдыты і прамыя інвэстыцыі актыўна працуюць на мадэрнізацыю беларускай эканомікі, укараненьне перадавых тэхналёгій і інавацый... Мы ўдзячныя вам за калясальную ня толькі матэрыяльную, але і маральную падтрымку».

Усё гэта так адрозьніваецца ад заяў на адрас эўрапейцаў (беларускі лідэр сёлета назваў Жузэ Мануэла Барозу «казлом») або тандэму Мядзьведзеў-Пуцін, які ён абвінавачвае ў намеры «паставіць Беларусь на калені». Наогул, нягледзячы на імкненьне прадухіліць вяртаньне Беларусі на арбіту Расеі, эўрапейская дыпляматыя ўсё ж наважылася спаліць масты пасьля рэпрэсій, якія адбыліся пасьля сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Маскву (як і Пэкін), зусім не хвалююць парушэньні правоў чалавека, аднак яны хочуць вымусіць Менск правесьці буйнамаштабную прыватызацыю ў абмен на крэдыты.

Пэкін афіцыйна не раскрывае ўмовы вяртаньня «сяброўскіх» пазык, што цалкам задавальняе Лукашэнку, які ў першую чаргу імкнецца паказаць, што застаецца гаспадаром у краіне. Кітай у сваю чаргу мае тыя самыя інтарэсы, што і Расея: ён спрабуе адхапіць большы кавалак падчас прыватызацыі прамысловых актываў. Акрамя таго, У Банго падпісаў пагадненьне аб прыватызацыі і кітайскіх інвэстыцыях у Беларусь у 2011-2013 гадах. Гэта значыць Пэкін і Масква ўступаюць у прамую барацьбу за беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, аграпрамысловы комплекс і машынабудаўнічыя прадпрыемствы. Да таго ж, як тлумачыць Жаэль Руэ з парыскага Інстытуту палітычных дасьледаваньняў, «Беларусь зьяўляецца ключавым гульцом на сусьветным рынку калійных угнаеньняў, якога так не хапае Кітаю». Аляксандр Лукашэнка спрабуе атрымаць максымум ад прыватызацыі "Беларуськалію» (адзіны вытворца ў краіне), за які гатовыя пазмагацца кітайцы, расейцы і індыйцы.

Больш за тое, Кітай мае віды і на Ўкраіну. У чэрвені сёлета кіраўнік кітайскай дзяржавы Ху Цзіньтао адправіўся зь візытам у Кіеў для падпісаньня пагадненьня аб «стратэгічным партнэрстве», якога да таго моманту на постсавецкай прасторы ўдастойваліся толькі Расея і Казахстан. «Украіна цікавіць Пэкін вялікімі плошчамі ўрадлівых земляў. Кітай непакоіцца за сваю харчовую бясьпеку, паколькі моцна залежыць ад зьнешніх паступленьняў. Гаворка тут ідзе пра тую самую мадэль, што тычыцца мінэральных і энэргетычных рэсурсаў у Афрыцы», – тлумачыць Жаэль Руэ, падкрэсьліваючы, што« зборка аўтамабіляў у Кітаі зьяўляецца траянскім канём для ўсяго эўрапейскага рынку». Пэкін таксама нацэльваецца на стратэгічныя тэхналёгіі (ядзерныя, авіяцыйныя, абарончыя), якія Ўкраіна змагла захаваць ці нават палепшыць з часу распаду Савецкага Саюзу.

Тым ня менш, Масква да гэтага часу ніяк не адрэагавала на зьяўленьне новага суперніка ў сваёй «зоне ўплыву». Крэмль асьцерагаецца раззлаваць азіяцкага суседа, чыя эканамічная і ваенная моц расьце кожны дзень. Дзьмітры Мядзьведзеў задаволіўся тым, што гэтым летам паспрабаваў аспрэчыць у Пэкіна ролю адзінага пасярэдніка ў перамовах з Кім Чэн Ірам. Аднак удзельная вага Паўночнай Карэі нікчэмна малая ў параўнаньні з важнасьцю эканамічных інтарэсаў ва Ўкраіне і ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG