Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы факт – адзін нямецкі фюрэр, прыйшоўшы да ўлады, старанна абмінаў Ваймар – пабойваўся ценяў Гётэ і Шылера. Усю Нямеччыну абгойсаў уздоўж і ўпоперак, а ў родны горад двух вялікіх паэтаў – ні нагой.

Васісёр пра гэта ведаў і як ніхто разумеў фюрэра. Ён сам быў змушаны штодня прыяжджаць на працу ў свой начальніцкі палац, які знаходзіўся за нейкую паўсотню мэтраў ад дому Паэта. Адчыніўшы вокны, яны маглі б прывітаць адзін аднаго прыязным узмахам рукі альбо нават паразмаўляць паміж сабой.

Але ні вітацца, ні размаўляць не выпадала – Паэт не любіў Васісёра. І Васісёр пра гэта ведаў. Што б ён ні рабіў у сваім палацы за куленепрабівальнымі шыбамі, ён кожную хвіліну памятаў – праз дарогу жыве Паэт, які яго – народнага ўлюбёнца – на дух не пераносіць.

Спачатку Васісёр пасылаў да Паэта сваіх даручэнцаў. Абяцаў узнагародзіць найвышэйшым дзяржаўным ордэнам і выдаць поўны збор твораў у залатых акладах. Узамен патрабавалася нямнога – зьмяніць гнеў на любоў. Але Паэт зацяўся і перастаў пускаць даручэнцаў у хату.

Тады Васісёр даў каманду дзяржвыдавецтвам не выдаваць кнігі Паэта. А дзяржаўным радыё і тэлебачаньню – не пускаць яго творы ў этэр. А рэктарам і дырэктарам – не пускаць Паэта на парог школаў і ўнівэрсытэтаў. Адзін дырэктар быў заікнуўся пра навучальныя праграмы па літаратуры, пра заўсёднае жаданьне вучняў сустракацца з Паэтам, пра заплянаваную творчую вечарыну… “Скажы – прарвала трубу і ўсё адмяні!” – з выглядам знаўцы ўсіх на сьвеце каналізацый запатрабаваў Васісёр…

Аднак Паэт і гэтым разам не паддаўся. Знаходзіліся няўлоўныя выдаўцы, якія на саматужных друкарскіх варштатах накшталт скарынаўскіх выпускалі ў сьвет Паэтавы кнігі. Выходзілі яны мізэрнымі накладамі, але людзі пазавучвалі вершы напамяць, дэклямавалі на патаемных сходках і распаўсюджвалі ў сеціве. Апошнім часам афарыстычна-хлёсткія чатырохрадкоўі Паэта пачалі зьяўляцца на сьценах дамоў, і сталічныя камунальнікі не маглі справіцца з сотнямі паэтычных графіці. Іх саскрабалі і замалёўвалі, але штораніцы зьяўляліся новыя – часам палітычна-пазнавальныя і ад таго яшчэ больш крамольныя.

Аднойчы Васісёр прыехаў на працу і проста на фасадзе свайго начальніцкага палаца прачытаў:

Сядзіць з карэлай мордай –
Ня мае чым адмыць.
А морда хоча гордай
І незалежнай быць.

Калі ўзмакрэлы ад страху галоўны сталічны камунальнік уласнаручна саскроб са сьцяны надпіс, пад ім, як сярэднявечны палімпсэст, праступіў другі, тэкст якога тут жа быў дакладзены Васісёру:

Я ва ўсім дэмакрат прынцыповы,
За дзяржаву жыцьцё пакладу.
А супроць беларускае мовы
Нават з Гітлерам разам пайду!

Пад абодвума чатырохрадкоўямі стаяла імя Паэта. Васісёр тэрмінова сабраў дзяржаўных ідэолягаў, тупаў нагамі, пырскаў сьлінай і патрабаваў неадкладна пакараць крыўдзіцеля.

Ад ідэолягаў пасыпаліся прапановы: пасадзіць пад хатні арышт бяз права пісаць, чытаць і размаўляць; зрабіць падкоп пад дом Паэта і пусьціць яму ў кватэру нэрвова-паралітычны газ; прасіць братнюю Расею аднавіць адзін зь лягероў на Калыме і выслаць Паэта туды…

Ідэолягаў спыніў начытаны Рэдактар, які рэдагаваў галоўную васісёрскую газэту. Ён з дасьведчаным выглядам дастаў з партфэля і паклаў на начальніцкі стол звычайны вучнёўскі сшытак. На вокладцы лёгка прачытваўся выведзены вялікімі літарамі загаловак: “СКАЗ АБ НЕЗВЫЧАЙНАЙ ЭПІДЭМІІ Ў СТАРАЖЫТНАЙ ТУТЭМІІ”.

“Галоўны герой гэтай паклёпніцкай паэмы – Васісёр!”, – зычна, па-вайсковаму адрапартаваў начытаны Рэдактар. “Хто-хто?”, – разгублена перапытаў Васісёр, гартануў сшытак і прачытаў услых:

Я думаў: эх, каб мець уладу!
Я б кожны дзень ішоў на грэх!
Я б гэх! – і кожнай па акладу!
І па акладу – кожнай! – гэх!..

Васісёр пасьпешліва загарнуў сшытак і спадылба зірнуў на начытанага Рэдактара, яўна чакаючы і ад яго прапановаў, што рабіць з Паэтам. Але начытаны Рэдактар ня прагнуў хуткай расправы. Ён расказаў гісторыю пра аднаго маскоўскага правадыра, якога моцна абразіў у сваім вершаваным памфлеце мясцовы паэт. І як мудры правадыр пашкадаваў паэта-цёзку, напісаўшы дзе трэба рэзалюцыю: “Ізаляваць, але захаваць”. Ізаляваны, але захаваны паэт доўга ламаў галаву над нечаканай і загадкавай літасьцю правадыра, а потым зь вялікай удзячнасьці прысьвяціў яму хвалебную оду. Так бы мовіць, клін – клінам, а слова – словам… І тут жа быў схоплены і зьнішчаны, ператвораны ў лягерны пыл.

Гісторыя спадабалася Васісёру – ён паважаў моцных фюрэраў і правадыроў, любіў спасылацца на іх у сваіх публічных выступах.

Абачлівы начытаны Рэдактар, каб у выпадку чаго ня трапіць у лік прыхільнікаў Паэта, нахіліўся да вуха свайго начальніка і канфідэнцыйна паведаміў, што Паэт, аказваецца, ня толькі вершы і паэмы піша. Ён сьпіць і сьніць, як ва ўсіх сумежных дзяржаваў адхапіць чым паболей зямлі, бо лічыць яе сваёй… Але Васісёр ад такой яўна блажной навіны адмахнуўся, як ад назойлівай мухі.

З таго часу Васісёр страціў сон, апэтыт і спакой. Ці праводзіў нараду ў сваім начальніцкім палацы, ці ўзнагароджваў мэдалямі даярак і аграномаў, ці прымаў з рапартамі міністраў, – ён час ад часу касавурыўся ў акно на суседні дом і прыслухоўваўся. Ці рыпіць Паэтава пяро па паперы? Што ён піша – чарговую сатыру ці доўгачаканую оду? З кім размаўляе? А калі маўчыць – то пра што?

Паэт перад сваім юбілеем за ўласную пэнсію пачаў выдаваць збор твораў. Кожны новы том раней за аўтара ліхаманкава прачытваў Васісёр – усё шукаў хвалебнай оды. Але яе ўсё не было, і палац ізноў апаноўвала насьцярожлівая цішыня.

Небясьпечны сусед стаў невытлумачальным чынам перашкаджаць Васісёру кіраваць краінай. Прымае банкіра ці амбасадара – а ў вачах Паэт стаіць. Падпісвае важныя дакумэнты – а перад вачыма мільгацяць насьценныя графіці.

І таму, калі настаў юбілейны для Паэта дзень, Васісёр зь лёгкай душою зьехаў на Дажынкі – галоўнае ў Тутэміі сьвята.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG