Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МВФ папросяць 7 мільярдаў. Але ці дасьць?


Сёньня пачалася восеньская сэсія Палаты прадстаўнікоў (перадапошняя для дэпутатаў цяперашняга скліканьня). У дэпутатаў вострых пытаньняў да міністраў, як звычайна, не было. Затое такія пытаньні зьявіліся ў журналістаў.

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, адказваючы на пытаньне журналістаў пра вызваленьне былога кандыдата ў прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса, адзначыў, што гэта ня ёсьць рэакцыяй на патрабаваньні Эўразьвязу:

"Гэта не азначае, што мы займаемся выкананьнем патрабаваньняў некага. Мы займаемся выкананьнем уласных законаў. У краіне прымаюцца рашэньні, якія сыходзяць з уласных патрэбаў".

Міністр Мартынаў таксама падкрэсьліў, што Беларусь не спыняе свайго ўдзелу ва "Усходнім партнэрстве". Хаця ён чарговы раз паскардзіўся, што гэтай праграме не хапае канкрэтыкі.

Такая заява гучыць таму, што Беларусь інакш за іншых удзельнікаў "Усходняга партнэрства" глядзіць на гэту праграму, адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў:


Андрэй Фёдараў

"Афіцыйны Менск не цікавілі тыя патрабаваньні, якія вылучаў Брусэль наконт правоў чалавека, дэмакратычных рэформаў і г. д. Цікавіла толькі эканамічнае супрацоўніцтва і пэўныя ад яго выгоды. Так што тут ранейшая палітыка застаецца гэткай самай.

Што тычыцца Вуса, то цяжка сказаць, якія былі меркаваньні, калі прымалі рашэньне яго выпусьціць. Мне падаецца, што патрабаваньні Эўразьвязу таксама былі ўлічаны".

Другую важную заяву, дарэчы, таксама ў журналісцкім асяродзьдзі зрабіў намесьнік міністра фінансаў Беларусі Ўладзімір Амарын. Яна тычыцца дачыненьняў з Міжнародным валютным фондам, чыя місія 4 кастрычніка пачне працу ў Менску. За два тыдні экспэрты МВФ зробяць сваю ацэнку эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. "Магчыма, пасьля гэтага мы пяройдзем у фазу разгляду магчымасьці выдзяленьня новага крэдыту для Беларусі" – сказаў Уладзімер Амарын:

"Гэта будзе новая праграма. Паводле іх ацэнкі, жорсткая. Можа, нават больш жорсткая за праграму з Антыкрызісным фондам, якую мы цяпер выконваем".

Леанід Заіка

"Даваць Беларусі чарговы крэдыт са сродкаў МВФ у дадзены час было б злачынствам" – лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка. І тлумачыць, чаму:

"Таму што на працягу 8 месяцаў было бачна як непрафэсійна, прымітыўна і спалохана выглядалі ўлады. За гэты час рубель дэвальваваўся ў 2,5 разы. Манэтарная палітыка была тупіковай. Ды і ўся эканамічная палітыка выклікае вялікія сумневы. Таму беларускаму ўраду грошы даваць нельга".

Беларусь разьлічвае прыцягнуць да 7 мільяярдаў. даляраў ЗША крэдыту ад МВФ, паведаміў Уладзімер Амарын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG