Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія апазыцыйныя і грамадзкія актывісты ў рэгіёнах сутыкаюцца зь перасьледам на працы і вучобе. З праявамі ціску і дыскрымінацыі нярэдка даводзіцца мець справу і сем’ям палітычна актыўных грамадзянаў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

«Помста ўлады дакацілася нават да жонкі»

«Сям’я выдаўца й рэдактара крычаўскай незалежнай газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага засталася без афіцыйнага прыбытку. З жонкай, настаўніцай, не падоўжылі працоўны кантракт у мясцовым ліцэі, а сам журналіст ня можа знайсьці сабе ў раёне працы.

Жонка Сяргея Няроўнага Тацяна Лейбуціна адпрацавала ў ліцэі № 4 райцэнтру дзесяць гадоў. Чаму адміністрацыя навучальнай установы не пажадала падоўжыць працоўных адносінаў, настаўніцы не патлумачылі. Сама яна лічыць, што кіраўніцтву ліцэю намякнулі, каб яе звольнілі:

«Закончыўся кантракт — усё, ты нікому не патрэбны»

"Той кіраўнік, які трывала стаіць ля стырна свае арганізацыі, дык ён можа тады адстаяць любога работніка, калі ён яму патрэбны. А калі не, то зразумела, калі быў намёк, то ён прыбярэ лепшых, каб толькі захаваць сваё крэсла. Настолькі цяпер няўдзячная праца ў дзяржаўнай галіне, бо ты наагул залежыш ад кантракта. Закончыўся кантракт — усё, ты нікому не патрэбны«,— тлумачыць прычыны звальненьня Тацяна Лейбуціна.

Дырэктар ліцэю Міхаіл Міхайлаў настойвае, што звольнілі настаўніцу Лейбуціну менавіта па сканчэньні кантракту, іншых прычынаў няма.

Міхайлаў: «Палітычных матываў тут няма ніякіх».

Карэспандэнт: «Яна працавала кепска? Былі заўвагі, прэтэнзіі былі да працы?»

Міхайлаў:
«Заўвагі па парушэньні працоўнай дысцыпліна — гэта ж сур’ёзныя заўвагі. Яна спазьнялася на працу».

Карэспандэнт: «А замену ці знайшлі ёй?»

Міхайлаў: «Нам людзі не патрэбныя больш. Патрэбы ў іх няма»

Знайсьці працу Тацяна Лейбуціва па спэцыяльнасьці ў раёне ня можа. Атрымлівае дапамогу як беспрацоўная — 70 тысяч рублёў. 500 тысяч «гародніннай» дапамогі атрымаць ня можа. У сям’і адзін непаўналетні хлопец.

Сяргей Няроўны таксама ня мае сталага прыбытку. Усьлед за звальненьнем жонкі атрымаў паведамленьне з падатковай інспэкцыі. Патрабуюць ад журналіста дэклярацыю аб даходах і маёмасьці за два гады. Сяргей Няроўны тлумачыць:

Сяргей Няроўны

«Гэта ўсё зьвязана з выхадам газэты „Вольны горад“, якая вельмі крытыкуе ўладу. І помста ўлады нават дакацілася да жонкі. Я ж заўсёды хадзіў на выбары. У дэклярацыі я ставіў нулі. Вось на гэтыя нулі зьвярталі ўвагу выбарцаў. А цяпер і жонка не працуе. „Дык за што ж вы жывяце?“. Заявіць, што я нядобрасумленны журналіст, палітык — вось на што яны разьлічваюць надалей».

ВІЦЕБШЧЫНА

Увесь першы месяц вучобы студэнт адчувае сябе «на кантролі».

Віцебскі актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Усевалад Жураўлёў на пачатку гэтага навучальнага году апынуўся перад пагрозай адлічэньня з тэхналягічнага ўнівэрсытэту.

Усевалад Жураўлёў

Другакурсьніка зьбіраліся адлічыць за ўдзел у акцыях маўклівага пратэсту: пасьля адной зь іх яго затрымалі, адправілі на «суткі», а потым судзілі. Такім чынам ён прапусьціў тры дні практыкі, і літаральна некалькі гадзінаў не пасьпеў адпрацаваць да 1 верасьня. Гэта й стала падставай для адлічэньня. Аднак хлопцу з дапамогай праваабаронцаў удалося абараніць сябе:

«За мяне і куратар заступіўся, і яшчэ адзін мой выкладчык. Ня ведаю, што там здарылася, але калі б мяне выключалі, то давялося б выключыць яшчэ колькі людзей. Можа, яны паглядзелі, калькі сярод іх „платнікаў“, дык і вырашылі гэтага не рабіць.Але хто іх там ведае ».

Падстава для выключэньня — вымушаны прагул за «суткі» і суд — была відавочна «палітычная», кажа Ўсевалад. Ён добра вучыцца: сярэдні бал вышэйшы за 8,5. Тым ня менш, увесь першы месяц вучобы ён адчувае сябе «на кантролі» з боку адміністрацыі:

«Ціск ёсьць: увесь час спрабуюць „падлавіць“ на розных момантах. То наконт паленьня на тэрыторыі ўнівэрсытэту, то вось з калгасам… Я „на бульбе“ прапусьціў адзін дзень, бо дрэнна пачуваўся, дык мяне адразу выклікалі ў дэканат. Але — паглядзім!»

«Няхай ён у БНФ, і яшчэ дзе хоча. Галоўнае, каб ён быў не бальшавік!»

У абласным цэнтры шмат людзей з апазыцыйнымі поглядамі, і адстойваць сваё права на працу ці вучобу ім крыху лягчэй. У рэгіёнах сытуацыя іншая: «апазыцыянэраў» апасаюцца браць на працу.

З 2008 году так і ня змог уладкавацца на працу старшыня Гарадоцкай суполкі партыі БНФ, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Леанід Аўтухоў:

Леанід Аўтухоў

«Мясцовы ксёндз папрасіў мяне дапамагчы будаваць касьцёл у Гарадку. І я ўжо тры месяцы яму дапамагаю, зараз дах крыю. А на дзяржаўнае прадпрыемства ўладкавацца немагчыма. Я падыходзіў да ксяндза, ці не дапаможа ён мне ўладкавацца хоць на якую працу ў Польшчы. Дык ён кажа:

«Навошта ў Польшчы, дапамажы мне тут!» І тое на яго ўжо ўлады нашы ціснулі. Але ён сказаў: «Няхай ён у БНФ, і дзе хоча! Галоўнае, каб ён быў не бальшавік!»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Ва ўладаў існуюць сьпісы, паводле якіх апазыцыянэраў забаронена браць на працу…»

Беспрацоўныя апазыцыйныя актывісты лічаць, што на працу па сваёй спэцыяльнасьці ім не ўладкавацца да тае пары, пакуль у краіне будзе кіраваць гэты рэжым.

Юры Істомін

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін згадвае, што апошняя афіцыйная праца ў яго была яшчэ напачатку 2000-ых гадоў у незалежнай газэце «Біржа інфармацыі». Пасьля таго, як улады зачынілі газэту, працы ня стала.

Нягледзячы на тое, што ў Юры Істоміна юрыдычная адукацыя, на працу ў Горадні з таго часу ён уладкавацца нідзе ня мог, нават у камэрцыйных фірмах. Ратуе ў многім тое, што працуе жонка, а яму даводзіцца перабівацца выпадковымі заробкамі.

Юры Істомін кажа, што падобная сытуацыя і ў іншых апазыцыйных актывістаў. Ад гэтага церпяць сем’і, не заўсёды стае сродкаў на тое, каб набыць неабходныя рэчы дзецям.

Істомін: «Я афіцыйна не магу ўладкавацца на тэрыторыі Горадні, паколькі ва ўладаў існуюць „чорныя сьпісы“ такіх сябраў апазыцыі, якія бяруць актыўны ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці. Нас не прымаюць на афіцыйную працу па спэцыяльнасьцях, якія мы маем».

Актывісту, у якога трое дзетак, адмаўляюць у працы, хаця ён мае вышэйшую адукацыю і адпаведны досьвед.

Алег Рамашкевіч

Алег Рамашкевіч з Вялікай Бераставіцы распавядае, што яшчэ цяжэй апазыцыянэрам даводзіцца ў раённых гарадках, дзе наагул цяжка знайсьці нават нейкую падпрацоўку. Афіцыйна ён не працуе ўжо больш як 10 гадоў, хаця мае вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, скончыў курсы бугальтара, мае досьвед у сыстэме аховы працы.

Спадар Рамашкевіч згадвае, як даводзілася абіваць уладныя кабінэты і адзін час начальства зьлітасьцівілася і дазволіла працаўладкавацца ў «Белдзяржстрах». Але доўга там не працярпеў, паколькі заробак складаў ня болей за 200 тысяч рублёў, а ў яго трое дзетак.

Рамашкевіч: «Дзе прыходзіцца зарабляем: гаспадарку трымаем, гарод, трусоў гадуем, бо дзецям трэба нешта есьці. Другое яшчэ пытаньне, што і навокал заробак малы — 600 тысяч зарабляюць рабочыя ПМК. Вельмі цяжка жыць стала ў правінцыйных гарадках, ужо нават маральна стала цяжка. І з людзьмі нашымі цяжка, калі ведаеш, што яны ўсе такія няшчасныя, нічога ня могуць дабіцца, толькі ходзяць і кланяюцца».


ГОМЕЛЬШЧЫНА

Хто застаецца, той змагаецца

Андрусь Цянюта

У грамадзкага актывіста з Гомеля Андруся Цянюты, які два дні таму выйшаў з ізалятару пасьля 10 сутак арышту й галадоўкі, сёньня пачалася ўстановачная сэсія ў Гомельскі дзяржаўным унівэрсытэце імя Ф. Скарыны.

Андрусь стаў студэнтам-завочнікам па спэцыяльнасьці «Правазнаўства»:

«Факультэт у мяне правазнаўчы, вучуся на юрыста. На мой погляд, веданьне законаў у грамадзкай справе амаль што галоўнае».

Андрусь лічыць, што і міліцыянты, і судзьдзі, якія караюць актывістаў за грамадзкія справы, не трымаюцца законаў, а дзейнічаюць па загадах «зьверху». Сам актывіст, напрыклад, раздаваў улёткі пра Народны сход 8 кастрычніка, і быў схоплены спэцназам і пакараны судом Чыгуначнага раёну паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 — парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньне масавага мерапрыемства:

«Міліцыянты й судзьдзі нават ня могуць прыдумаць нейкай іншай прычыны.. Проста банальна парушаюць заканадаўства гэтым артыкулам 23.34 аб масавых мерапрыемствах. Проста ігнаруюць беларускае ж заканадаўства, якога павінны прытрымлівацца».

Зьміцер Шаўчэнка

2 кастрычніка на волю з ізалятару выйшаў гомельскі грамадзкі актывіст, бацька дваіх дзяцей, 36-гадовы Зьміцер Шаўчэнка. Ён сядзеў у ізалятары 15 сутак за распаўсюджваньне ўлётак пра «маўклівую» акцыю пратэсту. І таксама галадаваў. Жонку Зьмітра выклікалі на гутарку ва ўправу КДБ, раілі паўплываць на мужа. Аднак Шаўчэнка не зьбіраецца адмаўляцца ад грамадзкай дзейнасьці:

«Сэнс маёй дзейнасьці ў тым, каб у народа адкрыліся вочы. Проста трэба мяняць форму праўленьня. Абсалютная манархія ў век нана-тэхналёгіяў — гэта сьмешна й сумна адначасова».

«Затрымалі, зьбілі, зламалі нагу, а пасьля абвінавацілі ў лаянцы…»

Кастусь Жукоўскі

За кратамі ў гомельскім ізалятары знаходзіцца зараз актывіст кампаніі «Наша альтэрнатыва» Кастусь Жукоўскі. 21 верасьня пры затрыманьні яго зьбілі спэцназаўцы, зламалі нагу, а пасьля абвінавацілі ў лаянцы й супраціве міліцыі. Пагражалі забіць самога й дачку.

Судзьдзя Чыгуначнага раёну Марына Дамненка пакарала Жукоўскага 15 суткамі арышту. Кастусь у турме галадае, на нагу яму наклалі гіпс.

Раман Усьціменка, пакараны 30 суткамі арышту й 770-тысячным штрафам за ўдзел у «маўклівых» акцыях пратэсту, часова зьехаў зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG