Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: раман з Готлянду


Кажуць, назву вострава Готлянд можна перакласьці, як “Божая зямля”. Ва ўсякім разе, для нас, хто піша па-беларуску, яна сапраўды часова рабілася райскай мясьцінаю, дзе ў цяперашнія часы пагарды да беларушчыны ты трапляў у спакойную гавань, пісаў за сталом зь відам на мора. З тэкстаў тых з нас, хто пабываў у Вісбю ў Балтыйскім цэнтры пісьменьнікаў і перакладчыкаў, можна было б скласьці кніжку. Яны прыблізна аднолькавыя тэматычна, але кожны аўтар капаў на сваю глыбіню. Часам зьдзівісься: нехта выкарыстоўваў час, каб хадзіць па Готляндзе на доўгія адлегласьці, нават яму пачыналі рабіць заўвагі — чаму ня піша? Усё ж месца ў доме творчасьці даецца менавіта для літаратурнай працы.

Кропка пастаўленая, але


Дакладна праз год — дзень у дзень, як пачаў на востраве пісаць раман, я паставіў кропку. Гэта не азначае, што больш нічога рабіць ня трэба. Проста будынак стаіць, дах ёсьць, але вокны, дзьверы, каміны, грубкі, кандэлябры, — гэтага яшчэ няма. Я менш засяроджваўся на зьмесьце вострава, хаця напісаў таксама эсэ, як вярнуўся. Але галоўным было “нарасьціць мяса”, чым паболей зрабіць.

Можна азірнуцца: Готлянд, пра які мараць пісьменьнікі, вось ён — пад крылом самалёта… Пісаць у абарончых сьценах Старога гораду, які ў сьпісах сусьветнай спадчыны. На вежах нядрэмная варта, каб ты спакойна пісаў, каб часова ня меў патрэбы вастрыць меч, каб не чакаў уначы раптоўнага звону, а сьцены не зашугалі трывожнымі сполахамі запаленых паходняў.
Захад сонца на Готляндзе

“Готлянд” — зьмеціў нядаўна раман з такой назвай, хапіўся за кніжкай, усьведамляючы, што гэта зусім ня тое, чаго мне хочацца. Разгарнуў, сапраўды: кніжка сучаснага аўтара пра Чэхію, як зямлю “Карэла Гота”.

На Готляндзе я шукаў кніжку на якой даступнай, хутчэй на ангельскай мове. На жаль, не, усё па-швэдзку. Праўда, у бібліятэцы знайшоў такую і сёе-тое зь яе ўзяў. Аднак легенда наконт каралеўскага дому, які захаваўся ў Вісбю, якой я вельмі парадаваўся і выкарыстаў, аказалася фальшыўкай. Вось жа, у Рызе такую ж распавядаюць: каб атрымаць пляц пад дом і заплаціць грашы, нехта сказаў, што хопіць кавалка памерам са шкуру цяляці, а потым раскроіў яе на шнуры, зьвязаў разам і акрэсьліў кола. Напэўна на Балтыцы, у ганзейскіх гарадах існаваў тады своеасаблівы жарт.

“Раманешты”


Васіль Аксёнаў называў раман любоўна-іранічна, на а-ля румынскі лад —“раманешты”. Вялікі тэкст — вялікія высілкі, рэгулярная праца. Калі ён жыў у Штатах, то ранкам абавязкова сядаў за пісьмовы стол, пазьней ехаў ва ўнівэрсытэт чытаць лекцыю. Так, каб не перапыняцца, уставаць трэба ў пяць, шэсьць, часам у чатыры гадзіны, каб да працы нешта пасьпець зрабіць.

Жывеш раманам, унутры яго, як, напрыклад, калі ствараюць фільм, спэктакаль, гэта азначае, што апроч звычайнага жыцьця ты яшчэ адначасова маеш уяўнае, якое сам выдумляеш. Ня ведаю, можа сьледчы ці судзьдзя, яны таксама думкамі жывуць адмежак часу ўнутры “справы N”, але хіба можна гэта параўноўваць з творчасьцю? Усё робіцца па лякалах, як на “фабрыцы раманаў”, хаця часам штось незвычайнае здараецца: Раскольнікаву нешта іншае перашкодзіць ці, наадварот, паспрыяе, але ўсё роўна ўціснуць падзею неабходна ў зацьверджаныя рамкі. Мне, канечне, могуць нагадаць, што існуюць яшчэ прыклады сапраўдных творчых актаў — пісаць сымфонію, карціну, крэсьліць архітэктурны праект і чакаць яго ўвасабленьня. І правілы жанру, якія дапамагаюць і муляюць адначасова.

Некалі ў маім дзёньніку зьявіўся адчайны запіс: “Закапваюся, адчуваю, са сваім раманам. Нібыта ўвесь час прыдумваеш новыя моманты, але рэальна корпаесься, топчасься на месцы, быццам накідаеш у кош з коптурам скамечаныя паперкі, разгарнуць якія, расчытаць, спарадкаваць пачынае здавацца немагчымай справай”.

Але мінаюць месяцы і можна ўжо запісаць наступнае: “Застаецца праца ўнутры раману, чарнавая, разгортваньне падрыхтаваных “пэт-бутэлек”, апроч таго, што асноўная частка гатовая — толькі стылістычная праўка, рэдагаваньне”.

Для каго?


Зразумела, што пытаньне — пісаць ці не, а калі пісаць, то навошта? — зусім не абстрактнае. Нямала людзей былі б ня супраць гэта зрабіць. Але навошта? А калі жыць, зарабляць на жыцьцё калі? З раманам, кнігай, кожны вырашае для сябе сам. Урэшце напісаць раман — гэта тое ж самае, што пасадзіць дрэва, пабудаваць нешта вартае. Або, скажам, адрэстаўраваць царкву ці паставіць помнік.

Існуе такі адказ: для самога сябе раман. Ня ў сэнсе, што нечытэльна для іншых, з мудротамі, што будзе толькі для цябе асабіста цікава, як чытача, не, проста ты хочаш гэта адказна рабіць, у тваім разуменьні, як табе гэта бачыцца.

Раман — гэта паглыбленьне ў сябе, у свой сьвет і ў той, які творыш адначасова: з высілкамі, каб ён быў разнастайным, цікавым перш для цябе самога. Падарожжа да самога сябе, калі краявіды навокал, экзотыку прыдумваеш, уяўляеш, ствараеш сам. Будуеш сваю вежу паводле ўласнага праекту, чарцяжа, собскае дойлідзтва, hand made. Хаця, калі гэта будаваньне ўнутранае, то болей будзе нагадваць капаньне і вымуроўваньне студні альбо вежы, якая нагадвае студню ў неба.

А што Архан Памук?


Любы вядомы аўтар таксама задумваецца над сэнсам і зьместам працы, як і пачатковец. Архан Памук, напрыклад, гаворыць “аб працэсе напісаньня кнігі як аб звычцы”, “пісаньне раманаў мяняе чалавека”, кажа ён.

Сур’ёзная літаратура зьяўляецца, калі займацца ёю становіцца нявыгадна, таму кніга — гэта ўчынак, сьцьвярджае адзін расейскі эмігранцкі аўтар. Значыцца маем шанец, пісаць на маргінальнай мове нявыгадна адназначна. Але проста мы яе любім, для нас гэтага дастаткова.

“Насамрэч усе раманы пісаць цяжка, і так і павінна быць. Калі вы не адчуваеце пякельных пакутаў, пакуль пішаце, магчыма, вы проста недастаткова стараецеся”, Майкл Канінгэм, амэрыканскі празаік.

“Раман пішацца для сябе, гэта сьвідравіна, якую аўтар сьвідруе ў сабе у пошуках сябе ж. У гэтым і заключаецца цудоўны драматызм прыгоды —раман ня можа быць закончаны, у ім ёсьць пачатак, але няма канца”, кажа адзін расейска-эстонскі празаік. Хіба што не паспрачаешся, адно хацелася б ня толькі кропку паставіць, але й закончыць “пад ключ”.
XS
SM
MD
LG