Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх настаўнікаў і да крызісу былі нізкія заробкі. З гэтай прычыны абітурыенты неахвотна ішлі ў педагагічныя універсітэты, а ў многіх школах не хапала кваліфікаваных педагогаў. Ва ўмовах крызісу праблемы яшчэ больш абвастрыліся.

Гэтую праблему сёньня, напярэдадні Дня настаўніка, дасьледавалі рэгіянальныя карэспандэнты Свабоды.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Бяз годнага заробку няма й павагі

Цяпер, калі рэальныя заробкі ў бюджэтнікаў істотна зьнізіліся, многія школьныя пэдагогі мусяць проста выжываць.

Малады настаўнік з Рэчыцкага раёну кажа, што дапрацуе ў школе два абавязковыя гады прымусовага разьмеркаваньня — і будзе спрабаваць знайсьці іншую працу, з годнай аплатай, бо немагчыма на настаўніцкі заробак утрымліваць сям’ю:

«Нагрузка ў мяне 25 гадзінаў — амаль паўтары стаўкі. Стаўка — 18 гадзінаў на тыдзень. Мне было налічана мільён 100 тысяч. Але гэта плюс яшчэ й прэмія за тое, што я дапамагаў з рамонтам абсталяваньня. А так было б меней. Шмат хто зь лепшых настаўнікаў шукае сабе іншую працу, у іншых месцах. Проста людзі пераходзяць на іншыя спэцыяльнасьці, дзе больш годны заробак. Я й сам думаю дапрацаваць, скончыць гэты год і шукаць іншую працу».

Як нядаўні выпускнік Гомельскага дзяржунівэрсытэту суразмоўца кажа, што прэстыж настаўніцкай прафэсіі й годнасьць аплаты відаць нават з колькасьці ахвочых вучыцца на філёлягаў, гісторыкаў, біёлягаў:

«Пра годнасьць заробкаў настаўнікаў можна меркаваць і па тым, які конкурс на той жа філялягічны факультэт. Напрыклад, сёлета на беларускую філялёгію на 40 месцаў ва ўнівэрсытэт было пададзена 39 заяў. Ды ў пэдагагічным унівэрсытэце імя Танка — па-мойму, там таксама недабор ідзе».

Былая настаўніца ангельскай мовы і гісторыі з Гомеля Ларыса Шчыракова лічыць, што стаўленьне да настаўнікаў у грамадзтве памянялася ў адмоўны бок і з прычыны неадпаведнай аплаты іх працы, і з-за паніжэньня іхняга адукацыйнага ўзроўню і нават маральных якасьцяў. Гаворка ідзе ня толькі, напрыклад, пра тое, што настаўнікі, мужчыны і жанчыны, кураць на вачах у школьнікаў:
Фактычна рукамі настаўнікаў робяцца фальшаваньні выбараў розных узроўняў.

«Вельмі часта ў школах знаходзяцца выбарчыя ўчасткі, дзе сябры камісій — настаўнікі, а дырэктары — кіраўнікі. Фактычна рукамі настаўнікаў робяцца фальшаваньні выбараў розных узроўняў. Натуральна, што ня ўсе сябры камісіяў ведаюць пра гэтае махлярства. Але старшыня, сакратар камісіі ведаюць, як рэальна адбываюцца выбары. Памятаю, у нас была такая размова. Нас дырэктарка сабрала і сказала: вось мы будзем праводзіць выбары, вы ўсё разумееце, вы дарослыя людзі. Не сказала наўпрост, у якія гульні мы гуляем, але дала нам зразумець, што ўсе мы пастаўленыя ў такія ўмовы й змушаны падпарадкоўвацца гэтым незаконным загадам».

У Добрускім раёне ня так даўно былі дзьве школкі зь беларускамоўным навучаньнем — Уцеўская й Ленінская. Цяпер не засталося ніводнай.

Апавядае былая настаўніца пачатковых клясаў зь вёскі Вуць Клаўдзія Варанец:

«Яшчэ наша школа была зь беларускай мовай навучаньня, я тры выпускі зрабіла. А потым адна настаўніца захацела, каб яе дзіця вучылася на рускай мове. Кажа: паступаць трэба ў навучальныя ўстановы, а там навучаньне на рускай мове — будзе цяжка. Паразмаўляла зь іншымі бацькамі, а іншым бацькам усё адно, і перайшла наша школа на расейскую мову».

ВІЦЕБШЧЫНА


Дзяўчына катэгарычна адмовілася працаваць у школе, хаця зь дзяцінства марыла стаць настаўніцай

Сёлетняя выпускніца Віцебскага дзяржунівэрсытэту Марына зь дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Яе бацькі пагадзіліся на платнае навучаньне, каб толькі мара дачкі споўнілася. І на апошнім курсе Марына пайшла працаваць у вясковую школу, каб зарабіць колькі грошай ды паспытаць настаўніцкага хлеба. Вынік атрымаўся непрадказальны.

Праз паўгода дзяўчына катэгарычна адмовілася працаваць па спэцыяльнасьці, хоць у школе яе дужа прасілі застацца:

«Школа была далёка ад дому: мне з гораду даводзілася езьдзіць у вёску. А праезд нікому не кампэнсавалі — дабірайся хоць на самалёце, хоць як заўгодна, але ў 8:15 мусіш быць на месцы. Міжгароднім аўтобусам атрымлівалася па 6 тысяч у дзень».
Ты ня вучыш дзяцей, а запаўняеш толькі паперкі-паперкі-паперкі.

Працуючы на поўную стаўку з улікам усіх надбавак, наўрад ці ўдалося б зарабіць больш за 800 тысяч, падлічыла Марына. Чацьвёртую частку заробку аддаваць за дарогу — проста немэтазгодна. Дзяўчына адмовілася ад настаўніцкай кар’еры яшчэ й таму, што за такія малыя грошы даводзілася ня столькі займацца навучаньнем дзяцей, колькі вырашаць іншыя праблемы:

«Другая прычына — гэта дзеці, якім цяпер нічога не патрэбна. І мала цікавага, калі ты імкнесься іх чамусь навучыць, а ў галаве ў іх нешта іншае… Я спрабавала выхоўваць, запісвала заўвагі ў дзёньнік, нават выганяла з клясы. Але назаўтра — усе па новай! Такім чынам, у цябе цалкам загружаны ўвесь дзень, пасьля школы — сшыткі ды пляны, і яшчэ шмат непатрэбнай пісаніны. Ты ня вучыш дзяцей, а запаўняеш толькі паперкі-паперкі-паперкі».

Дарэчы, скардзіцца аршанская настаўніца Валянціна Іванаўна, паперу ды іншыя канцылярскія тавары даводзіцца набываць з таго самага невялікага заробку:

«А яна — 70 тысяч пачак! Усё набываем самі! З паперамі дасталі ўжо. Вось як лекар сядзіць і піша, а пры ім хворы, якога ён не пасьпявае лячыць, так і ў нас тое самае. А зь дзецьмі ж трэба размаўляць, кантактаваць… У нейкіх гімназіях, можа, заробкі іншыя, а ў нашай звычайнай школе дзеці лепей за настаўнікаў апранутыя! А што: калі боты ўжо каштуюць паўтара мільёна, то ці можа гэта сабе дазволіць настаўніца з заробкам 800 тысяч ці мільён? Жабрацтва, адно слова!».

Валянціна Іванаўна лічыць, што заробак у настаўніка павінен быць нашмат вышэйшы — каб яго паважалі ў грамадзтве ды каб ён сам сябе мог паважаць:

«Калі муляр атрымлівае 3–3,5 мільёна, дык я мільёнаў 6–8 плаціла б, каб настаўнік мог сам сябе паважаць! Мая суседка працавала на чыгунцы, калі сыходзіла на пэнсію, ёй далі 5 мільёнаў. Калі чалавек сыходзіць на пэнсію зь нейкага заводу ці фабрыкі, дык яму прадпрыемства і на гародніну грошы дае, і да прафэсійных сьвятаў. А ў нас што? Нічога! Канцэрт да Дня настаўнікаў у ДК. Можа, „дзякуй“ скажуць, а могуць яшчэ й не сказаць! Вось і ўсё!».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Бюракратыя і паказушнасьць разьядаюць школу…

Настаўнікі на Гарадзеншчыне сьцьвярджаюць, што адказнасьць за дзяцей нават па-за школай цяпер таксама легла на іх плечы, а вось статус настаўніка ў дзяржаве — вельмі нізкі.

Мне пашчасьціла размаўляць з настаўнікамі, якія сапраўды адданыя сваёй прафэсіі, што на сёньняшні дзень рэдкасьць. Малады спэцыяліст, спадарыня Вольга, распавяла сваю гісторыю.

Па разьмеркаваньні яе паслалі працаваць у Ашмяны. Жыльлём маладога спэцыяліста не забясьпечылі, далі тэлефоны, дзе могуць здаваць кватэры, а пазьней прапанавалі пакойчык у інтэрнаце на траіх, у якім, да ўсяго, трэба зьмяніць падлогу, купіць мэблю і ўсё астатняе.

Праўда, мая суразмоўніца ўвесь час імкнецца гаварыць пра навучальны працэс, пра тое, што ў школе больш увагі аддаецца арганізацыйным мерапрыемствам, а не самой вучобе: паездкі, конкурсы, алімпіяды, часам нават не хапае вольных клясаў, дзе можна правесьці заняткі.

Спадарыня Вольга ня скардзіцца на цяжкасьці, але за год працы добра зразумела, што большасьць часу настаўнік вымушаны траціць на непатрэбныя паперкі і справаздачы, замест таго, каб рыхтавацца да ўрокаў:

«Ты пастаянна некаму нешта павінен аднесьці: аднаму расклад, другому плян і справаздачу. Толькі здаў плян, у цябе ўжо патрабуюць іншы, потым пра гэты плян справаздачу напісаць, і вось так…».

Настаўніца з 30-гадовым стажам, спадарыня Любоў, кажа, што школа вельмі зьмянілася за апошнія гады. Мала таго, што яе забюракратызавалі паперкамі і справаздачамі: на настаўнікаў, зь яе слоў, цалкам усклалі адказнасьць за вучняў, нават калі яны знаходзяцца па-за школай.

Са слоў спадарыні Любові, працуючы на паўтары стаўкі з клясным кіраўніцтвам, настаўнік можа зарабіць трохі больш за мільён, а як паглядзіш на сёньняшнія кошты ў краме, то хочацца плакаць.

Але самае страшнае, зь яе слоў, тое што дзеці на ўроках з шмат якімі тэмамі папросту знаёмяцца, а не вывучаюць іх, бо на гэта адведзена мала часу, праграма перапоўнена заідэалягізаванымі дысцыплінамі. Спадарыня распавядае, што многія яе калегі даўно пакінулі працу настаўніка і кажуць, што зажылі па-іншаму:

«Але вось такі нонсэнс. Кожны год у траўні я зьбіраюся кінуць школу, бо ўсё надакучыла ўжо да сьмерці і расчараваньне суцэльнае, але 1 верасьня, як той баявы конь, зьбіраюся і іду на верасьнёўскую лінейку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG