Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За рэабілітацыю асуджаных анархістаў сабрана 600 подпісаў


Ігар Аліневіч ніводнага разу не званіў дамоў з Наваполацкай калёніі. Мікалая Дзядка пакаралі за парушэньне дысцыпліны пасьля адмовы падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Аляксандар Францкевіч так і не атрымаў працы ў Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы». Яўген Васьковіч больш як 5 разоў сядзеў у карцэры.

У беларускіх турмах утрымліваюць 6 актывістаў анархісцкага руху, асуджаных за напады на афіцыйныя будынкі з палітычных матываў. Ігар Аліневіч, Аляксандар Францкевіч і Мікалай Дзядок сядзяць у турмах паводле прысуду, вынесенага Заводзкім судом Менску. У гэтым судзе разглядалася справа аб нападзе на амбасаду Расеі, акцыі пратэсту каля Міністэрства абароны і нападзе на ізалятар на Акрэсьціна. Яшчэ тры актывісты пакараныя на 7 гадоў кожны за напад на будынак КДБ у Бабруйску. Гэта Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамолатаў. Як яны адбываюць пакараньне?

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч, які атрымаў найбольшы тэрмін — 8 гадоў, адбывае яго ў Наваполацкай калёніі. Аліневіча дакладна год таму затрымалі ў Маскве, прывезьлі ў Менск і да суду трымалі ў СІЗА КДБ разам з удзельнікамі падзеяў 19 сьнежня. Некалькі дзён таму Ігар Аліневіч адзначыў у турме 28-ы дзень народзінаў. 30 верасьня маці вязьня Валянціна Аліневіч атрымала ад яго ліст пасьля больш як двухтыднёвага маўчаньня. Жанчына адзначае, што званкоў ад сына ўвогуле ні разу не было:

«Пра сваё жыцьцё піша вось што. Магу зачытаць зь ліста, я ж яго паўсюль з сабой нашу. «У апошнія дні атрымаў шмат лістоў і паштовак. Сказаць, што іх было шмат — нічога не сказаць. Дзень народзінаў я адзначыў вельмі прыстойна. Са згушчонкі і каржоў зрабілі два тарты, лепшыя, чым у краме. А раніцай мяне павіншавалі ў нашай сэкцыі — я вельмі расчуліўся».

А як ставіцца адміністрацыя калёніі да анархіста Аліневіча? Маці вязьня кажа, што сыну чамусьці не задаволілі заяву на доўгатэрміновае спатканьне. У вязьня хворае сэрца, але гэта за кратамі ня ўлічваецца, мяркуе Валянціна Аліневіч. Жанчына распавяла, што Менскі гарадзкі суд і прэзыдыюм суду адхілілі касацыйную скаргу на прысуд, і цяпер яны рыхтуюць скаргу ў Вярхоўны суд.

Мікалай Дзядок
Студэнт ЭГУ Мікалай Дзядок атрымаў паводле прысуду 4 з паловай гады, але віны сваёй не прызнаў. Сядзіць Мікалай у калёніі «Магілёў-15». Бацька вязьня Аляксандар Дзядок распавёў, што сына ўгаворвалі напісаць заяву аб памілаваньні, але ён адмовіўся:

«І пасьля гэтага — ня ведаю, ці гэта неяк зьвязана — яго пакаралі за парушэньне формы адзеньня. Потым была атэстацыя асуджаных, і яго прызналі вязьнем, які ня стаў на шлях выпраўленьня. І таму, магчыма, перавядуць у іншы атрад».

Аляксандар Францкевіч
Прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні і Аляксандру Францкевічу, які асуджаны на 3 гады за тое, што здымаў на відэа акцыі сваіх аднадумцаў-анархістаў. Трымаюць Францкевіча ў калёніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі, дзе знаходзіцца палітвязень, маладафронтавец Эдуард Лобаў. Маці Францкевіча Тацяна распавяла:

«Ужо даўно ад яго нічога няма. У апошнім лісьце пісаў, што іх з Эдуардам выклікалі і прапаноўвалі напісаць прашэньні, але яны адмовіліся. Больш пасьля гэтага чамусьці няма лістоў і званкоў».

Яўген Васьковіч
З трох анархістаў, асуджаных за напад на Бабруйскі КДБ, найбольш цяжкае становішча ў Яўгена Васьковіча, які сядзіць у Магілёўскай калёніі № 15. Гэтак мяркуе праваабаронца, журналіст Аляксандар Ярашэвіч:

«Вядома, што ён адмаўляецца выконваць іх загады, называе турэмны рэжым фашыстоўскім, і таму 5 ці нават 6 разоў трапляў у турэмны ізалятар. Яму пагражае новы тэрмін, як было з Дашкевічам».

Паводле Аляксандра Ярашэвіча, сваякі асуджаных анархістаў сабралі больш за 600 подпісаў пад пэтыцыяй аб прызнаньні актывістаў вязьнямі сумленьня, іх вызваленьні і рэабілітацыі. Пэтыцыя адрасаваная палітычным партыям і праваабарончым арганізацыям Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG