Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрытульны БНФ


У сакратара ўправы партыі БНФ Сержука Семенюка правялі ператрус у сувязі з крымінальнай справай аб хуліганстве, распачатай супраць яго і яшчэ двух партыйных актывістаў. Ператрус адбыўся напярэдадні 1 кастрычніка, калі партыя БНФ мусіць пакінуць арандаванае памяшканьне на патрабаваньне ўласьніка. Кіраўніцтва партыі мяркуе, што гэтыя падзеі зьвязаныя між сабой.

Двое супрацоўнікаў міліцыі распачалі ператрус, калі самога Сержука Семенюка не было дома. Калі гаспадар зьявіўся на паведамленьне сваякоў, яму патлумачылі, што ператрус адбываецца ў межах крымінальнай справы за "хуліганства, учыненае групай асобаў". Гаворыць Сяржук Семянюк:

Сяржук Семянюк

"Вельмі фармальна ўсё глядзелі. Бачна было, што іх паслалі зрабіць ператрус, але асаблівай мэты не паставілі. Забеглі на кухню, узялі нейкую міску, апісалі яе і сказалі, што забіраюць, каб праверыць, ці ня гэтым прадметам наносіліся ўдары. Але ўсё рабілася фармальна, бо, паводле справы, у нас у руках нічога не было і шукаць таксама не было чаго".

Крымінальная справа супраць актывістаў партыі БНФ Сержука Семенюка, Алеся Каліты і Максіма Губарэвіча была распачатая паводле інцыдэнту, які здарыўся неўзабаве пасьля пераезду партыі ў новы офіс на вуліцы Крапоткіна, 93. Актывісты спрабавалі суцішыць ахоўніка будынка, які быў нападпітку і, паводле іхных слоў, чапляўся да людзей. А неўзабаве яны даведаліся, што за гэта і самі трапілі пад крымінальны перасьлед. У рамках крымінальнай справы ператрус адбыўся таксама ў доме Алеся Каліты. Сяржук Семянюк мяркуе, што іх справа не крымінальная, а палітычная:

"Абсалютны сюррэалізм: з кожным сьледчым дзеяньнем мы даведваемся ўсё новыя абставіны, паводле якіх ужо блёк-бастэр можна зьняць. Апісваюцца такія дзеяньні, якіх у звычайным жыцьці быць ня можа. Гэта за вушы прыцягнутая, абсалютна палітычная справа. І ператрусы гэтыя праводзяцца незаконна, бо ў нас няма чаго шукаць".

Неўзабаве пасьля інцыдэнту ўласьнік памяшканьня, куды пераехала штаб-кватэра партыі БНФ, запатрабаваў пакінуць арандаваную плошчу да 1 кастрычніка. Прычынай сталася, нібыта, жаданьне прадаць будынак новаму гаспадару. Напярэдадні запатрабаванага высяленьня сытуацыя з арэндай застаецца няпэўнай, але яна зьвязаная з крымінальным перасьледам партыйных актывістаў, кажа лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч

"Не скажу, што дасягнулі канчатковай яснасьці ў гэтым пытаньні, але ўласьнік не намагаецца рэалізаваць сваё пажаданьне, каб мы вызвалілі памяшканьне да 1 кастрычніка. Гэткім чынам, гэтае пытаньне працягвае гучаць. Безумоўна, што адпаведныя дзяржаўныя структуры падключыліся для таго, каб інцыдэнт з нашымі актывістамі скарыстаць у якасьці аргумэнту дзеля высяленьня партыі з таго офісу, які мы знайшлі".

Пры канцы ліпеня партыя БНФ пакінула памяшканьне на былой вуліцы Варвашэні, а цяпер праспэкце Машэрава, якое арандавала цягам 20 гадоў. Гэта было зроблена на патрабаваньне ўладальніка — камунальнай гаспадаркі Савецкага раёну Менску — і пасьля шэрагу судоў, якія сталі на бок дзяржаўнай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG