Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка рэзка скрытыкаваў кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму за няўменьне і нежаданьне працаваць з інвэстарамі.

Калі спраўдзіцца датычнасьць чыноўнікаў да карупцыйных схемаў ды наўмыснага тармажэньня інвэстыцыйных праектаў, то, як прыгразіў кіраўнік краіны, чыноўнікаў чакаюць звальненьні і нават арышты. На перакананьне Лукашэнкі, у замаруджваньні стратэгічных будоўляў вінаватыя ня столькі інвэстары і спасылкі на фінансавы крызіс, колькі неразваротлівасьць ды асабістыя інтарэсы дзяржаўных службоўцаў. Многія прадстаўнікі архітэктурнай супольнасьці пагаджаюцца з гэтымі абвінавачаньнямі.

Па кабінэтах Менгарвыканкаму бадзяюцца блізу 300 інвэстыцыйных праектаў, якім патрабуюцца дзясяткі ўзгадненьняў ад розных клеркаў ды кантрольных арганізацый. Іх сумарны кошт ацэньваецца ў суму каля 15 мільярдаў даляраў. Аднак многія вартыя прапановы, па словах Лукашэнкі, гінуць у кабінэтнай рутыне, не даходзячы нават да стадыі праектнай рэалізацыі.

"Бюракратызм, асабліва ў гарвыканкаме, пышна квітнее. Гэта трэба скаргі
Адну прыбіральню пабудавалі — ідзі па дазвол ...

мне выслухоўваць ад інвэстараў, што тое не зрабілі своечасова, гэта гарвыканкам не дазволіў. Адну прыбіральню пабудавалі — ідзі па дазвол. Другі трэба пабудаваць біятуалет для рабочых — таксама патрэбны дазвол. Ну зацьвердзіце ўрэшце адзін праект і не перашкаджайце людзям працаваць! Зьдзеклівыя адносіны да людзей, валакіта, зацягваньне часу — гэта патрэбна, гэта выносіць, не выносіць... Ды зараз трэба інвэстара абдымаць, цалаваць, вадзіць за руку па Менску, каб ён працаваў. Ён жа валюту вязе сюды! Інтарэс вялікі ня толькі да краіны, але больш за ўсё да Менску. Дык давайце прывабім гэтых людзей, няхай яны ўкладаюць сродкі ў дзяржаву".

Найперш абурэньне Аляксандра Лукашэнкі выклікалі тэмпы рэалізацыі ўжо ўхваленых праектаў, якія ў пэрспэктыве павінны стаць візытоўкамі Менску. У прыватнасьці, гэта будаўніцтва дзелавога цэнтру "Менск-Сіці", жыльлёва-офіснага раёну "Маяк Менску", гатэльных комплексаў на праспэктах Незалежнасьці і Пераможцаў, хмарачосаў на Кальварыйскай і ў гістарычным цэнтры сталіцы. Лукашэнка прывёў прыклад: падчас працы на праекце "Менск-Сіці" на тры дамы чыноўнікі накіравалі інвэстару 500 лістоў. І паіранізаваў, што тыя дамы можна было збудаваць ужо з гэтай паперы.

Доктар архітэктуры, старшыня Беларускага аб'яднаньня архітэктараў і дзеячаў будаўнічай навукі Вальмен Аладаў падзяляе настрой кіраўніка краіны і кажа, што гарадзкіх чыноўнікаў даўно трэба паставіць на месца:

"Мы страшна рады гэтаму і спадзяемся, што пасьля гэтага стан рэчаў нарэшце зьменіцца. Я з вялікім задавальненьнем усё гэта слухаў. Шчыра кажучы, мне пляваць нават на замежных інвэстараў, я хачу, каб было нармальнае стаўленьне да нашых, беларускіх людзей. І вельмі спадзяюся, як раней казалі, на аргвысновы. Калі арганізацыйныя высновы будуць зробленыя, то нешта зьменіцца. Але калі ўсё скончыцца толькі крытыкай, то зноў Васька будзе слухаць ды есьці. Ня толькі я разьлічваю на зьмены — гэта выклікала вялікую радасьць у архітэктурных колах".

Карэспандэнт: "Раней на чыноўнікаў паўзьдзейнічаць было немагчыма?".

"Мы, прынамсі, не змаглі. Вось з новым міністрам Нічкасавым мы знайшлі агульную мову, ён штосьці спрабуе рабіць з нашай дапамогай. А вось усе астатнія — яны неяк самі па сабе варацца. Мы пра гэта ўжо даўно і гаворым, і пішам, але не было ніякіх зрухаў. Можа, хіба цяпер, як да іх прэзыдэнт зьвярнуўся, нешта будзе. Я паглядзеў два разы выступ — вельмі абнадзейвае".

Заслужаны архітэктар Беларусі Юрый Градаў таксама лічыць крытыку на адрас менскіх чыноўнікаў цалкам апраўданай:

"Усё правільна ён крытыкаваў. Канечне, трэба спрашчаць усе працэдуры. Час складаны, трэба неяк больш актыўна варушыцца, трэба, каб мазгі ня толькі былі, але і правільна працавалі. Тыя ж узгадненьні на розных узроўнях патрэбныя — як бязь іх — але ж усё павінна быць у меру".

Карэспандэнт: "Як лічыце, крытыка будзе прынятая да ведама?".

"Пажывем — пабачым, якой будзе рэакцыя. Але рэакцыя проста мусіць наступіць, а як жа інакш? На тое ён і кіраўнік дзяржавы, каб ягоныя даручэньні ўсе ўспрымалі ўсур'ёз. А тое, што крытыка ідзе — дык крытыка толькі на карысьць. У дадзеным выпадку гаворка ўсё ж пра імідж краіны. І ён своечасова накачку даў, бо куды ж далей разгойдвацца — час сыходзіць".

Крытыкуюць адмыслоўцы і спробу гораданачальнікаў, ухваленую Лукашэнкам, вырашыць праблему перанаселенасьці сталіцы коштам перасяленьня менчукоў у гарады-спадарожнікі. Архітэктар Лявонцій Зданевіч лічыць: ідэя мела б сэнс, каб жыльлё ў Смалявічах ці Дзяржынску каштавала ўдвая таньней за сталічнае. Аднак насамрэч будоўля абыдзецца нават даражэй — правядзеньне з нуля новых камунікацый робіць сабекошт нерухомасьці надзвычай высокім. Пры гэтым на працу навасёлы будуць вымушаныя езьдзіць усё роўна ў Менск — у малых гарадах працаўладкаваць такую колькасьць людзей немагчыма:

"Калі ўжо хочацца самымі малымі выдаткамі дасягнуць мэты павелічэньня жыльлёвай плошчы, дык навокал Менску ўжо існуе вялікае мноства
штучна ствараць гарады-спадарожнікі, якія ня маюць адпаведнай падтрымкі, ня мае сэнсу ...

спадарожнікаў — катэджавых пасёлкаў — якія чакаюць маленькага-маленькага ўдзелу дзяржавы, каб яны атрымалі тую мінімальную сацыяльную інфраструктуру, якая ім патрэбна. Бо там ужо за свой кошт людзі парабілі і дарогі, і сеткі інжынэрных камунікацыяў. Вось на гэта трэба ўвагу зьвярнуць кіраўнікам нашай краіны. А штучна ствараць гарады-спадарожнікі, якія ня маюць адпаведнай падтрымкі, ня мае сэнсу. Бо ў такім выпадку трэба думаць паралельна пра школы, пра прадпрыемствы, так? Гэта вельмі складанае пытаньне, і яно не вырашаецца нейкімі ўказамі прэзыдэнцкімі, дырэктывамі. Гэта цэлая сыстэма пытаньняў, надзвычай складаных і няпростых. І я лічу, што гэта кампанейшчына — тое, што зараз робіцца".

Лукашэнка даручыў кіраўніку сваёй адміністрацыі Ўладзімеру Макею да канца наступнага тыдня ў выпадку неабходнасьці "выразаць" Камітэт па архітэктуры і горадабудаўніцтве — пачынаючы ад начальніка і заканчваючы сакратарамі. Па словах Лукашэнкі, туды павінны прыйсьці чэсныя і сумленныя людзі. Як ён заявіў, трэба напалову скараціць бюракратычны апарат, а зэканомленыя грошы падзяліць паміж тымі, хто застанецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG