Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці атрымалі вы, тата і мама, пэнсію? Калі атрымалі, то мы едзем да вас!»


Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі цяпер больш за 2,5 мільёна людзей пэнсійнага веку. Зь іх 590 тысяч жывуць асобна ад сваякоў, а яшчэ 48 тысяч — адзінокія.

Як выжываюць гэтыя людзі ва ўмовах крызісу? Ці застаюцца да сёньня пэнсіянэры электаральнай базай Лукашэнкі? Як ставяцца да ўлады і апазыцыі?

ВІЦЕБШЧЫНА


«Ня ведаю ніводнага прыкладу, каб пэнсіянэры што-небудзь купілі сабе за так званыя прэзыдэнцкія 500 тысяч рублёў»

Атрымаўшы ў верасьні аднаразовую кампэнсацыю памерам 500 тысяч рублёў, віцебскія пэнсіянэры адразу пайшлі па крамах ды кірмашах.

З аднаго боку, яны адчуваюць сябе багацеямі, а з другога — гаротнымі жабракамі, кажа 60-гадовая спадарыня Людміла, якая прыйшла на Смаленскі кірмаш:

«Усе пабеглі, усе прыцэньваюцца — бо далі ж, здаецца, шмат грошай! Асабліва калі двое пэнсіянэраў, дык гэта ўжо цэлы мільён! І я сябе сапраўды адчуваю багацейкай! Хоць гэта не такія вялікія грошы. Во я зараз зайду ў мясны павільён. Дзяўчаты, пачым гэтая сьвінінка? Ясна, 45 тысяч кілё. Купляй — не хачу! Гэта сапраўды вялікі кошт, так што даводзіцца эканоміць, разьмяркоўваць, каб хапіла, што і куды!».

У спадарыні Галіны цяпер гасьцюе дачка, якая жыве ў іншым горадзе. Таму маці хоча наладзіць урачысты абед, на які і пойдзе большая частка «кампэнсацыйных» грошай. І запрасіць на яго дзьвюх пляменьніц, якіх дужа шкадуе:
У мяне значна болей грошай, чым у маладых. Мая адна пляменьніца атрымлівае 600–700 пасьля ўнівэрсытэту, другая — 800–900 тысяч.

«Таму што ў мяне значна болей грошай, чым у маладых. Мая адна пляменьніца атрымлівае 600–700 пасьля ўнівэрсытэту, другая — 800–900 тысяч. Прабачце, у такім выпадку я проста багацейка! Дый у мяне ж няма такіх патрэбаў ужо, як у маладых людзей! Але ж не пра нас гаворка: я з жудасьцю думаю пра маладых людзей. Яны ўсе хацелі б зьехаць! А мы тады што будзем рабіць? Гэта проста катастрофа!».

Пэнсіянэрка з Аршанскага раёну спадарыня Тацяна таксама вымушаная падтрымліваць малодшае пакаленьне. Атрыманыя 500 тысяч яна падзеліць між унукамі і ўжо рыхтуе валізы з харчамі, каб ехаць да дачкі ў Менск:

«Харч вязу: заплечнік — на сьпіну, сумку на колцах. Бульбу, моркву вязу, яйкі, бройлера… У мяне двое ўнукаў, дык во адной завязу 200 тысяч і другой будзе 200 тысяч. Старыя бабы цяпер усё аддаюць унукам ці дзецям, большасьць такіх. Тэлефануюць дзеці-ўнукі: „Ну, ці атрымалі вы грошы? Атрымалі? Тады мы едзем!“. Я ня ведаю, каб нехта сабе што купіў за гэтыя грошы — такое цяпер пайшло жыцьцё!

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Дзякуй Богу, затое бульбу, цыбулю, капусту даў нам»

На Гомельшчыне пэнсіянэрам збольшага ўжо выплацілі па 500 тысяч „бульбяных“ рублёў. У гараджанаў яны й пашлі пераважна на бульбу.

Спадарыня Вера, былы дыплямаваны лекар, кажа, што і ў яе дапамога пайшла на бульбу, але не на тую, што прадаюць калгасы на кірмашах, а на прыватную, з двара вясковага ўласьніка:

„Выплацілі па 500 тысяч. І пайшла заказала бульбу — прывязуць мне, заказала цыбульку сабе — усё прыватнае, зь вёскі. І грошы заплаціла, і прывязуць усё ў суботу мне“.

Былая лекарка з 40-гадовым стажам кажа, што пэнсія ў яе — 800 тысяч. Калі жылі ўдваіх з мужам, было лягчэй. Цяпер — складаней:

„Дзед памёр, засталася адна. Зараз за кватэру заплаціць — ацяпленьне стане даражэйшым, дык харчаваньне будзе скупейшым. Дзякуй Богу, затое бульбу, цыбулю, капусту даў нам“.

Гарадзкая пэнсіянэрка, якая назвалася Антанінай Іванаўнай, лічыць, што «дзяржаўнай падачкі» толькі на бульбу й хапіла. Зь яе, як і з пэнсіі, мяса ня купіш:
Не да мяса. За што можна яго купіць, калі атрымліваеш пэнсію 520 тысяч?

«Пра якое мяса можна гаварыць? Не да мяса. За што можна яго купіць, калі атрымліваеш пэнсію 520 тысяч? Мяса можна купіць? Кавалачак? Зайшла ў краму, паглядзела: мяса мяккае — 50 тысяч, пасечанае — 33 тысячы. Там косьці, сала ды адны плеўкі, а 33 тысячы…».

Пэнсіянэр Іван зь вёскі Клімаўка Гомельскага раёну кажа, што «бульбяную» дапамогу скарыстаў на пакупку курэй, бо тых курэй, якія былі ў гаспадарцы, скралі злодзеі:

«Мне былі патрэбныя курачкі, разумееш. У мяне 7 штук курэй скралі. Дык браў курэй на гэтыя грошы».

Вясковы пэнсіянэр лічыць, што новага годнага кіраўніка для Беларусі пакуль ня бачна, але й Лукашэнку ўжо асаблівага даверу няма:

«Каго б можна было паставіць на месца Лукашэнкі? За каго галасаваць? Я, напрыклад, ня бачу кандыдатуры. Але мне падаецца, што ён пайшоў на павадку ў Расеі: давайце, панімаеш, свабодныя цэны. Яго адурачылі».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Вымяраюць сваю пэнсію вагой лівэркі з субпрадуктаў

Большасьць людзей пэнсійнага веку лічаць, што ў гэты крызісны час засталіся неабароненымі і ўлады іх практычна кінулі на волю лёсу.

Сёньня ў адной з харчовых крамаў пачуў, як прадавачка распавядала сяброўцы, што прыходзяць пэнсіянэры і пытаюцца: «Ці хутка апусьцяцца цэны на харчы, ці могуць адбыцца нейкія зьмены пасьля новага году, бо, маўляў, болей ня вытрываем…».

Зрэшты, дастаткова толькі загаварыць са сталымі людзьмі пра іх жыцьцё — і можна пачуць шчырыя споведзі.

Спадару Івану ўжо за 70, жыве адзін, у краме і на рынку купляе толькі самае таннае, бо пэнсія — усяго 830 тысяч рублёў:

«А што з тае пэнсіі? Атрымаеш 800 тысяч, заплаціш за кватэру, іншае… а пра тое, каб апрануцца ці нешта сабе купіць — няма гаворкі. Толькі каб паесьці што і каб быць не ў даўгу ў дзяржавы».

А вось спадарыня кажа, што хварэе і працаваць ня можа. Маўляў, шанцуе тым, хто на пэнсіі можа яшчэ падзарабляць:
Ды нам усё жыцьцё цяжка даводзілася, простым людзям.

«Ды нам усё жыцьцё цяжка даводзілася, простым людзям. Вось бізнэсмэны пайшлі — яны ў дастатку, а простыя людзі, пэнсіянэры — бядота…».

Яшчэ адна пэнсіянэрка, наракаючы на сваё жыцьцё, кажа, што цяпер найчасьцей згадвае пра тыя часы, калі ў вайну мусіла рабіць на немцаў: «Амаль кожны дзень узгадваю тых немцаў, у якіх я працавала, хоць яны ўжо даўно на тым сьвеце. Я працавала ў гаспадара, мне было толькі 16 гадоў. Яны мяне ня крыўдзілі, разам ела зь імі за сталом усё тое самае, што і яны елі. Працаваць цяжка не прымушалі, бо я была непаўналетняя…».

А вось спадар распавядае, як ён распараджаецца сваёй пэнсіяй:

«Сто кіляграм лівэрнай каўбасы з субпрадуктаў — вось гэтыя 800 тысяч. Калі на месяц, падзяліць на 30 дзён — выйдзе па тры кіляграмы на дзень. Вось, калі ласка: раніцай кіляграм зьеў, у абед кіляграм і на вечар тое самае. Хутка будзеш брахаць, як сабачка: гаў-гаў…».

Праўда, спадар кажа, што ў цяперашняй сытуацыі трэба думаць пра іншае:

«Ратаваць трэба Андрэя Саньнікава — вось што я думаю. А прэзыдэнта мяняць трэба — колькі яшчэ ён будзе сядзець? У такой сытуацыі на Захадзе і прэзыдэнты, і прэм’еры ідуць у адстаўку. Павінны прыйсьці новыя людзі, магчыма, яны зробяць нешта лепшае для нас».

Даведка «Свабоды»

У Беларусі зараз дзейнічае ініцыятыўная група з 700 чалавек, якая абвясьціла пра стварэньне грамадзкай арганізацыі «Наша пакаленьне». У 2006 годзе Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню беларускіх пэнсіянэраў «Старэйшыны». На сёньня сярод 2,5 тысяч грамадзкіх аб’яднаньняў і саюзаў няма ніводнай рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі пэнсіянэраў, якая бараніла б правы менавіта гэтай групы насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG