Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін генпракурор звальняе, другі — аднаўляе на працы


Загадам новага генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка Генадзь Дыско адноўлены на пасадзе пракурора Віцебскай вобласьці. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Генэральнай пракуратуры.

2 жніўня тагачасны генэральны пракурор Рыгор Васілевіч адхіліў Генадзя Дыско ад пасады пракурора Віцебскай вобласьці за неналежнае расьсьледаваньне выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе, адсутнасьць сыстэмнага нагляду за папярэднім сьледзтвам і выкананьнем заканадаўства. Гэта дазволіла злачынцам пазьбегнуць адказнасьці і ў выніку прывяло яшчэ да двух тэрактаў — 4 ліпеня 2008 году і 11 красавіка 2011 году.

А 20 верасьня Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку Рыгора Васілевіча, прызначыўшы новым генпракурорам Аляксандра Канюка. У жніўні гэтага году Генадзь Дыско быў вызвалены ад пасады пракурора Віцебскай вобласьці ў сувязі з расьсьледаваньнем справы пра тэракт у менскім мэтро. Прэтэнзіі да ягонай прафэсійнай дзейнасьці палягалі ў тым, што ён не арганізаваў належным чынам працу па расьсьледаваньні ранейшых выбухаў у Віцебску.

У верасьні 2005 году ў Віцебску прагрымелі два выбухі — на прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Свабоды» і каля летняй кавярні «Эрыдан». Тады некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці. У выбухах вінавацяць ураджэнцаў Віцебску Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава — падсудных у справе пра выбух у менскім мэтро 11 красавіка гэтага году.
XS
SM
MD
LG