Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: «Выпадак зь Бяляцкім – дывэрсія недэмакратычных сілаў»


Міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс выступіў у разьдзеле камэнтароў на інфармацыйным партале delfi.lt з выкладам пазыцыі міністэрства ў справе падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі і ў сувязі з інцыдэнтам з Алесем Бяляцкім.

Апошнім часам чуюцца камэнтары, у якіх выказваюцца сумневы наконт шчырасьці і рэальнасьці літоўскай падтрымкі беларускай апазыцыі. Асаблівыя папрокі камэнтатараў выклікала атрыманьне беларускімі ўладамі з дапамогай падману ад Літвы і Польшчы інфармацыі аб рахунках беларускага апазыцыянэра Алеся Бяляцкага.

Ад імя Міністэрства замежных справаў Літоўскай Рэспублікі я заклікаю пазьбягаць чутак і гаварыць толькі моваю фактаў. А факты сьведчаць вось пра што: Літва не адмаўляецца ад свайго цьвёрдага маральнага абавязку падтрымкі дэмакратычных памкненьняў беларусаў. Апошнімі гадамі наша дзяржава засьведчыла сябе як цэнтар актыўнай барацьбы за будучую дэмакратычную Беларусь.

Вельмі непрыемны выпадак з А.Бяляцкім – гэта сплянаваны выпад недэмакратычных сілаў у адказ на значна павялічаную апошнімі гадамі нашу падтрымку апазыцыйным рухам у Беларусі. Гэты прыкры інцыдэнт – адзіны, а ўстановы Літоўскай Рэспублікі робяць усё, каб максымальна зьменшыць яго адмоўныя наступствы і прадухіліць магчымыя правакацыі ў будучыні.

Мова фактаў (І): пра падтрымку дэмакратыі ў Беларусі

Апошнімі гадамі Міністэрства замежных справаў Літоўскай Рэспублікі як ніколі актыўна дзейнічае ў прасторы эўрапейскай палітыкі Ўсходняга суседзтва і пасьлядоўна падтрымлівае пашырэньне абароны правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Цяпер мы старшынюем ў АБСЭ, пасьпяхова скончылі старшыняваньне ў Дэмакратычнай супольнасьці. А дэмакратычны працэс у Беларусі – адзін з галоўных прыярытэтаў Літвы.

Не бяз нашай падтрымкі якраз сёлета ў Вільні быў заснаваны «Дом аб'яднанай Беларусі – HUB VILNIUS», які ўжо пасьпеў стаць бясьпечным прыстанішчам розных беларускіх палітычных і няўрадавых арганізацыяў. Сваю дзейнасьц у Вільні сёлета пачало і прадстаўніцтва «Freedom House». Беларускія праграмы ў Літве пасьпяхова рэалізуе Міжнародны рэспубліканскі інстытут. Дарэчы, невыпадкова з Кіеву ў Літву абяцае перанесьці сваё прадстаўніцтва і іншая амэрыканская няўрадавая арганізацыя – Нацыянальны дэмакратычны інстытут.

Мы стварылі ўмовы застацца ў Літве журналістцы сайту charter97.org, якую перасьледуюць у Беларусі за яе перакананьні і крытычныя артыкулы. З гэтага году яе арганізацыя атрымала рэгістрацыю і працуе ў Вільні.

Да таго ж, якраз у 2011 годзе мы ўдвая павялічылі нацыянальныя сродкі, якія выдзяляюцца Беларусі па праграме разьвіцьця супрацоўніцтва і падтрымкі дэмакратыі. Мы таксама надалей падтрымліваем траставы фонд, які адмініструе працу ЭГУ, удзельнічаем у нефармальных міжнародных каардынацыйных нарадах донараў па Беларусі.

Мова фактаў (ІІ): пра інцыдэнт з А.Бяляцкім

2 лютага сёлета ведамствы Рэспублікі Беларусь падманным шляхам скарысталіся дваццацігадовай практыкай юрыдычнага супрацоўніцтва прававых установаў, каб атрымаць і выкарыстаць у палітычных мэтах інфармацыю пра грашовыя сродкі А.Бяляцкага ў банках, што дзейнічаюць на тэрыторыі Літвы. Звычайнае юрыдычнае пытаньне ператварылася ў беспрэцэдэнтны палітычны пракол, і Міністэрства замежных справаў, як толькі было пра гэта паінфармаванае, адразу зрабіла ўсе неабходныя захады. Ацэньваючы гэты выпадак, я хачу падкрэсьліць дзьве дадатковыя акалічнасьці.

Па-першае, як толькі мы даведаліся пра выпадак з А.Бяляцкім, мы дамагліся, каб абмен інфармацыяй быў спынены. А самому Бяляцкаму мы неадкладна паведамілі пра ўзьніклую сытуацыю і параілі яму застацца ў Літве. Нягледзячы на гэта, ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У сваю чаргу мы, паважаючы гэтае ягонае рашэньне, цяпер выкарыстоўваем усе магчымасьці, каб дапамагчы і яму, і ягонай сям'і, і арганізацыі «Вясна».

Мы таксама зьвярнуліся ў Дэпартамэнт міграцыі ЛР зь ініцыятывай уключэньня ў нацыянальны сьпіс візавых забаронаў 18 беларускіх службоўцаў, непасрэдна датычных да перасьледу Бяляцкага. Я ня раз заклікаў беларускія ўлады вызваліць Бяляцкага; з ініцыятывы Літвы тое самае ў Хельсынкі зрабілі і міністры замежных справаў Балтыі і Скандынавіі.

Нагадаю, што падобных інцыдэнтаў, зьвязаных з аказаньнем прававой дапамогі, не пазьбеглін і суседнія краіны. Таму паралельна мы зрабілі і адпаведныя папераджальныя крокі на ўзроўні Эўразьвязу. З маёй ініцыятывы пытаньне аб узмацненьні аховы асабістых дадзеных на ўзроўні ЭЗ мы цяпер абмяркоўваем з краінамі-партнэрамі па Эўразьвязе і з установамі ЭЗ. Таксама ініцыяванае ўключэньне ў сьпіс эўрапейскіх візавых санкцыяў беларускіх афіцыйных асобаў, зьвязаных зь перасьледам Бяляцкага і праваабарончага цэнтру «Вясна».

Па-другое, у сытуацыі, калі аўтарытарны рэжым Лукашэнкі апынуўся перад пагрозай глыбокага крызісу, падобныя правакацыі недэмакратычных сілаў могуць паўтарацца. Літва тут знаходзіцца ў асаблівым становішчы: менавіта Літва ахоўвае зьнешнюю мяжу ЭЗ зь Беларусьсю; менавіта Літва сёньня ўсеагульна прызнаная галоўным эпіцэнтрам сусьветнай падтрымкі дэмакратызацыі Беларусі; дык і натуральна, што менавіта літоўскія ўрадавыя ўстановы могуць стаць галоўнай мішэньню будучых дывэрсіяў.

Нягледзячы на гэта, мы й надалей будзем выконваць місію ўзмацненьня дэмакратыі ў Беларусі, бо з гэтай краінай нас лучаць цесныя чалавечыя, гістарычныя і эканамічныя сувязі. Нашы заатлянтычныя і эўрапейскія партнэры гэта добра разумеюць і ў гэтай канкрэтнай сытуацыі асабліва цэняць адкрытасьць Літвы, яе кансультацыі і шчырыя намаганьні пры вырашэньні інцыдэнту зь Бяляцкім. Таму замест таго, каб самім прыбіваць Літву да крыжа за ўчыненыя Беларусьсю незаконныя дзеяньні, давайце лепш злучым нашы сілы, каб пазьбегнуць такіх правакацыяў у будучыні.

З мэтай забесьпячэньня адпаведнай падрыхтоўкі для іх прадухіленьня, ужо падрыхтаваны і дзейнічае адмысловы мэханізм, які фармалізуе і ўзмацняе кансультацыі іншых ведамстваў зь Міністэрствам замежных справаў. Ён зьвядзе да мінімуму пагрозы Літве і дазволіць лепш чым калі-небудзь раней абараняць законныя дэмакратычныя чаканьні жыхароў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG