Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыю Вусу прызначылі другую групу інваліднасьці


Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў адмаўляецца адбываць пакараньне ў Бабруйскай турме. Экс-кандыдату на прэзыдэнта Дзьмітрыю Вусу прызначылі другую групу інваліднасьці. Палітвязень Зьміцер Бандарэнка сустрэў чарговы дзень народзінаў за кратамі. Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча зьмясьцілі ў адзіночную камэру Глыбоцкай турмы, а ягоны паплечнік Эдуард Лобаў па-ранейшаму адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава цягам дня 29 верасьня могуць перавесьці з Магілёўскай у Бабруйскую турму. Аднак ён адмаўляецца ад этапаваньня, бо апасаецца, што знаходжаньне ў калёніі ў Бабруйску можа пагражаць ягонаму здароўю і жыцьцю. Пра гэта позна ўвечары паведаміў адвакат, кажа жонка палітвязьня Ірына Халіп:

«Позна ўвечары адвакат вярнуўся ад Андрэя з Магілёўскай турмы і паведаміў, што ён напісаў адпаведную заяву на імя начальніка турмы. Але калі яго будуць цягнуць, то, натуральна, ён нічога зрабіць ня зможа. Вось сёньня якраз усё і высьветліцца».

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч пераведзены з Горак у Глыбокае, дзе зьмешчаны ў камэры-адзіночцы. Пра гэта таксама паведаміў адвакат зьняволенага, кажа праваабаронца Наста Лойка:

«Сапраўды існавала пагроза ягонаму жыцьцю, бо адміністрацыя Горацкай турмы пайшла на тое, што настроіла супраць яго іншых зьняволеных. Таму яго і перавялі ў Глыбокае, дзе адразу зьмясьцілі ў адзіночную камэру. Ніякіх скаргаў на адміністрацыю Глыбоцкай турмы ён не выказваў. Гэткім чынам, будзем спадзявацца, што сытуацыя стабілізавалася, адвакат будзе яго наведваць і неяк лепш будзе».

Былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса перавялі з трэцяй на другую групу інваліднасьці. Ад пятніцы ён знаходзіцца ў турэмным шпіталі на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе зь ім сустрэўся адвакат, кажа жонка палітвязьня Яўгенія Вус:

«Яго цяпер вазілі на кампутарную тамаграму мозгу, незразумела чаму, бо Дзіма адчувае сябе больш-менш нармальна. Канваяваў яго сам начальнік турмы і галоўны доктар шпіталю. Сёньня доктар сказаў, што ніякіх зьменаў, пагаршэньня няма. Тады чаму даюць другую групу інваліднасьці? Як доўга ўсё гэта будзе працягвацца, невядома. Я сёньня хадзіла да начальніка СІЗА і прасіла: вы мне яго хоць здалёк пакажыце. Ён адмовіў катэгарычна — нельга і ўсё. Я яшчэ калі выходзіла, то сказала, што дасьць Бог — і ваша жонка яшчэ будзе хадзіць і гэтак жа прасіць».

Зусім няма вестак ад яшчэ аднаго былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча. Апошняе тэлефанаваньне ад яго было 19 верасьня, паведаміў бацька палітвязьня Віктар Статкевіч:

«Ён сказаў мне толькі некалькі словаў, што калі да мяне прыйдуць, каб я не пісаў за яго ніякіх папераў. Сказаў, што патэлефануе мне 25-га раніцай. Я сядзеў чакаў, але ніякага тэлефанаваньня не было. Я вельмі хвалююся за ягонае жыцьцё — ці жывы ён там. Мне толькі вядома, што яму бярвеньнем руку прыціснула. Дык ня толькі руку, але і бок яшчэ. Я ўжо гэтулькі сьлёз выліў, што гэтыя сволачы патанулі б у іх».
Я ўжо гэтулькі сьлёз выліў, што гэтыя сволачы патанулі б у іх.

Свой чарговы дзень народзінаў палітвязень Зьміцер Бандарэнка сустракаў у турме напярэдадні. Жонка Вольга кажа, што ў гэты дзень яна атрымлівала віншаваньні замест мужа. А ён даслаў ліст, у якім выказвае заклапочанасьць лёсам Андрэя Саньнікава, кажа Вольга Бандарэнка:

«Ён у лістах мне пісаў пра Андрэя Саньнікава, бо адчуваў, што нешта дрэннае рыхтуецца. І калі яго і Зьмітра Дашкевіча пачалі пераводзіць, то ён і кажа, што я адчуваў — нешта дрэннае рыхтуецца, бо занадта ўсе заспакоіліся. Улады ніяк ня хочуць быць прыстойнымі — у ролю нягоднікаў як увайшлі, так і застаюцца ў ёй».

З Эдуардам Лобавым — паплечнікам Зьмітра Дашкевіча ў «Маладым фронце», які адбывае зьняволеньне ў турме «Ваўчыныя норы», таксама днямі сустрэўся адвакат, паведаміла маці палітвязьня Марына Лобава:

«Ён паведаміў, што наведвае рэлігійную суполку. Адвакат не ўдакладніла, якую — хутчэй за ўсё, праваслаўную, бо там праваслаўны храм будуецца. Хоць Эдуард і католік, але ксяндзоў у такія ўстановы не пускаюць, таму даводзіцца хадзіць у праваслаўныя. Зараз ад яго адсталі з прашэньнем аб памілаваньні, сказалі падумаць, што ёсьць такая магчымасьць. Канечне, ён і ня думае пісаць, бо ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым».

Як паведаміла Марына Лобава, праз адваката Эдуард падае наглядную скаргу на судовае рашэньне аб сваім зьняволеньні. Разам са Зьмітром Дашкевічам, асуджаным на 2 гады, ён атрымаў 4 гады турмы за, нібыта, хуліганства. Палітвязьні не прызналі сябе вінаватымі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG