Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны за Плошчу экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, якому судом забаронены выезд за мяжу і які цяпер знаходзіцца на саміце Ўсходняга партнэрства ў Варшаве, адрэагаваў на перададзены яму выклік у міліцыю:

"Пра гэтую "радасьць" я ўжо ведаю. Як гэта можа паўплываць? Ці пасадзяць, ці не пасадзяць. Ня хочацца, каб пасадзілі, але ж тут ніхто ня будзе пытацца ў мяне. Мне проста дзіўнавата, што яны пачалі гэта публічна, прыперліся ўвечары, ламацца пачалі ў дзьверы да жонкі, позву перадалі. Маглі б ціха дачакацца, як я прыеду, і арыштаваць. Але нагналі гэтую хвалю. Тут у мяне ёсьць падазрэньне, што яны хочуць, каб я спалохаўся і тут застаўся, таму што гэта такое нармальнае выйсьце для іх. Яны б усіх, ня толькі мяне, у гэтае замежжа выкінулі б і сказалі: ну ўсё, у нас усё добра, апазыцыя наша ў вас там!"

Уладзімер Някляеў зазначыў, што пасьля саміту ён абавязкова вернецца ў Менск і ў панядзелак прыйдзе ў міліцэйскі пастарунак:

"Хай яны не турбуюцца, я буду выконваць гэтую дамоўленасьць. Я прыйшоў да міліцыянтаў, на якіх навязалі нагляд за мной, і сказаў:
я не падпісаў судовы вырак і сказаў, што яго выконваць ня буду ...

"Хлопцы, не хвалюйцеся". Але я не падпісаў судовы вырак і сказаў, што яго выконваць ня буду, бо не прызнаў сваю віну, бо я асуджаны незаконна. Я вольны чалавек, я пачуваю сябе свабодна, маю на гэта маральнае права. Усе ведаюць, што ня толькі мяне, а ўсіх пасадзілі ў турмы незаконна… А тое, што я тут нібыта магу застацца, магу эміграваць, то гэта выключаецца з той простай прычыны, што я не магу застацца тут, калі людзі, ня толькі мае сябры і паплечнікі, а тыя людзі, якія па нашых закліках за нас галасавалі, якія прыйшлі на Плошчу, прайшлі праз пакуты, турмы, страцілі працу. Я павінен несьці адказнасьць за іх, у тым ліку маральную".

Спадар Някляеў прызнаў, што, выяжджаючы ў Варшаву, ён рызыкаваў, але рызыка была апраўданая:

"Калі б гэтая рызыка не была апраўданая, я б не паехаў. Саміт "Усходняга партнэрства" — вельмі істотная падзея, каб не заўважыць, каб не прыняць у ім удзел. Калі б Лукашэнка выканаў тыя ўмовы, па якіх паўнавартасная беларуская дэлегацыя магла быць на гэтым саміце, гэта значыць — выпусьціў да саміту палітвязьняў і зрабіў нейкія крокі да дэмакратызацыі хоць бы Выбарчага кодэксу, то чаго б я паехаў на гэты саміт? Я разумеў бы, што ў такім разе Беларусь на гэтым саміце мела б прэфэрэнцыі, магла б атрымаць нешта істотнае. Але гэтага ня сталася. І гэта ў той сытуацыі, калі нам трэба хапацца за любую саломінку, любы шанец выкарыстоўваць, каб пачаць выбірацца з таго жаху, у якім мы знаходзімся. Хіба гэта сур'ёзная палітыка сур'ёзнага лідэра? Гэта амбіцыі, гэта гонар, гэта пыха, што хачу, тое і раблю".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG