Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На начную акцыю маўклівага пратэсту, якую зьбіраліся правесьці арганізатары з інтэрнэт-супольнасьці "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" па заканчэньні футбольнага матчу БАТЭ — "Барсэлёна", ніхто не прыйшоў. Чаму так сталася і што можа зьмяніцца ў фармаце гэтых акцыяў.

Арганізатары заклікалі людзей пасьля футбольнага матча прайсьці ад стадыёну "Дынама" да Кастрычніцкай плошчы і там папляскаць у далоні. Аднак з гэтай задумы нічога ня выйшла. І справа тут не ў дажджлівым надвор'і, лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

Уладзімер Мацкевіч

"Самі па сабе акцыі пратэсту супраць чагосьці вельмі хутка выдыхаюцца, калі няма зрухаў, калі да іх не прыслухоўваюцца. І галоўнае — калі няма нейкай станоўчай пэрспэктывы — за што?".

Уладзімер Мацкевіч лічыць: трэба канкрэтызаваць пратэст, вызначыць зразумелую і рэалістычную мэту:

"Вось каб у пратэстоўцаў былі сфармуляваныя нейкая тэза, нейкая прапанова, дзеля чаго яны выходзяць на гэтыя акцыі, чаго дамагаюцца. І каб да гэтага была яшчэ пэўная "дарожная мапа", як крок за крокам прасоўвацца. Вось тады б гэтыя акцыі былі і больш матываваныя. Людзі б сталі больш матываваныя. У іх быў бы імпульс ня толькі выйсьці на вуліцу, папляскаць у далоні альбо памаўчаць, але і нешта рабіць і паміж акцыямі.

Таму абавязкова патрэбная станоўчая пэрспэктыва — дзеля чаго, чаго дамагаемся. І гэтая пэрспэктыва павінна стаць ня толькі станоўчай, але і рэалістычнай".

А прафэсар Юры Хадыка лічыць, што пры цяперашнім беларускім рэжыме маўклівыя акцыі становяцца абсалютна бессэнсоўнымі:

Юры Хадыка

"Ну не разумее такі рэжым гэткай мовы. А калі людзі проста зьбіраюцца і ня то маўчаць, ня то мычаць, гэта насамрэч сьмешна. І таму я лічу, што гэтая акцыя памылковая.

Дарэчы, першым ініцыятарам такога актыўнага пратэсту быў Андрэй Клімаў. Ён выходзіў на плошчу і казаў: я ёсьць рэвалюцыя, прыходзьце. Ну дык ён хоць казаў, што я ёсьць рэвалюцыя. А тут нічога не гавораць. І гэта бессэнсоўна. Да рэжыму, які ня мае ніякіх маральных прынцыпаў, такімі сродкамі бессэнсоўна дагрукацца".

Палітык Андрэй Клімаў так тлумачыць няўдачы маўклівых акцыяў:

Андрэй Клімаў

"Людзі ніколі масава ня выйдуць на ананімны заклік. Заўжды за кожным заклікам да грамадзкага пратэсту павінны стаяць канкрэтныя людзі. І: а) ім давяраюць, б) іх ведаюць, в) іх аргумэнты пераканаўчыя. Калі ж гэтага няма, то на акцыі будуць выходзіць толькі тыя, каму ў гэты момант няма чаго рабіць, альбо зь цікаўнасьці. Ну, раз схадзілі, два... На гэтым звычайна ўсё і заканчваецца".

Андрэй Клімаў не выключае, што маўклівыя акцыі пратэсту маглі рыхтаваць спэцслужбы:

"У мяне ўзьнікае падазрэньне — а ці не папа Гапона гэтая вынаходка? Яго падрыхтавалі спэцслужбы, каб вось так хітра выпускаць у паветра пару злосьці і праблем грамадзтва. У людзей ужо накіпела, іх абабралі ўшчэнт. Але яны чуюць, што нехта пратэстуе, праводзіць акцыі, нейкія рухі адбываюцца... І людзі думаюць — за нас нехта працуе".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG