Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель працягвае ігнараваць усясьветныя тэндэнцыі, умацоўваючы свае пазыцыі ў адносінах да замежных валют. Па выніках сёньняшніх таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель яшчэ на 40 пунктаў падрос у адносінах да даляра, зафіксаваўшыся на адзнацы 7650. Умацаваньне — амаль на 1000 рублёў у параўнаньні зь першымі таргамі 14 верасьня. Тым часам улады Беларусі чакаюць яшчэ большага прагрэсу ў справе стабілізацыі нацыянальнай валюты, абяцаючы прыцягнуць пад гэта замежныя крэдыты.

Дзяржаўныя СМІ працягваюць рэтрансьляваць заявы дзяржаўных чыноўнікаў, якія задаволеныя разьвіцьцём падзеяў на валютным рынку. Прадстаўнікі ўраду, Нацбанку, сам Аляксандар Лукашэнка раз за разам паўтараюць, што за два тыдні фінансавыя працэсы ўдалося ўзяць пад кантроль і цяпер важна знайсьці тую "залатую сярэдзіну", якая стане паказьнікам раўнаважнага курсу. Але калі навядзеньне парадку запатрабавала так мала высілкаў, то чаму ўлады нічога не рабілі перад гэтым паўгода? Адказу на гэтае пытаньне дагэтуль ня можа знайсьці колішні міністар эканомікі Беларусі Георгій Бадзей:

Георгій Бадзей

"На гэтае пытаньне ў мяне няма адказу. Мы свае прапановы прыкладна з тым, што зараз робіцца — адкрыцьцём другога рынку — карэспандавалі ў адміністрацыю прэзыдэнта і Раду бясьпекі яшчэ 16 чэрвеня! Гэта наш апошні ліст. Да гэтага былі яшчэ прапановы на выйсьце з сытуацыі ў сакавіку, у траўні, але тады гэта былі, скажам шчыра, парады такога больш эмацыйнага кшталту. Аднак апошняя якраз гаварыла пра неабходнасьць адкрыцьця другаснага рынку, каб потым папрацаваць з улікам попыту і прапановы, пасьля чаго ісьці да адзінага курсу. Там падрабязна быў расьпісаны наш варыянт. Праз 3—4 месяцы нарэшце прыслухаліся. І гэта дрэнна, што было страчана столькі часу".

Пасьля сёньняшніх таргоў практычна выраўняліся курсы дадатковай сэсіі і той, што выстаўляюць камэрцыйныя банкі: 7650 рублёў за даляр на біржы і максымальная велічыня ў 7600 у бальшыні абменных пунктаў. І калі ў гэтым фінансавым сэктары абяцаная раўнавага амаль дасягнутая, то афіцыйны курс Нацыянальнага банку толькі набліжаецца да 5600. Як кажа экспэрт фінансавай галіны Ягор Канюкоў, у які бок будуць скіроўвацца рынкавы і адміністрацыйны паказьнікі — прадбачыць нескладана:

"Я магу сказаць, што буйныя імпартэры, якія маюць патрэбу ў валюце, асабліва тыя, якія крыху больш прасунутыя і больш інфармаваныя, яны
як мінімум да канца кастрычніка Нацбанк будзе апускаць і апускаць курс ...

глядзяць у вочы прэзыдэнту і ўсё накручваюць на вус. Той сьцьвярджае, што даляр будзе падаць. І яны чакаюць, пакуль ён упадзе канчаткова. Яны глядзяць у вочы Надзеі Ермаковай, якая гэтаксама запэўнівае: выйдзем на адзіны курс да канца кастрычніка. Ну, яны і думаюць: добра, мы пачакаем. Значыць, яшчэ як мінімум да канца кастрычніка Нацбанк будзе апускаць і апускаць курс. На маю думку, да "вілкі" 7000—7500. Гэта можа быць 7250, можа быць 7320 — варыянты самыя розныя".

Пры гэтым многія экспэрты абураюцца: як фармуецца будучы раўнаважны курс — грамадзтву ніхто не тлумачыць. А значыць, па-ранейшаму няма ніякай пэўнасьці, якую карціну наведнікі абменных пунктаў убачаць празь дзень ці два — будзе расьці рубель ці, наадварот, пачнуць умацоўвацца замежныя валюты? Як кажа аналітык Раман Касьціцын, улады ня хочуць афішаваць мэханізмы фінансавай палітыкі:

праца з інфармацыяй, з мас-мэдыямі — на сёньняшні дзень адна з найважнейшых для ўладаў ...

"Шчыра кажучы, я ня бачу асаблівых зьменаў што да нядбайнага стаўленьня да інфармацыі і грэбаваньня элемэнтарнымі законамі. Канечне, шанец выкараскацца ёсьць заўсёды, але толькі ня ў вакуўме, не ў прасторы, закрытай ад грамадзкасьці. Таму праца з інфармацыяй, з мас-мэдыямі — на сёньняшні дзень адна з найважнейшых для ўладаў. Бо ўсе транзакцыі — яны збольшага самі сабой адбываюцца, а вось асэнсаваньня важнасьці інфармацыйнага складніка з тлумачэньнем працэсаў у нас, на жаль, няма. Альбо няма разуменьня, альбо няма волі да гэтага. Колькі ж трэба яшчэ атрымаць непрыемнасьцяў, каб гэта нарэшце зразумець?".

Дзяржаўныя чыноўнікі працягваюць запэўніваць, што хвалявацца за сытуацыю ў фінансавай сфэры ня трэба. Віцэ-прэм'ер Сяргей Румас напярэдадні заявіў, што цягам агляднай будучыні золатавалютныя рэзэрвы дзяржавы істотна папоўняцца. Па яго словах, фактычна завершаныя перамовы адносна крэдыту ад расейскага "Сбербанка" ў памеры 1 мільярд даляраў празь "Беларуськалій". Аптымістычныя прагнозы ў чыноўніка і наконт атрыманьня другога траншу крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС — 400 мільёнаў даляраў на дадатак да раней атрыманых 800 мільёнаў. Нібыта на фінішную прамую выходзяць перамовы адносна продажу "Газпрому" астатніх 50% акцый газатранспартнага прадпрыемства "Белтрансгаз"; таксама "Газпром" нібыта цікавіцца гарадзенскім "Азотам".

Як зьвяртаюць увагу спэцыялісты, уся абяцаная дапамога наўпрост залежыць ад палітычнай волі Крамля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG