Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Варшаве міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі і камісар у правах чалавека Рады Эўропы Томас Хамарбэрг сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Зь беларускага боку ў спатканьні ў МЗС Польшчы ўзялі ўдзел Уладзімер Някляеў, Анатоль Лябедзька, Рыгор Кастусёў, Юрась Губарэвіч, Сяргей Калякін ды іншыя, а таксама сваякі палітвязьняў: сястра Андрэя Саньнікава Ірына Багданава ды жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

У часе прэсавай канфэрэнцыі па спатканьні міністар Сікорскі заявіў, што “стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі будзе дакладна такім, як стаўленьне беларускіх уладаў да апазыцыі”.

“Ніякай гульні, ніякага гандлю палітвязьнямі ня будзе. Патрэбна адно: павага нармальных эўрапейскіх стандартаў, што тычыцца стаўленьня да сваіх грамадзянаў і асабліва прадстаўнікоў апазыцыі”.

У такім выпадку, паводле Сікорскага, “Польшча будзе першай краінай, якая зробіць усё, каб Беларусь атрымала як мага больш шчодры пакет дапамогі ад Эўразьвязу”:

“Няхай сьведчаньнем гэтага будзе невялікі першы крок з боку Польшчы: мы дэкляруем пералічэньне 1 мільёна эўра ў адмысловы фонд Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку на карысьць Беларусі”.

Кіраўнік польскага МЗС пацьвердзіў, што на саміце афіцыйны Менск будзе прадстаўляць амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак, які “зможа ўзяць удзел ува ўсіх мерапрыемствах саміту”. Сікорскі казаў таксама пра запалохваньне беларускімі ўладамі Ўладзімера Някляева напярэдадні саміту, на што экс-кандыдат адказаў, што перасьледу не баіцца:

“Я лічу сябе вольным чалавекам, якога асудзілі незаконна. Таму не зьбіраюся выконваць ролю злачынцы, якога зь мяне хоча зрабіць дзяржава Лукашэнкі”.

Адносна чаканьняў апазыцыі ад саміту "Ўсходняга партнэрства" старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў:

“Наша мэта – стварэньне моцнай кааліцыі, у якую ўвайшлі б прыхільнікі пераменаў у Беларусі і міжнародная супольнасьць дзеля рэалізацыі трохкрокавай стратэгіі”.

Тры крокі – гэта вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў, правядзеньне выбараў паводле стандартаў АБСЭ, а тады апошні: фінансавая і эканамічная дапамога Беларусі.



Сястра Андрэя Саньнікава Ірына Багданава на пытаньне, што б яна хацела перадаць праз тэлебачаньне Аляксандру Лукашэнку, заявіла:

“Гэта чалавек, які незаконна займае сваю пасаду, таму зьвяртацца да яго, прасіць аб нечым мы не зьбіраемся. Нашы сваякі таму і сядзяць у турмах, што ані ня хочуць прасіць нічога, ані зьвяртацца да чалавека, які ня мае права знаходзіцца там, дзе ён знаходзіцца”.

Сёньня каля 22 гадзіны паводле менскага часу заплянавана таксама сустрэча беларускіх апазыцыянэраў з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG