Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Бялініс: У Беларусі апазыцыя пастаўленая ва ўмовы дысыдэнцтва


Літоўскі палітоляг Лаўрас Бялініс у камэнтары на інфармацыйным партале delfi.lt разважае над мэтазгоднасьцю ўжываньня тэрмінаў «апазыцыя» і «дысыдэнты» ў беларускім грамадзка-палітычным кантэксьце.

Пытаньне істотнае, бо бальшыня літоўскіх палітыкаў, пачынаючы прэзыдэнткай і канчаючы знаўцамі «з народу» не задумваюцца, што паміж катэгорыямі апазыцыі і дысыдэнцтва існуе вялікая розьніца. Што гэта – неразборлівасьць прэзыдэнткі і яе каманды або сьвядомае ўвядзеньне грамадзтва ў зман (складаны палітычны манэўр)?

У краінах з аўтарытарным рэжымам не бывае цалкам легальнай і ясна інстытуцыяналізаванай апазыцыі. Мы можам угледзець пэўныя намёкі на апазыцыю ў беларускім парлямэнце, калі пры галасаваньні або абмеркаваньні нейкага законапраекту ці прэзыдэнцкага рашэньня знаходзяцца палітыкі, якія выяўляюць сумнеў або асьцярожна выказваюць адрозную думку.
У краінах з аўтарытарным рэжымам не бывае ясна інстытуцыяналізаванай апазыцыі.

Гэтыя палітыкі становяцца тым зачаткам апазыцыі, які мы бачым у Літве кожны дзень і падчас дэбатаў у Сойме, і ў палітычным жыцьці грамадзтва, дзе тыя, хто не належыць да ўладнай большасьці выказваюць іншае, часам кардынальна супрацьлеглае разуменьне праблемаў і патрабуе ад уладаў інакшых рашэньняў.

У Беларусі, дзе меркаваньне і воля аднаго чалавека становіцца законам, апазыцыя ніяк інакш ня можа выказвацца легальна. Таму гэтая дзяржава і называецца аўтарытарнай. Таму немэтазгодна і небясьпечна да такіх дзяржаваў стасаваць паняцьці, выкарыстоўваныя ў дэмакратычных краінах, а тым больш укладаць у іх зьмест, характэрны толькі для дэмакратычных працэсаў – у дэмакратычных і аўтарытарных дзяржавах функцыі апазыцыі адрозьніваюцца ў сваёй сутнасьці. У краінах з аўтарытарным рэжымам апазыцыя – гэта хутчэй не інстытуцыяналізаваная сіла (як гэта ёсьць, напрыклад, у палітычнай сыстэме Літвы), яна можа выяўляцца толькі ў дзейнасьці дысыдэнтаў, якія сьвядома абіраюць гэты шлях, усьведамляючы ўсе наступствы сваёй дзейнасьці: іх дзяцей выключаюць з унівэрсытэтаў, іх саміх звальняюць з працы, перасьледуюць, зьбіваюць і г. д. і да т. п.

Таму сапраўдная апазыцыя існуючай уладзе ў рэжымах такога тыпу як Беларусь сёньня часьцей за ўсё выконвае функцыю вестуна, непазьбежна асуджанага на нелегальнае або паўлегальнае існаваньне – яны выказваюцца так, як могуць гэта рабіць у рэальных умовах забаронаў і палітычнага ціску, гавораць пра рэжым, усяляк дэманструюць заганы рэжыму, і што самае галоўнае – выносяць інфармацыю пра Беларусь за межы дзяржавы.

Зь іншага боку, беларуская апазыцыя, змушаная да стану дысыдэнцтва, выконвае і функцыю незалежных СМІ
Калі б не дысыдэнцкая дзейнасьць апазыцыі, усе б ужо даўно забыліся пра Беларусь.

– у краіне не існуюць ніякія альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі (пашырэньне інтэрнэту ў рэгіёнах невялікае), дык прадстаўнікі апазыцыі часам езьдзяць у вёскі і расказваюць людзям, што ўсё можа быць інакш. Адным словам, яны выконваюць сваю функцыю і, думаю, усе цудоўна разумеюць, што ў выпадку пераменаў, кіраваць краінай, магчыма, будуць не яны. Аднак сваю функцыю яны напэўна выканаюць. Калі б ня гэтая дысыдэнцкая дзейнасьць апазыцыі, усе б ужо даўно забыліся пра тую Беларусь.

І яшчэ адна думка, якая мяне непакоіць – як прэзыдэнтка (або яе каманда) не разумее, што ў выпадку дзяржаваў з рэжымам беларускага тыпу гаварыць пра грамадзянскую супольнасьць – гэта проста дэманстраваць сваю некампэтэнтнасьць. Усе, хто выяўляе хоць нейкую актыўнасьць (нават калі б гурткі аматараў пляценьня пачалі арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы і прыцягваць усё больш людзей) і мае патэнцыял гуртаваць людзей, у такіх дзяржавах у вачах улады становіцца апазыцыяй, імі адразу пачынаюць цікавіцца спэцслужбы, за імі назіраюць, іх запалохваюць. Таму рабіць выразны падзел паміж грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй некарэктна і палітычна памылкова.

І яшчэ адзін аспэкт: прэзыдэнтка згадала пра расейскія грошы, зь якіх фінансуецца ўся беларуская апазыцыя. Думаю, што расейскія або крамлёўскія грошы, магчыма, трапляюць у пэўныя апазыцыйныя групы ў Беларусі.
Рабіць выразны падзел паміж грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй некарэктна і палітычна памылкова.

Але агулам вінаваціць усю апазыцыю было б памылкова і несправядліва, калі тыя дысыдэнты сядзяць у турмах, зьніклі бязь вестак і ніякімі грашмі іх ужо не ўратуеш. Зь іншага боку, ці не тымі самымі «легендамі» маніпулявалі і ў часы Саюдзісу, калі прасавецкая прапаганда цьвердзіла, што ўсе ўдзельнікі Саюдзісу фінансуюцца Вашынгтонам і нават удзельнікі дэманстрацыяў атрымліваюць па дзесяць даляраў? Вось жа, каманда прэзыдэнткі мелася б са значна большай адказнасьцю і пэўнасьцю выкладаць прэзыдэнтцы сваё прафэсійнае разуменьне сытуацыі. Інакш прэзыдэнтка і надалей будзе дазваляць сабе дэманстраваць неразборлівасьць у тэрмінах замежнай палітыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG