Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў у Варшаве, а яго тэрмінова выклікаюць у Ленінскае РУУС


Экс-кандыдата ў прэзыдэнты, лідэра кампаніі "Гавары праўду!" Ўладзімера Някляева выклікалі ў Ленінскі РУУС Менску ў 12 гадзін. Патрабаваньне палітыку зьявіцца ў пастарунак зьмешчана ў позве для Някляева, якую супрацоўнікі міліцыі ўручылі яго жонцы Вользе ўвечары 28 верасьня, калі зьявіліся на кватэру Някляевых.

Спадар Някляеў у траўні быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады, і яго пастаянна кантралююць.

Сам Уладзімер Някляеў не хавае, што знаходзіцца ў Варшаве на саміце "Ўсходняга партнэрства". 28 верасьня ён даваў інтэрвію "Белсату" ў варшаўскай студыі тэлеканалу. Сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Аляксандар Фядута, таксама ўмоўна асуджаны, выказаў такое меркаваньне:

Аляксандар Фядута

"Ведаюць ужо некалькі дзён, думаю, улады, што Ўладзімер Някляеў знаходзіцца ў Варшаве. З гэтага ніхто не рабіў ніякага сакрэту, і перш за ўсё сам Уладзімер Някляеў. Я думаю, што менавіта прысутнасьць Уладзімера Някляева на саміце "Ўсходняга партнэрства" ў Варшаве стала адной з падставаў, каб міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў адмовіўся ад удзелу ў гэтым саміце, таму што ў гэтым выпадку яму як сябру беларускага ўраду трэба было ўстаць і выйсьці з-за стала".

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў знаходзіцца пад пільным кантролем уладаў. Яму нельга перамяшчацца без дазволу. З 20-й гадзіны вечара да 6-й раніцы ён павінен знаходзіцца ў хаце. Жонка Някляева спадарыня Вольга распавяла:

Вольга Някляева

"Вельмі цяжкае гэта выпрабаваньне. Яму трэба кожны панядзелак самому адзначацца ў РУУС. І амаль штодня яны прыходзяць дадому. Прыходзяць і а палове на дзявятую, і а палове на адзінаццатую. Учора з позвай яны прыходзілі ў 20.40".

Аляксандар Фядута, якога таксама пільна кантралююць улады — 28 верасьня позна ўвечары прыходзіў участковы інспэктар і да яго — лічыць, што да іх могуць ужыць больш жорсткія захады, ажно да хатняга арышту:

"Тое, што зараз улада пачала вельмі дакладна і скрупулёзна выконваць усё тое, што ёй прадпісана, насамрэч сьведчыць, што зьбіраюцца выкарыстоўваць пэўныя, магчыма, больш жорсткія сродкі ціску на Ўладзімера Някляева, каб ён спыніў сваю актыўнасьць, у тым ліку і міжнародную палітычную дзейнасьць".

29 верасьня зь беларускай дэлегацыяй у Варшаве сустрэнецца канцлер ФРГ Ангела Мэркель.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG