Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нік Клег: “Мы павінны процістаяць гэтай тыраніі"


З нагоды адкрыцьця cаміту "Ўсходняга партнэрства" польская прэса зьмяшчае шэраг публікацыяў, дзе вялікая ўвага аддаецца таксама Беларусі.

Міністар у эўрапейскіх справах Мікалай Даўгілевіч, адказваючы на пытаньне "Газэты выборчай” аб стварэньні Эўрапейскага фонду на карысьць дэмакратыі (такую ўхвалу маюць прыняць удзельнікі саміту) адзначыў:

“Гаворка вядзецца пра фонд, які будзе мець магчымасьць працаваць хутка і нестандартна, каб, прыкладам, падтрымаць незалежную прэсу ў нейкай краіне. Іначай, чымся звычайна гэта робіцца, будзе магчымасьць перадаць такія сродкі, не ўзгадняючы гэтага кроку з уладамі дадзенай краіны. Таму мы ня будзем пытацца ва ўладаў Беларусі, ці можна нам падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасьць”.

"Газэта выборча” таксама друкуе адмысловы артыкул віцэ-прэм’ера Вялікабрытаніі Ніка Клега пад загалоўкам “Беларусь: сарамлівая таямніца Эўропы”. Брытанскі палітык піша:

“Прапаную ўявіць сабе краіну, дзе катаваньні і запалохваньне людзей – гэта штодзённая рэч. Дзе людзей, якія мірна пратэстуюць, арыштоўваюць і накіроўваюць у калёніі ўзмоцненага рэжыму і дзе перасьледуюць журналістаў, якія дэманструюць свабодную думку. Дзе прэзыдэнт можа маніпуляваць чарговымі выбарамі, нягледзячы на тое, што ён давёў гаспадарку да краху. Дзе большасьць занадта запалоханая, каб выказваць уласныя думкі, і дзе па-ранейшаму ёсьць сьмяротнае пакараньне. Гэта магла б быць Паўночная Карэя, Зымбабвэ ці Іран. Але гэтая краіна знаходзіцца бліжэй да нас, у Эўропе. Гэта – Беларусь, дзе рэжым Лукашэнкі надалей моцнаю рукой трымае ўладу, увогуле не зьвяртаючы ўвагі на правы чалавека”.

Брытанскі віцэ-прэм’ер дэталёва расказвае пра расправы рэжыму над удзельнікамі акцыяў маўклівага пратэсту.

“20 гадоў таму распаўся СССР. Мы, эўрапейцы, верылі, што небясьпечныя дыктатары адыдуць у мінулае, а свабода і дэмакратыя будуць квітнець. Аднак Беларусь дагэтуль застаецца ў пастцы мінуўшчыны – гэтая сарамлівая таямніца Эўропы тут, за нашым ганкам. Таму я цалкам перакананы – мы павінны ўзмацніць ціск на рэжым. Наш урад у Польшчы пакажа сваю салідарнасьць з народам Беларусі. Вялікабрытанія не дазволіць цягнуць Беларусь у змрочныя часы. Эўропа зайшла занадта далёка, каб гэта дапусьціць”, – напісаў віцэ-прэм’ер Вялікабрытаніі Нік Клег.

Гэты артыкул зьмешчыны і ў сёньняшнім выданьні The Independent – пад загалоўкам "Нік Клег: Мы павінны процістаяць тыраніі, якая за нашым парогам".

Сёньня ў ранішняй праграме радыё “TOK FM” міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, гаворачы пра галоўныя мэты "Ўсходняга партнэрства", заявіў:

“Мы хочам заахвоціць нашых суседзяў да рэформаў, да таго, каб яны скарысталі ўсе выгоды "Ўсходняга партнэрства" такім чынам, каб празь некалькі гадоў, калі міне крызыс, калі будзе, скажам проста, больш грошай на эўрапейскую салідарнасьць, гэтыя краіны былі лепей падрыхтаваныя да таго, каб увогуле мысьленьне аб пашырэньні (Эўразьвязу) было магчымае”.

Польшча імкнецца разьвеяць асьцярогі, быццам "арабская вясна" прымусіла ЭЗ адсунуць на другі плян заахвочваньне дэмакратыі і эканамічных рэформаў ва ўсходніх суседзяў. "ЭЗ уключае ўсе шэсьць краін – Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну – у катэгорыю свайго "суседзтва" разам з 10 арабскімі краінамі на поўдзень ад межаў ЭЗ", — піша The Wall Street Journal.

Адна з галоўных праблем — пытаньне пра фінансавую дапамогу "ўсходнім партнэрам", гаворыцца ў артыкуле. Улетку гэтага году быў апублікаваны плян ЭЗ, які прадугледжвае асыгнаваньне суседзям — і ўсходнім, і паўднёвым — 1,24 млрд эўра. Поўдзень атрымае дзьве траціны ад гэтай сумы, краіны "Ўсходняга партнэрства" — астатняе. Між тым "ёсьць асьцярогі, што грошы, ужо выдзеленыя ўсходнім суседзям, будуць перакінутыя на поўдзень", — піша WSJ. На дадзены момант бюджэт "Усходняга партнэрства" — 600 млн эўра для ўсіх шасьці краін на 3 гады.

На думку аналітыкаў, "Усходу" можа пашкодзіць і той факт, што падзеі ў Паўночнай Афрыцы завастрылі ўвагу на праблеме міграцыі. Марудлівасьць рэформаў у краінах "Усходняга партнэрства" ў апошнія два гады звычайна тлумачаць тым, што ЭЗ не прапаноўвае стымулаў, а пэрспэктывы яго пашырэньня зрабіліся малаімаверныя, адзначае аўтар.

Цяпер эўрапейскім лідэрам асабліва няма калі задумвацца пра ўсходніх суседзяў, але задумацца варта, рэкамэндуе ў артыкуле The Financial Times старшы навуковы супрацоўнік Carnegie Endowment for International Peace (Вашынгтон) Томас дэ Ваал.

"Гэта адзіны рэгіён, дзе ЭЗ як калектыўная адукацыйная структура можа нешта зьмяніць", — мяркуе аўтар. Вяртаньне Пуціна на прэзыдэнцкую пасаду азначае: трэба даць альтэрнатыву "ўсё больш аўтарытарнай расейскай мадэлі".

Трывожныя сыгналы паступаюць "з шасьці эўрапейскіх постсавецкіх краін па-за Расеяй" — Беларусі, Малдовы, Украіны, Армэніі, Грузіі і Азэрбайджану. Гэтыя краіны "ўтвараюць дугу расчараваньня", як піша дэ Ваал. Малдова — бедная, праграма рэформаў амаль не ажыцьцяўляецца. "Беларусь пакутуе пад уладай самага рэпрэсіўнага ў Эўропе лідэра і блізкая да банкруцтва". Украіна страціла шанец на пераўтварэньні. Грузія — аднапартыйная дзяржава, дзе мала стрыманьняў і проціваг. Армэнія і Азэрбайджан паралізаваныя канфліктам за Нагорны Карабах.

Ва Ўсходняй Эўропе значна ў большай ступені, чым у арабскім свеце, ЭЗ — праводная зорка для мільёнаў людзей, якія адчуваюць сябе эўрапейцамі, але ўпадаюць у дэпрэсію з-за неадэкватнасьці ўрадаў і непазбыўнай галечы, гаворыцца ў артыкуле. Аўтар ня лічыць, што існуе "пагроза расейскага імпэрыялізму". Праўда, ад Расеі паходзіць эканамічны выклік — Пуцін прапануе суседзям "кумаўскі капіталізм", але "ЭЗ можа прапанаваць больш прывабную канцэпцыю — калі прыкладзе намаганьні".

На гэты момант ЭЗ не абяцае ўсходнім суседзям сяброўства, але мякчэй глядзіць на іх праблемы ў пляне рэформаў і выбараў. "Між тым усё трэба рабіць наадварот. Лідэры ЭЗ павінны паабяцаць, што тэарэтычна, у будучыні, гэтыя шэсьць краін змогуць уступіць у блёк, калі — а гэта вялікае "калі" — падвысяць свой узровень да належнага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG