Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі на Народны сход запрасілі прадстаўнікоў гарвыканкаму


Падпісаў запрашэньне старшыня аргкамітэту па правядзеньні мясцовага сходу ў Гомелі Васіль Палякоў.

Падпісаў запрашэньне старшыня аргкамітэту па правядзеньні мясцовага сходу ў Гомелі Васіль Палякоў.

Гомельскі аргкамітэт правядзеньня Народнага сходу даслаў сёньня ў гарвыканкам запрашэньне прыняць удзел у адкрытым мясцовым сходзе, які заплянаваны на 8 кастрычніка а 13-й гадзіне на пляцоўцы ля дому культуры таварыства глухіх «Віпра» на вуліцы Юбілейнай.

У запрашэньні пазначаны 5 пытаньняў, якія вынесены на парадак дня. Гэта спыненьне росту цэнаў, індэксацыя заробкаў, пэнсій, стыпэндый і рублёвых укладаў насельніцтва, забесьпячэньне магчымасьці свабоднай куплі валюты й вяртаньня валютных крэдытаў у беларускіх рублях; адмена сыстэмы прымусовых кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, а таксама стымуляваньне гаспадарчай ініцыятывы й магчымасьці прадпрымальнікам бесьперашкодна ствараць новыя працоўныя месцы.

Падпісаў запрашэньне старшыня аргкамітэту па правядзеньні мясцовага сходу ў Гомелі, грамадзкі актывіст і палітык Васіль Палякоў:

«Заканадаўства прадугледжвае ўдзел у сходах прадстаўнікоў улады з правам дарадчага голасу, таму мы й запрашаем іх на гэты сход. Мы ні ад каго не хаваемся, праводзім Народны сход у адпаведнасьці з законам пра рэспубліканскія й мясцовыя сходы. Пытаньняў абмяркоўваецца багата, і цікава паслухаць меркаваньне прадстаўнікоў улады пра тое, што робіцца дзеля пераадоленьня крызісных зьяў у эканоміцы й сацыяльнай сфэры».

У запрашэньні гаворыцца таксама, што ў Гомелі мае месца адміністрацыйны перасьлед чальцоў аргкамітэту мясцовага сходу. Таму ў лісьце ўтрымліваецца патрабаваньне аднавіць парушаныя правы прадстаўнікоў аргкамітэту й датрымлівацца Канстытуцыі.
XS
SM
MD
LG