Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу Ігара Случака


Ігар Случак

Ігар Случак

28 верасьня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Аляксандар Сужаеў адхіліў касацыйную скаргу грамадзкага актывіста, студэнта юрфаку Тартускага ўнівэрсытэту Ігара Случака на пакараньне трыма суткамі арышту.

Сам Ігар на судзе не прысутнічаў, бо знаходзіцца цяпер на вучобе ў Тарту. У суд прыйшлі бацька й маці студэнта. Ім судзьдзя й паведаміў, што не задавальняе скаргу.

Трыма суткамі арышту Случака пакараў судзьдзя Савецкага раёну Гомелю Сяргей Шаўструк на падставе міліцэйскага пратаколу. Міліцыя зьвінаваціла студэнта ў дробным хуліганстве.

26 жніўня за пару дзясяткаў крокаў да свайго дому Ігар нібыта штурхнуў плячом 21-гадовага сьлесара лякаматыўнага дэпо Сяргея Замая, ды яшчэ аблаяў. Сьлесар моцна абразіўся й зьвярнуўся да спэцназаўцаў, якія акурат непадалёк «несьлі службу па ахове грамадзкага парадку».

Выкліканы ў суд Сяргей Замай паўтарыў апісаную ў пратаколе гісторыю «хуліганства Случака». Студэнт яўна саступаў сьлесару ў камплекцыі. Больш за тое, Ігар сьцьвярджае, што да суду наагул ня бачыў пацярпелага.

У судзе Ігар Случак запытаўся ў пазоўніка, колькі разоў яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Замайа адказаў: «Сем разоў».

Пасьля суду Случак заявіў, што быў ня суд, а «фарс, сапраўдны тэатар».

Сваё прэвэнтыўнае затрыманьне й пакараньне арыштам Ігар патлумачыў звычайнай замовай міліцыі. Увесь жнівень ён займаўся арганізацыяй абмеркаваньня рэформы Міністэрства ўнутраных спраў. 27 жніўня плянавалася сустрэча супрацоўнікаў МУС, сродкаў масавай інфармацыі й кіраўніцтва гораду. Прынамсі, запрашэньні былі разасланыя. Міліцыі дасылаліся яшчэ й прапановы, апытальныя лісты. Але ўлады, супрацоўнікі міліцыі ці тыя, каму гэта не падабалася, палічылі за лепшае арыштаваць грамадзкага актывіста.
XS
SM
MD
LG