Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэдэндэнты на Нобэля-2011 ў галіне міру: беларусаў няма


На думку аналітыкаў, Нобэлеўскую прэмію міру могуць атрымаць актывісты, якія дапамаглі распачаць рэвалюцыйную хвалю, што пракацілася па Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе падчас арабскай вясны.

Сярод магчымых ляўрэатаў – эгіпецкі інтэрнэт-дзяяч Уаэл Хонім, адзін з заснавальнікаў моладзевага руху Ісра Абдэль Фатах, а таксама туніскі блогер Ліна Бэн Мхені.

"Маё моцнае пачуцьцё, што Нобэлеўскі камітэт хоча адзначыць найбуйнейшую міжнародную падзею, якая шырока закранула сьвет, – сказаў Reuters Ян Эгелянд, былы намесьнік міністра замежных справаў Нарвэгіі. – Паводле такой лёгікі, гэта павінна быць "Арабская вясна", у наш час нічога па значнасьці не набліжаецца да яе".

Сьпіс прэтэндэнтаў складаецца з 241 кандыдата, ляўрэат будзе названы 7 кастрычніка.

Сакратар Нобэлеўскага камітэту сказаў, што ў ліку намінантаў гэтага году было "некалькі" кандыдатаў, зьвязаных з "Арабскай вясной", але ён адмовіўся назваць іх.

Сярод іншых намінантаў назіральнікі называюць WikiLeaks і яе заснавальніка Джуліяна Асанжа, ізраільскага дырыгента Даніеля Барэнбойма, аўганскага праваабаронцу Сіма Самару, былога канцлера Нямеччыны Гэльмута Коля. Фігуруюць таксама прозьвішчы расейскага праваабарончага таварыства "Мэмарыял" і яго заснавальніцы Сьвятланы Ганушкінай, кангалескага лекара Дэніса Маквэгі.

Што да арганізатараў "Арабскай вясны", дык, на думку назіральнікаў, у ліку ляўрэатаў можа быць нехта з маладых людзей – стваральнікаў старонак на Facebook, што адначасна было б і прызнаньнем важнасьці ролі сацыяльных сетак.

Нагадаем, што ў розныя гады на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру вылучаліся былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі. Аднак наколькі сур'ёзна разглядаліся іх кандыдатуры Нобэлеўскім камітэтам і ці трапілі яны ўвогуле ў лік афіцыйных намінантаў, невядома – пратаколы камітэту рассакрэчваюцца толькі праз 50 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG