Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Калесьнік: «У Лепельскім РАУС мяне абрабавалі»


Віктар Калесьнік

Віктар Калесьнік

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Віктар Калесьнік вёз зь Менску ў Полацак улёткі пра Народны сход і газэты «Народная воля». Па дарозе ягоную машыну спынілі міліцыянты, якія загадалі ехаць у Лепельскі райаддзел міліцыі. Там і забралі ўсе друкаваныя матэрыялы.

Віктар Калесьнік распавёў, што ніякіх дакумэнтаў пра забраныя ўлёткі і некалькі соцень газэт у міліцыі яму не далі:

«Усё, што было ў машыне, проста паклалі ў вялікія кардонныя скрыні ды некуды вынесьлі. Па сутнасьці, у Лепельскім РАУС мяне абрабавалі: забралі мае рэчы гвалтам, не складаючы пратаколу. Ніякіх абвінавачаньняў уласна мне не прад’явілі і нават прычынаў затрыманьня не паведамілі».

Актывіст правёў у пастарунку некалькі гадзін, пасьля міліцыянты паведамілі, што ён вольны.

Спадар Калесьнік кажа, што мае намер вярнуць забранае, нягледзячы на тое, што ў яго няма ніякіх дакумэнтаў пра адабраную маёмасьць:

«10 тысяч улётак пра Народны сход і яшчэ 5 тысяч улётак „Эўрапейскай Беларусі“ я не зьбіраюся нікому пакідаць „у падарунак“. Таму бліжэйшымі днямі паеду ў Лепель, каб напісаць заяву ў пракуратуру пра незаконныя дзеяньні міліцыянтаў».
XS
SM
MD
LG