Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другое жыцьцё «макееўскай» Рады


Стварыць новае грамадзкае аб’яднаньне сёньня вырашыла частка сяброў распушчанай уладамі грамадзкай кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Яны падтрымалі адпаведную прапанову свайго калегі, старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімера Карагіна. А непасрэдна займацца гэтым будзе спэцыяльны аргкамітэт, які ўзначаліла Жана Грынюк.

На сёньняшняе паседжаньне прыйшлі каля дзесятка актыўных удзельнікаў былой грамадзкай кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта. 28 верасьня тая рада мелася сабрацца чарговым разам. Аднак напрыканцы мінулага тыдня яе кіраўнік Уладзімер Макей нечакана распусьціў гэтае фармаваньне.

Уладзімер Нісьцюк
Вёў сёньняшнюю сустрэчу выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Аднаўляльная энэргетыка» Ўладзімер Нісьцюк. Ён распавёў «Свабодзе»:

«Абмеркавалі сытуацыю ўвогуле ў краіне, сытуацыю з ініцыятывамі грамадзянскай супольнасьці. І прыйшлі да высновы, што можна пачаць працэдуру падрыхтоўкі да рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня экспэртнага кшталту.

Вельмі спакойна і роўна ўсе паставіліся да рашэньня Ўладзімера Макея. Ніхто ня бачыць у гэтым ніякай рэвалюцыі. Але тое, што мы напрацавалі разам, мы вырашылі захаваць і больш моцна на грамадзкім полі ў Беларусі, у межах грамадзянскай супольнасьці, ажыцьцяўляць».

Сёньня на сустрэчы прысутнічалі Ўладзімер Карагін, Юры Зісер, Алег Трусаў , Леанід Заіка, Пётар Марца ў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Юшкевіч і Аляксандар Шацько ды іншыя, распавядае спадар Нісьцюк:

«Мы дамовіліся пра тое, што калі раней мы былі дадаткам да структураў улады і працавалі ў адным альгарытме, то цяпер зможам працаваць свабадней. І асобныя пытаньні ня будзем абавязкова ўзгадняць з уладамі. Мы будзем больш самастойнай арганізацыяй. Але ў той жа час ніхто не пакідае намеру кансультацыяў са структурамі ўладаў на ўсіх роўнях».

Аляксандар Ярашук
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які таксама сёньня ўдзельнічаў у сустрэчы, спадзяецца, што ад новай рады карысьці можа быць болей:

«Яе канструктыў палягае ў тым, што калі тут зьбяруцца і некаторыя сябры былой рады, і новыя людзі, аўтарытэтныя, з пазытыўнай рэпутацыяй у беларускім грамадзтве, то плён будзе. Тут будуць людзі з абодвух бакоў — і ад уладных структур, і тыя, хто ім апаніруе. І калі будуць генэравацца цікавыя ідэі, скіраваныя на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, на разьвіцьцё дыялёгу, ад высокакваліфікаваных экспэртаў у розных сфэрах, то, вядома, ад гэтага можа быць нейкая карысьць».

Грамадзкая кансультатыўная рада была ўтворана ў 2009 годзе пры адміністрацыі прэзыдэнта. Зьбіралася яна вельмі рэдка. А ў лістападзе мінулага году Ўладзімер Макей прыпыніў дзейнасьць гэтага фармаваньня на нявызначаны час. Ён абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што з боку прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сяброў рады пайшла крытыка: маўляў, гэта «бутафорская» і «дэкляратыўная» структура. Потым рада зноў спрабавала аднавіць сваю працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG