Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка перадаў спачуваньні сям’і былога дэпутата Вярхоўнага Савету Галіны Георгіеўны Сямдзянавай з прычыны яе сьмерці.

Такая інфармацыя павінна была б колькі дзён таму зьявіцца ў афіцыйных СМІ.

Але не зьявілася.

Пры тым, што такое спачуваньне сапраўды было Лукашэнкам выказана.

У пахаваньні Галіны Сямдзянавай мяне вельмі зьдзівіла, што да яго арганізацыі прычыніўся Менгарсавет, а цырымонію разьвітаньня наведаў віцэ-сьпікер т.зв. "парлямэнту". У якой іншай краіне тое было б нормай, але ня ў Беларусі, бо тут самая нявінная сымпатыя чыноўніка да апазыцыі будзе імгненна каштаваць яму кар’еры.

Але цяпер усё патлумачылася: віцэ-сьпікер прыйшоў, каб перадаць сям’і спачуваньне ад Лукашэнкі.

Перад развагамі пра спачуваньне і прычыны яго поўнага замоўчваньня ў афіцыйных СМІ – колькі слоў пра пахаваньне. Разумею далікатнасьць гэтай тэмы, але адразу адмятаю магчымыя папрокі – у Польшчы месца пахаваньня Качынскіх было прадметам дыскусій у прэсе адразу пасьля авіякатастрофы. Што нармальна, бо гаворка ідзе пра публічных асоб. Галіна Сямдзянава – фігура публічная і, цяпер ужо зразумела, гістарычная.

На пахаваньне Галіны Сямдзянавай прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек – акрамя родных і блізкіх, былыя калегі па дэпутацкай Апазыцыі БНФ XII скліканьня, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Някляеў – і, здаецца, больш нікога з так званых вядомых асоб. І лічаныя адзінкі “невядомых”. Пахавалі Галіну Сямдзянаву на Паўночных могілках.

За некалькі дзён да гэтага ў Менску разьвітацца з капітанам хакейнай зборнай прыйшло каля дзесяці тысяч чалавек, пахавалі яго на Ўсходніх могілках, на алеі, дзе знайшлі спачын выбітныя асобы нацыі – народныя пісьменьнікі, народныя артысты, акадэмікі ды дзяржаўныя дзеячы.

Гібель хакеістаў выклікала ўва ўсіх горкія пачуцьці, вельмі шкада маладых жыцьцяў, спачуваеш іх жонкам і дзецям. Што да шматтысячнага разьвітаньня, дык зразумела, што ніхто людзей не заганяў, яны ішлі самі, і ў гэтым была любоў і павага да трагічна загіблага. Зразумела таксама, што ў любой краіне сьмерць вядомага спартоўца або эстраднай зоркі выклікае большы розгалас, чым пісьменьніка ці дзяржаўнага дзеяча (параўнайце рэакцыю на сьмерць Майкла Джэксана, Джэрома Сэлінджэра і Эдварда Кенэдзі ў ЗША).

Але ўлада павінна трымаць дзяржаўныя прыярытэты.
У Беларусі дзяржаўны прыярытэт – што заўгодна, але не Незалежнасьць.

Мне цяжка назваць краіну, дзе б спартовец, хай і вельмі знакаміты і заслужаны, быў бы пахаваны побач з выбітнымі пісьменьнікамі, творцамі, навукоўцамі, дзяржаўнымі дзеячамі ўзроўню Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Стэфаніі Станюты ці Міхася Ткачова. (Хаця б таму, што праз 15 гадоў будуць пытацца: “А хто гэта такі?”. Сёньня ў Менску ўжо мала хто скажа, хто такая Галіна Сямдзянава, але праз 100 гадоў, калі Беларусь будзе існаваць як незалежная дзяржава, кожны школьнік назаве прозьвішча дэпутаткі, якая першая ўнесла Бел-Чырвона-Белы сьцяг у залю парлямэнту). І дзе палітык, якая самым непасрэдным чынам прычынілася да ўтварэньня гэтай краіны, была б пахаваная ў іншым месцы (калі толькі на тое не была яе воля ці воля родных).

У Беларусі, такім чынам, дзяржаўны прыярытэт – што заўгодна, але не Незалежнасьць.

Цяпер пра рэакцыю грамадзтва.

Тэма сьмерці Галіны Сямдзянавай на сайце Радыё Свабода ў лічаныя хвіліны ўзьнялася на першае месца ў рэйтынгу найбольш чытаных матэрыялаў і трымалася там двое сутак – значыць, прачытала тэксты некалькі тысяч чалавек. На пахаваньне прыйшлі адзінкі. Ня самае лепшае параўнаньне, але прыгадваюцца суды за 19 сьнежня. Сотні камэнтароў на сайце “Хартыі”: “За Саньнікава адкажаце!”, “Як і чым дапамагчы Вусу?”, “Трымайся, Статкевіч, мы вызвалім цябе, хутка перамога!”. І – паўпустыя залі на судовых працэсах (толькі блізкія, праваабаронцы і журналісты).

Ня будзе ніякай хуткай перамогі. А могуць быць – доўгія гады жыцьця пры Лукашэнках (пакуль пры адным, потым – пры другім, а пазьней і пры трэцім). З зарплатай у 5 даляраў, як на Кубе, з засьцярогай вымавіць што-небудзь “ня тое”, як у Іране, або можа нават і зь неабходнасьцю браць дазвол на наведваньне сябра ў суседнім доме, як у Паўночнай Карэі (перасоўваньне тысяч людзей 19 сьнежня праз мабільнікі ўжо фіксавалася, так што вопыт у спэцслужбаў ёсьць).

Магчыма, шмат хто не пагодзіцца, але абапіраюся на ўласныя назіраньні: незадаволенасьць узроўнем жыцьця ў беларусаў ніколі не вылівалася ў станоўчыя палітычныя перамены, каўбасныя бунты ніколі не мянялі сыстэмы да лепшага, і толькі калі закранаўся нацыянальны гонар – дамагаліся добрых пераменаў (параўнайце ў 1991 годзе статысячны страйк, які скончыўся нічым, і жнівеньскія пратэсты, якія прывялі да Незалежнасьці). Гонар жа ня можа існаваць без павагі да ўласнай гісторыі.

Зараз – пра Лукашэнку.
Лукашэнка якраз і баіцца выявіць публічна чалавечыя пачуцьці.

Звычайна пра спачуваньні кіраўніка дзяржавы паведамляе яго прэсавая служба. Я даведаўся пра гэта ад былога калегі па Апазыцыі БНФ, які быў на пахаваньні. “Бачыш, нешта чалавечае ў Сашы ўсё ж засталося”, – дадаў ён, і я не спрачаўся. Падобныя ацэнкі далі і іншыя, з кім давялося абмяркоўваць гэтую тэму. Здавалася б, інфармацыя пра спачуваньне з прычыны сьмерці палітычнага апанэнта была б на карысьць Лукашэнку. Але замоўчваньне сьведчыць, што Лукашэнка якраз і баіцца выявіць публічна такія чалавечыя пачуцьці, бо падначаленымі гэта адразу будзе ўспрынята як праява слабасьці, а там недалёка і да страты павагі. І, галоўнае, зьнікненьня страху. Чым канчаецца зьнікненьне павагі і страху, Лукашэнка добра ведае па часе палітычнай маладосьці, на прыкладзе Гарбачова. Добра засвоіў Лукашэнка і ўрок жніўня 91-га, калі Галіна Сямдзянава перакрыла шлях да мікрафона першаму сакратару ЦК Малафееву, дэпутаты сагналі яго з трыбуны – і праз хвіліны камуністычная парлямэнцкая большасьць “здалася”.

Ну і, вядома ж, недапушчальная і публічная згадка імёнаў апанэнтаў: іх не было, няма і ня будзе (паказальна, што пра сьмерць Сямдзянавай не паведаміла ніводнае афіцыйнае СМІ – што яшчэ раз выяўляе іх цалкам прапагандысцкі характар).

У сучаснай Беларусі замоўчваецца ўсё, што мае дачыненьне да абвяшчэньня Незалежнасьці ў 1991 годзе. Увогуле, выцясьненьне з палітычнай арэны былых дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія маюць вопыт шматгадовай заканадаўчай дзейнасьці, дый увогуле вопыт “вялікай палітыкі” – тэма не артыкулу, а цэлай кнігі, у якой “адмоўнымі пэрсанажамі” могуць быць ня толькі прадстаўнікі ўлады. Самі ж былыя дэпутаты ў Беларусі пастаўленыя на мяжу чыста фізычнага выжываньня: праблематычна ўладкавацца на працу, пэнсіі мізэрныя і ня ўлічваюць “дэпутацкага стажу”, нехта працуе грузчыкам, нехта – на будоўлі... Ведаю, што некаторым прапаноўвалі напісаць заяву на імя Лукашэнкі – былі б і праца, і пэнсія, як у былых дэпутатаў “палаткі”, на ўзроўні міністра. Але – ніхто не пагадзіўся, ніхто не напісаў. Не была выключэньнем і Галіна Сямдзянава, а блізкія да яе людзі заявілі журналістам, што не апошнюю ролю ў пагаршэньні яе здароўя адыграла цкаваньне з боку КДБ.

Такім чынам, у самім спачуваньні нельга знайсьці палітычнага разьліку.

Тады што трэба тут шукаць? Чалавечае?
Адкуль сантымэнты ў чалавека, спэцслужбы якога рэанімавалі спосабы катаваньняў?

У гады сумеснага дэпутацтва ў ВС Лукашэнка з Сямдзянавай не сябраваў, яна жорстка крытыкавала Лукашэнку і тады, калі ён стаў прэзыдэнтам. Ён ніколі не дапамог Сямдзянавай і ў апошнія гады, калі даводзілася жыць на маленькую пэнсію, і ў апошнія месяцы, калі Галіна згасала ад невылечнай хваробы. Адкуль увогуле нейкія сантымэнты ў чалавека, спэцслужбы якога сёньня рэанімавалі спосабы катаваньняў з арсэналу НКВД?

Вядома, сьмерць равесьнікаў заўсёды прымушае прыгадаць, што ніхто ня вечны, і ты таксама, і з узростам гэтае адчуваньне робіцца ўсё больш канкрэтным.

Можа быць, і Лукашэнка падумаў, што калі-небудзь і ён... Не, прэзыдэнтам ён будзе заўсёды, а вось хадзіць па зямлі... Тут нейкая крыўдная супярэчлівасьць паміж бестэрміновасьцю прэзыдэнцтва і недаўгавечнасьцю жыцьця, якую хочацца вырашыць у выпадку аднаго канкрэтна ўзятага чалавека, а менавіта – сябе самога. Ці не гэта прымусіла Сталіна ў свой час стварыць інстытут па выпрацоўцы “эліксіру даўгалецьця”? Бо калі ты як Бог (а губэрнатары кажуць, што нават вышэйшы за Бога) – дык павінен жыць вечна, інакш не бывае... А вось раптам нешта нагадвае, што, аказваецца, бывае.

А можа быць, наведала Лукашэнку настальгія па маладосьці, калі фотакарэспандэнт зафіксаваў яго разам з Пазьняком і Сямдзянавай у фае ВС, настальгія па тых вясновых днях 1990-га, калі хваля народнага ўздыму вынесла дырэктара саўгасу пад тэлекамэры ў Авальную залю? Калі можна было выйсьці да мікрафона і сказаць рэзкія словы ў твар першай асобе рэспублікі, і самому пахаладзець ад уласнай сьмеласьці, бо яшчэ пазаўчора за такія словы пагналі б з працы, але сэкундны страх зьмяняецца іншым адчуваньнем, і гэта – адчуваньне свабоды. І разуменьне, што вось цяпер, тут, менавіта ты пашырыў гэтую зону свабоды, хай і нязначна, але пашырыў, і слухала цябе па трансьляцыі ўся Беларусь, і людзі на плошчы, да якіх выйшаў пасьля паседжаньня, вітаюць цябе. А потым, з кампаніяй такіх жа маладых дэпутатаў, ідзеш па праспэкце да гатэлю, па правым тратуары. Менавіта па правым, бо па левым – толькі МУС ды КДБ, а па правым, каля кавярні “Вясна”, крама – і вялізная чарга (зусім не па мінэралку), і гэтая чарга расступаецца, і мужыкі ў імгненьне ставяць вас перад прадаўшчыцай (хто памятае даўжыню тых чэргаў – ацэніць ступень ахвяры): “Саступаем дэпутатам! Валянцін, Саша, Сяргей, даціскайце Дземянцея! А ці можна верыць Кебічу?”

Вось пачуцьці, якія ўва ўсіх нас спляліся ў адно ў тыя летнія дні 1990-га – свабода, рызыка, і яшчэ – вера, што наперадзе нешта добрае, яшчэ лепшае... Можа быць, гэтае адчуваньне пэрспэктывы і было самым сьветлым для ўсіх нас – для Лукашэнкі таксама...
Усё можна – вось толькі свабоды няма

І такіх адчуваньняў ужо ня зловіш ні гульнёй у хакей, ні на сэлектарнай нарадзе, дзе можна даціскаць і нават абражаць каго заўгодна, і халуі будуць пакорліва выслухоўваць, апусьціўшы галовы (Оксфард для дзяцей і віла на беразе Жэнэўскага возера для ўнукаў падаюцца ім вартымі прыніжэньняў). Можна прыйсьці ў тую ж Авальную залю, і дэпутаты будуць напружана слухаць цябе хоць шэсьць гадзінаў, не паварушыўшыся. Трансьляцыя – на ўсю краіну. Тэкст выступу – на ўсе палосы "СБ". Можна і Пуціну зь Мядзьведзевым паслаць плявок – абатруцца, геапалітычныя інтарэсы важнейшыя за крыўды.

Усё можна – вось толькі свабоды няма.

Напрыклад, ужо ня пройдзеш па вясновым праспэкце, і да чаргі без ахоўнікаў не падыдзеш (спэцслужбы мэтадычна дакладаюць, што пра цябе гавораць у тых чэргах).

І самае горшае: нельга сказаць, што хочаш. А калі вельмі хочаш – даводзіцца казаць патаемна, каб не пачулі.

Чым не турма?

І наперадзе – магчыма, гады беспадзельнай улады, але – ніякіх сьветлых пэрспэктываў.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG