Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваньні палітвязьняў – супраць Бібліі і Канстытуцыі



Лех Валэнса напісаў начальніку магілёўскай турмы. Вернікі цытуюць Біблію і Канстытуцыю. Грамадзяне патрабуюць гарантыяў бясьпекі для жыцьця палітвязьняў.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса зьвярнуўся да начальніка магілёўскай турмы №4, дзе знаходзіцца Андрэй Саньнікаў. Заснавальнік “Салідарнасьці” ў сваім пасланьні Аляксандру Ламазу піша:

“Я ўважліва сачу за разьвіцьцём сытуацыі з Андрэем Саньнікавым і заклікаю Вас устрымацца ад любых дзеяньняў або бязьдзеяньня, якія б маглі нанесьці шкоду здароўю і псыхалягічнаму стану Саньнікава”.

Таксама сёньня на імя Аляксандра Ламазы было адпраўлена 19 заяваў актывістаў дэмакратычных арганізацыяў з просьбай пісьмова пацьвердзіць, што асуджаны кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў бясьпецы.

У кожнай заяве гаворыцца: “Паводле інфармацыі, што паступіла з інтэрнэт-крыніц, стала вядома, што зь ім абыходзяцца неналежным чынам, прыніжаюць чалавечую годнасьць, катуюць, што ў яго адрас ідуць пагрозы і што ён хворы і не атрымлівае мэдычнай дапамогі”.

Актывісты просяць “пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць пісьмова тыя факты, пра якія ідзе гаворка”, а таксама "падаць доказы поўнай бясьпекі палітвязьня Саньнікава А.А.”, неадкладна даць адказ у “пісьмовай, даступнай і разгорнутай форме”, “неадкладна паведаміць грамадзкасьці Рэспублікі Беларусь пра тое, што палітвязень Саньнікаў А.А. знаходзіцца ў бясьпецы”.

Учора актывістка грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціна Шацікава была на прыёме ў начальніка турмы № 4. Падчас размовы Ламаза заявіў пра поўную бясьпеку Саньнікава і даступнасьць для яго мэдычнай дапамогі. Аднак актывісты дабіваюцца ня вуснага, а пісьмовага адказу.

Вернікі Царквы хрысьціян веры эвангельскай “Ян Прадвесьнік”, занепакоеныя лёсам лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, зьвярнуліся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, Генэральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзыдэнта. У лісьце вернікі просяць спыніць ціск і катаваньні Дашкевіча, спасылаючыся на Біблію і Канстытуцыю:

“У Сьвятым Пісьме – Бібліі – Бог неаднаразова зьвяртае ўвагу на каштоўнасьць жыцьця чалавека і годнасьць чалавечай асобы. Менавіта таму Богу неабыякава, што адбываецца зь вязьнямі:

“Калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі, калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга, калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных, хіба ня бачыць Госпад?” (Плач Ярэміі 3:34-36).

“Каб ні ў чым не рабілі з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва, бо Госпад – мсьцівец за ўсё гэта” (Першы ліст да Тэсалонцаў 4:6).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь таксама сьцьвярджае, што дзяржава забясьпечвае недатыкальнасьць і годнасьць асобы: “Ніхто не павінен зазнаваць катаваньні, жорсткае, бесчалавечнае або зьневажальнае да яго годнасьці абыходжаньне ці пакараньне” (артыкул 25)”, – адзначаецца ў лісьце вернікаў.

Пераводы Саньнікава і Дашкевіча з аднаго месца ў другое беларускія праваабаронцы расцэньваюць як катаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG