Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадоксы валютнага рынку па-беларуску


Сёньня беларускі рубель умацаваўся ў параўнаньні з учорашнім днём яшчэ на 70 пунктаў, перавысіўшы на 10% паказьнік, зь якога пачаліся таргі 14 верасьня. Працэсы на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы працягваюць ставіць у тупік адмыслоўцаў фінансавага рынку. Цягам двух тыдняў тут працягваецца падзеньне даляра, тым часам як у астатніх краінах амэрыканская валюта толькі ўмацоўваецца.

Рынкавы курс даляра па выніках чарговых таргоў склаў 7690 рублёў за даляр, тады як яшчэ ўчора быў 7760, а два тыдні таму — 8600. Адрозна ад першых сэсій, калі камэрцыйныя банкі ў аналягічнай прапорцыі зьніжалі валютныя курсы ў абменных пунктах, цяпер сытуацыя выглядае крыху інакш. Як толькі людзі перасталі здаваць даляры па 7000, дзеля прыцягненьня кліентаў плянку ўзьнялі да 7500—7600. Што будзе пасьля таго, як паралельныя курсы зраўняюцца — аналітыкі не прагназуюць. Аднак, перакананы старшыня клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, з рынкам гэтыя працэсы маюць мала агульнага:

"Нягледзячы на заявы Нацыянальнага банку пра тое, што яны ня робяць інтэрвэнцый, — напэўна, якіясьці дзяржаўныя банкі гэта робяць замест
Глядзяць нам у вочы, усьміхаюцца і кажуць: ну няма ж попыту на валюту ...

Нацбанку. Таму што ня можа вось так ідэальна ўсё сыходзіцца — кожны дзень прапанова валюты перавышае попыт, таму нічога не застаецца, як толькі курс апускаць і апускаць. Гэта, на маю думку, узор гэткага прадуманага, гнуткага адміністрацыйнага падыходу да рэалізацыі пастаўленай задачы. Глядзяць нам у вочы, усьміхаюцца і кажуць: ну няма ж попыту на валюту? Вось яна ў цане і падае. І такім павольным і паступальным чынам яны будуць апускаць плянку і надалей, да выхаду на адзіны курс у канцы кастрычніка — дзе па 50 рублёў, а дзе і па 500 у дзень. І на якой лічбе яны спыняцца — будзе залежаць ад таго, колькі ў іх унутранай моцы ёсьць, колькі ёсьць грошай для інтэрвэнцый".

Фінансавы крызіс у Беларусі разгортваецца на тле праблемаў, якія апанавалі дзяржавы зоны эўра. Экспэрты асьцерагаюцца, што пагроза дэфолту ў Грэцыі выкліча ланцуговую рэакцыю, у якую так ці інакш будуць уцягнутыя ўсе разьвітыя рэгіёны сьвету. Ці пагражае зьнешні фактар Беларусі, якая ня можа даць сабе рады нават з унутранымі цяжкасьцямі? І ці не перабольшаныя маштабы прагназаванай рэцэсіі? Меркаваньне фінансавага кансультанта Сяргея Чалага:

Сяргей Чалы

"Я думаю, што хутчэй гэта здарыцца, чым, як кажуць, пранясе. Зь вялікай доляй верагоднасьці можна казаць, што, бадай, рызыка яшчэ аднаго такога мядзьведжага рынку на фондавых пляцоўках прысутнічае. І тое, што цяпер сапраўды маятнік гайдануўся ў бок абмежаваньня дэфіцытаў бюджэту сувэрэнных дзяржаў, якраз на гэта і сьведчыць. Апроч таго, рызыка запавольваньня выратавальных захадаў прысутнічае і ў палітычных рашэньнях. Так што другасную рэцэсію цалкам можам атрымаць. А калі справа насамрэч дойдзе да поўнамаштабнай усясьветнай рэцэсіі, то, натуральна ж, попыт упадзе, у тым ліку і на беларускую прадукцыю. Іншая рэч, што зьніжэньне коштаў на нафтапрадукты азначае і зьніжэньне коштаў на нафту. І якраз гэта для нас асабліва вялікіх праблемаў не складзе. Хутчэй нават наадварот, таму што прасьцей будзе закупляць нафту. Чым таньней — тым меней рэсурсаў трэба ў кожны канкрэтны момант".

Экспэрты лічаць, што самастойна выйсьці з крызісу Беларусі будзе надзвычай складана. Нягледзячы на абяцаньні кіраўнікоў розных краінаў прыцягнуць выратавальныя крэдыты, міжнародныя структуры такую пэрспэктыву ставяць пад сумнеў — да эканамічных умоваў усё часьцей дадаюцца патрабаваньні палітычнага кшталту, што кіраўніцтва краіны расцэньвае як умяшаньне ва ўнутраныя справы.

Прадстаўнікі дзелавой супольнасьці маюць варыянты разьвязаньня праблемы і даўно прапануюць уладам сесьці за круглы стол. Як кажа кіраўнік Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін, спробы замкнуцца ўнутры праблемы, абвяшчаючы палітыку імпартазамяшчэньня, непрадуктыўныя:

Уладзімер Карагін

"З гледзішча нашай рэсурснай базы, якая існуе цяпер — а дакладней, яе няма ўвогуле, — канечне, пашырэньне доступу імпарту, апроч калідораў Мытнага саюзу, дзе проста так нешта забараніць нельга без глыбокага ўмяшаньня ў дзейнасьць суб'ектаў гаспадараньня, — гэта пытаньне нават не дыскусійнае. Мы бязь імпарту ніколі жыць ня зможам. Сёньня ніводная краіна сьвету не абыходзіцца бязь імпарту. Але іншая справа, як прыходзіць гэты імпарт. Па блатных ценявых схемах альбо па легальных калідорах, якія, натуральна, трэба стымуляваць і падтрымліваць? Гэта пытаньне. І пакуль будзе такая сытуацыя, мы нічога ня вырашым. З гэтай прычыны мы фармуем палату імпартэраў, бо трэба разабрацца і самім імпартэрам паміж сабой: што яны хочуць, якія правілы, калідоры трэба зараз ствараць. І ня толькі для імпартазамяшчэньня, але і для дзейнасьці эфэктыўных імпартэраў".

Сёньня ж віцэ-прэм’ер Сяргей Румас заявіў, што на 2011 год пастаўлена задача прыцягнуць 6,5 мільярда даляраў замежных інвэстыцый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG