Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 з 6 краінаў “Ўсходняга партнэрства” прадставяць у Варшаве прэзыдэнты


Заўтра ў Варшаве пачынаецца саміт “Усходняга партнэрства” – адно з ключавых мерапрыемстваў польскага паўгадавога старшыняваньня ў Эўрапейскім Зьвязе. Саміт мае пацьвердзіць падтрымку збліжэньню эўрапейскіх краінаў зь дзяржавамі-удзельніцамі праграмы: Армэніяй, Азэрбайджанам, Грузіяй, Малдовай, Украінай і Беларусьсю.

Пяць з шасьці краінаў, што ўваходзяць у праграму “Ўсходняга партнэрства”, будуць прадстаўленыя на заўтрашнім саміце на найвышэйшым узроўні. У польскую сталіцу прыляцяць прэзыдэнты Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны – Сэрж
Саргсян
, Ільхам Аліеў, Міхаіл Саакашвілі, Марыян Лупу і Віктар Януковіч.

Беларускую дэлегацыю на саміце ачоліць амбасадар у Польшчы Віктар Гайсёнак. Арганізатары накіравалі запрашэньне міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву. Аднак зь сёньняшняга паведамленьня беларускага МЗС вынікае, што кіраўнік замежнапалітычнага ведамства яго праігнараваў.

Што да прадстаўнікоў апазыцыі, дык у Варшаве ад учорашняга дня ўжо знаходзіцца былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі, лідэр кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімір Някляеў.

Між тым у Варшаву прыедуць таксама старшыня Рады Эўразьвязу Гэрман ван Ромпэй, старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнты Чэхіі, Літвы, Румыніі, прэм’еры Гішпаніі, Францыі, Бэльгіі, Латвіі, Швэцыі, Вугоршычыны, Партугаліі ды іншыя эўрапейскія палітыкі – усяго прадстаўнікі 33 краінаў.

Саміт пачнецца ў чацьвер увечары – тады адбудзецца ўрачыстая вячэра з удзелам польскіх прэзыдэнта ды прэм’ера, а таксама вядучых эўрапейскіх палітыкаў.

Прысутныя будуць размаўляць пра будучыню дачыненьняў Эўразьвязу з усходнімі суседзямі. Плянуецца прыняцьце адмысловай дэклярацыі “Аб эўрапейскіх памкненьнях” краінаў-удзельнікаў праграмы “Ўсходняга партнэрства”, а таксама ўхваленьне пляну паступовай адмены візавага рэжыму, інтэграцыі з эўрапейскім рынкам і павелічэньня грашовых сродкаў на падтрымку рэформаў у шасьці краінах партнэрства да 2013 году.

“Усходняе партнэрства” – гэта польска-швэдзкая ініцыятыва, ухваленая ўсім Эўрапейскім Зьвязам у 2009 годзе ў Празе. Ініцыятыва прадугледжвае інтэграцыю шасьці краінаў-суседак аб’яднанай Эўропы з Эўрапейскім Зьвязам.
XS
SM
MD
LG