Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці можна друкаваць імёны ахвяраў?


Ула Сыгвардсан

Ула Сыгвардсан

У Горадні пачалася сустрэча з омбудсманам па справах прэсы Швэцыі Улам Сыгвардсанам. У ёй удзельнічаюць журналісты дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Праводзіць сустрэчу швэдзкі інстытут FOJO ў супрацоўніцтве зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім саюзам журналістаў.

Ці можна публікаваць здымкі, імёны тых, хто падазраецца ў злачынстве, але яшчэ не асуджаны? Наколькі важная прафэсійная этыка журналіста ў сучасным грамадзтве? Як карэктна і бесстаронна падаваць складаную інфармацыю? Пра гэта пачалася размова з гарадзенскімі журналістамі.

Ула Сыгвардсан паведаміў, што ягоная праца — разгляд скаргаў швэдзкага насельніцтва адносна СМІ, у асноўным друкаваных. Да таго як заступіць на пасаду омбудсмана па справах прэсы, цягам трыццаці пяці гадоў ён працаваў журналістам, значную частку гэтага часу быў звычайным рэпартэрам, сказаў Ула Сыгвардсан. Пазьней загадваў рэдакцыяй буйной штодзённай газэты, рэдагаваў вядомае рэгіянальнае выданьне.
Калі фармавалася швэдзкае дэмакратычнае грамадзтва, задумана было пабудаваць краіну, якая будзе трымацца на трох моцных апірышчах.

Пра што швэдзкія газэты маюць права паведамляць чытачам? Забаронена законам публікаваць дзіцячую парнаграфію, матэрыялы, якія могуць пашкодзіць меншасьцям — напрыклад, нацыянальным ці рэлігійным.

Астатняе ўсё дазволена, і дазволена безь ніякіх абмежаваньняў, падкрэсьліў швэдзкі госьць. Узьнікае пытаньне: чаму журналістам у Швэцыі дадзена такая свабода дзеяньня? Гэта зроблена ня дзеля таго, каб палегчыць ім жыцьцё, кажа Ула Сыгвардсан: “Такая свабода — адзін са складнікаў будаўніцтва швэдзкага грамадзтва. Прыблізна дзьвесьце гадоў таму, калі фармавалася швэдзкае дэмакратычнае грамадзтва, задумана было пабудаваць краіну, якая будзе трымацца на трох моцных апірышчах. Два зь іх — абраны народам парлямэнт і сыстэма правасудзьдзя, якія працуюць незалежна. Трэцяе і апошняе — гэта сыстэма адкрытасьці і публічнасьці. Яго задача — захоўваць і ўмацоўваць першыя два”.

Ула Сыгвардсан падкрэсьліў: “Калі адбываецца канцэнтрацыя ўлады ў якой-небудзь дзяржаўнай установе, структуры, то непазьбежным становіцца злоўжываньне ўладай. Трэцяе апірышча, на якім трымаецца швэдзкае дэмакратычнае грамадзтва, выражаецца ў прынцыпе публічнасьці: кожны грамадзянін Швэцыі мае права доступу да дзяржаўных дакумэнтаў рознага ўзроўню. Грамадзяне могуць знаёміцца з афіцыйнымі дакумэнтамі, якія прымаюцца ўладамі”.
Трэцяе апірышча, на якім трымаецца швэдзкае грамадзтва, выражаецца ў прынцыпе публічнасьці: кожны грамадзянін мае права доступу да дзяржаўных дакумэнтаў рознага ўзроўню.

У Швэцыі дзее Закон аб свабодзе друку. Калі ў вас ёсьць магчымасьць выкрываць злоўжываньні і карупцыю, то такім чынам дзее мэханізм зьмяншэньня гэтых зьяваў у грамадзтве, кажа швэдзкі прэс-омбудсман. У законе не гаворыцца пра нейкія абмежаваньні, напрыклад — ці можна публікаваць імёны ахвяраў здарэньняў? А вось агульнапрынятыя ў журналісцкай супольнасьці правілы кажуць, што — нельга. Правілы этыкі ў гэтым разе больш жорсткія, чымся заканадаўства.

Сустрэча ў Горадні адбываецца ў гатэлі "Славія". Заўтра швэдзкі прэс-омбудсман наведае Берасьце. Учора сустрэчы з журналістамі адбыліся ў сталіцы і ў Маладэчне.
XS
SM
MD
LG