Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: міліцыя папярэджвае, каб ня ўдзельнічалі ў акцыях


Будынак гарадзкога Савету дэпутатаў у Бабруйску

Будынак гарадзкога Савету дэпутатаў у Бабруйску

У Бабруйску грамадзкіх актывістаў міліцыя папярэджвае, што недапушчальна ўдзельнічаць у масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама парушаць заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі.

Актывістаў палохаюць штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Дэмакратычным актывістам тэлефануюць, запрашаючы на гутарку, а потым даюць падпісаць дакумэнт пад назвай “Пратакол перасьцярогі ад парушэньня парадку правядзеньня і ўдзелу ў масавым мерапрыемстве”.

“Патэлефанаваў на мабільны тэлефон участковы, сказаў, што неабходна падпісаць дакумэнт, што я ня буду хадзіць на плошчу, на розныя акцыі і на несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Ён патлумачыў, што аднекуль прыйшла папера, ці то з камітэту, ці зь Менску, што я ў складзе “Маладога фронту”. Я яму адказаў, што мяне ў гэтай арганізацыі даўно няма, але ён настойліва прасіў прыйсьці і пагутарыць і падпісаць паперу. Я прыйшоў і падпісаў”, — паведаміў Максім Чарняк, які наведаў міліцыю.

У міліцыю выклікалі й журналістку Алесю Скапінцаву. Сустракацца з участковым дзяўчына адмовілася, спаслаўшыся на неабходнасьць параіцца зь юрыстам. Міліцыянт паабяцаў ператэлефанаваць, але больш не тэлефанаваў, кажа Алеся Скапінцава.

“Ён адрэкамэндаваўся Леанідам Максімавым. Сказаў, што я мушу нешта падпісаць. Я адмовілася. Мяне гэта абурыла, што ў нашай краіне вось так ставяцца да людзей, якія інакш думаюць, і параўноўваюць іх са злачынцамі. Відавочна, што вальнадумства ў нас стала галоўным злачынствам”, — заявіла Скапінцава.

“Пратакол перасьцярогі” выпісаны, паводле праваабаронцаў, начальнікам упраўленьня ўнутраных справаў Бабруйскага гарвыканкаму Аляксандрам Васільевым.

27 верасьня ў офісе бабруйскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі міліцыя канфіскавала агітацыйныя матэрыялы да Народнага сходу, які павінен адбыцца ў Бабруйску 8 кастрычніка.

Выклікі ў міліцыю і канфіскацыю агітацыйных матэрыялаў у Бабруйску актывісты разглядаюць як спробу сарваць правядзеньне мясцовага Народнага сходу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG