Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 верасьня ў Менску пройдзе паседжаньне часткі сяброў распушчанай грамадзкай кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Яны разгледзяць прапанову старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімера Карагіна стварыць грамадзкае аб'яднаньне з дзесятка актыўных удзельнікаў былой рады.

На 28 верасьня было заплянаванае чарговае паседжаньне рады, але напрыканцы мінулага тыдня Ўладзімер Макей яе распусьціў, каб яе сяброў не абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з уладамі.

"Праца рады ня можа быць па-сапраўднаму плённай у атмасфэры абвінавачваньня ў тым, што гэтая структура цалкам падкантрольная ўладзе і сябры рады — прызначэнцы адміністрацыі", – патлумачыў тады Макей.

Грамадзкая кансультатыўная рада была ўтворана ў 2009 годзе пры адміністрацыі прэзыдэнта. Яе мэта палягала ў абмеркаваньні актуальных пытаньняў разьвіцьця дзяржавы і грамадзтва, выпрацоўцы прапаноў па ўключэньні Беларусі ў агульнасусьветныя працэсы, удасканаленьні кірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага разьвіцьця краіны.

Рада зьбіралася вельмі рэдка. А ў лістападзе мінулага году Ўладзімер Макей прыпыніў дзейнасьць гэтага фармаваньня на нявызначаны час. Ён абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што з боку прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сяброў рады пайшла крытыка: маўляў, гэта "бутафорская" і "дэкляратыўная" структура. Потым рада зноў спрабавала аднавіць сваю працу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG