Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак у Беларусі ў даляравым эквіваленце зьменшыўся сёлета з пачатку году ў 2 разы і апусьціўся да 250 даляраў. Гэта — дадзеныя афіцыйнай статыстыкі, якая таксама сьведчыць, што сёлета чакаецца найбольшы за час крызісу адток працоўнай сілы за межы краіны.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Людзі ўцякаюць. Многія ў Маскву едуць…»

Спадарыня Валянціна з Воршы — ужо пэнсіянэрка. Але вымушана па-ранейшаму працаваць настаўніцай у школе, бо на адну пэнсію цяпер не пражывеш.

«У мяне і заробак, і пэнсія. Але ні на адну пэнсію, ні на адзін заробак не пражывеш — я б ужо даўно ногі так выцягнула. І пэнсія цяпер, выходзіць, у мяне нават крыху большая за заробак. Разам усяго каля мільёна трохсот атрымліваецца. Так што добра, што я жыву адна, але з аднаго боку добра, а з другога — наадварот. У мяне хата вялікая, а газ ужо амаль тысяча за адзін куб. Узімку да 500 кубоў у месяц нагарае!».

Пэнсіянэрка задаволеная, што ў школах ёсьць вольныя месцы — так можна знайсьці сабе хаця б падпрацоўку. Аднак гэтая зьява адлюстроўвае іншую праблему: на адзін настаўніцкі заробак не пражывеш, таму ў школах — масавыя звальненьні, гаворыць спадарыня Валянціна:

«У нас у 8-й школе, я чула, трох настаўнікаў пачатковай школы бракуе, дык запрасілі пэнсіянэраў. Бо моладзь сыходзіць: у нас дзяўчаты пасьля ўнівэрсытэту добра калі 800 тысяч атрымліваюць. Вунь у вартаўніка, была аб’ява, і то мільён заробак! Дык там адказнасьці аніякай, а ў нас ледзь што — дык адразу да сьценкі ставяць! Людзі ўцякаюць. Многія ў Маскву едуць, з 3-й школы трое, я чула, з 4-й… толькі й слухаеш: той паехаў, той паехаў, той паехаў…».

Дарэчы, вартаўніком цяпер уладкавацца практычна немагчыма: у віцебскім цэнтры занятасьці ўсе падобныя вакансіі зьніклі, бо людзі актыўна шукаюць падпрацовак.

Вольга, 26-гадовая юрыстка з Полацку, таксама ня можа знайсьці аніякіх магчымасьцяў, каб падзарабіць — працуючы поўны дзень, на нейкую іншую працу яна практычна ня мае часу:

«Шукаць падпрацоўку — дык гэта фізычна нерэальна. Варыянт другі: шукаць багатага мужа. Але таксама сумнеўна: раней заробак нават у два з паловай мільёны лічыўся прэстыжным, а цяпер так — пражытковы мінімум».
Пры такім заробку са страхам чакаю камунальных плацяжоў…

Сама спадарыня Вольга атрымлівае менш за палову вызначанага ёй «пражытковага мінімуму»:

«Я атрымліваю на рукі мільён 100 тысяч. Яшчэ тры месяцы таму я ганарылася такім заробкам: вядома, маладая дзяўчына, ня замужам, а магу сябе забясьпечыць. А цяпер з такім заробкам са страхам чакаю камунальных плацяжоў, бо тарыфы ўжо вырасьлі. Пра набыцьцё новых рэчаў — ужо пытаньні, бо нават кошты ў харчовых крамах уводзяць у дэпрэсію. Яшчэ колькі тыдняў таму ўсе бегалі, шукалі валюту. А цяпер яна ёсьць, толькі каму яна цяпер трэба?».

Далейшае падаражэньне тавараў і харчоў можа прывесьці да татальнай маргіналізацыі грамадзтва, кажа Вольга:

«Людзі, якія раней атрымлівалі прыстойныя заробкі, у якіх былі здольныя рукі і добрая адукацыя, цяпер зьяжджаюць.Так неўзабаве ў нас застануцца толькі тыя, каго цяперашнія заробкі задавальняюць, бо на таннае віно ім хапае! А так — вельмі шмат маіх знаёмых проста зьехалі ў Расею».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Вымываюць у людзей грошы, забіраюць, абкрадаюць чарговы раз»

Актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Анатоль Хацько сочыць за сытуацыяй на прадпрыемствах Горадні, пераважна машынабудаўнічых, на адным зь якіх раней узначальваў прафкам.

Хацько: «Заробкі практычна нідзе не падымалі, былі зроблены выплаты на прадпрыемствах пад маркай „на гародніну“. Цяпер усе стараюцца рабіць разавыя выплаты: ці прэміі падымаюць, ці сацыяльныя выплаты. Але стаўку першага разраду не падымаюць, усе дырэктары баяцца: а што будзе заўтра? У гэтым месяцы штосьці зьявілася, узялі — далі. У наступным паглядзелі свой балянс, што ў іх там нешта ёсьць, то даюць. Вось так выкручваюцца дырэктары. А тут „сякера“ над імі: нявыплата заробкаў — уключна да крымінальнай адказнасьці».

Але сам заробак не падвышаюць, зазначае Анатоль Хацько. Што праўда, значных звальненьняў пакуль няма.

Хацько: «Па-першае, каго звальняць? Працуюць пэнсіянэры і людзі перадпэнсійнага ўзросту, яны працуюць за капейкі. За васямсот тысяч, за мільён будуць працаваць, таму што пэнсію маюць. Усё: будучыні там ніякай, адназначна».
Працуюць пэнсіянэры і людзі перадпэнсійнага ўзросту, яны працуюць за капейкі.

У прафсаюзе «Садружнасьць» паведамілі, што на адным з гарадзенскіх прыватных прадпрыемстваў падвысілі заробкі, аднак такіх прыкладаў няшмат.

Спадар: «Больш за ўсё цярпяць дробныя, зборачныя прадпрыемствы. Ёсьць, што закрываюцца. Напрыклад: было трыццаць восем працаўнікоў, засталося дванаццаць. Ня ведаю, да канца году, можа, давядзецца ім закрыцца. Было прадпрыемства ў Астраўцы, набірала людзей нават, а цяпер усё: банкрут. Маленькія, карлікавыя прадпрыемствы, якія нічога свайго ня маюць, арэнду якія мусяць плаціць, — ім складана выжыць».

Анатоль Хацько зьвяртае ўвагу на тое, што людзі здаюць сёньня адкладзеную валюту менавіта таму, што ім не хапае грошай на жыцьцё:

«Чэргі ў абменьніках паказваюць, што людзі ідуць, здаюць свае запасы, бо заробкаў не хапае. Ён сказаў узяць сем мільярдаў у людзей, вось іх бяруць. Заробкі не падымаюцца, цэны вырасьлі, людзі практычна заробкі трацяць на камунальныя і харчаваньне. Астатняе — запасы, сем мільярдаў, пра якія марыць прэзыдэнт. Людзі не ўкладаюць у банк грошы, а нясуць здаюць. Вось такая эканоміка. А потым іх атрымаюць нашыя доблесныя прадпрыемствы, вырабяць друхло і пакладуць на склад. Паглядзіце, якая курсавая розьніца паміж купляй і продажам, такога ніколі не было — амаль у тысячу рублёў. Проста вымываюць у людзей грошы, забіраюць, абкрадаюць чарговы раз. І ў асноўным бедных, не багатых».

У цягніку чуў размову пажылых людзей, кажа Анатоль Хацько:

«Вось занесла пяцьсот даляраў, трымала „грабавыя“, але пайшла здаваць, бо сказаў, што „будуць чатыры тышчы“ яны».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«На мясцовых прадпрыемствах — прыхаванае беспрацоўе: два дні людзі працуюць, тры чакаюць…»

Як кажа намесьніца кіраўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк зь Берасьця, многія людзі часта скардзяцца на нізкія заробкі:

«На нашых прадпрыемствах заробкі і раней былі няважныя. А зараз далей, і няма куды ўсё гэта цярпець. Зьдзельшчыкаў непакоіць схаванае беспрацоўе — два дні на тыдзень працуюць, а тры дні чакаюць, што іх паклічуць на працу.
Два дні на тыдзень працуюць, а тры дні чакаюць, што іх паклічуць на працу..
Адсюль такія й заробкі. Адзінае, што ратуе — што мы тут пры мяжы, таму некаторыя ўсё ж выкручваюцца. Яшчэ ж выгадна езьдзіць у Польшчу з той жа саляркай…».

Сапраўды, на «салярачным» нелегальным бізнэсе многія берасьцейцы здабываюць сваю валютную капейчыну. Гаворыць прадпрымальнік Уладзімер:

«Хто мае 80-літровы бак, калі выедзе ў Польшчу і прадасьць аптавікам, каля 80 даляраў на адным баку мае. Ну, а калі яшчэ возьме па два блёкі цыгарэт — гэта яшчэ дадаткова 20 даляраў. Ну, і назад возьме нейкі тавар — вось рэальна за адну паездку чалавек прывозіць 120–130 даляраў. Ня маючы магчымасьці прыстойна зарабляць на прадпрыемствах, людзі пачынаюць займацца вывазам саляркі, цыгарэтаў, то бок кантрабандай. Людзям трэба проста выжываць — гэта цяжкі час».

Намесьнік кіраўніка рэспубліканскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі зь Берасьця таксама пагаджаецца з думкай, што берасьцейцам дапамагае выжываць нелегальны бізнэс:

«Ёсьць цэлыя групы перавозчыкаў, якія перавозяць абутак, адзеньне, апаратуру і гэтак далей. З кожнай рэчы ім плоцяць асобныя грошы: з пары абутку — да 6 даляраў, з адной курткі — 3–5 даляраў. Калі нехта на сябе запісвае тэлевізар — 20 даляраў. Вось такія заробкі, вось так жыве памежжа…».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG