Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белая Русь" захацела стаць партыяй


Улады Беларусі прысьпешваюць стварэньне падкантрольнай партыі "Белая Русь". Усьлед за Шкловам гэтую ініцыятыву падтрымалі ў Добрушы. Упершыню ідэю ператварэньня "Белай Русі" ў партыю агучыў старшыня Савету рэспублікі Анатоль Рубінаў у паездцы па Магілёўшчыне.

У Добрушы на пашыраным пасяджэньні раённай структуры "Белай Русі" падтрымалі ініцыятыву арганізацыі мясцовай лякарні аб ператварэньні аб'яднаньня ў партыю. Адпаведны зварот з заклікам склікаць нечарговы зьезд накіравалі ў абласную арганізацыю, паведаміў намесьнік старшыні Добрускага райвыканкаму Мікалай Лысенка. Ён патлумачыў такую ідэю тым, што аб'яднаньню ўжо "не хапае статусу".

"Калі гэтая партыя падтрымлівае дзяржаўную палітыку, а любой уладзе трэба на нешта абапірацца. Няма яшчэ ў сьвеце ніводнай дзяржавы, у якой дзяржаўная ўлада не абапіралася б на нейкую партыю ці грамадзкую падтрымку. Пакуль яшчэ ў нас у сьвеце не прыдумана".

Напрыканцы жніўня на пашыраным пасяджэньні рады Магілёўскай абласной арганізацыі "Белая Русь" разглядалі такую ж ініцыятыву Шклоўскай раённай арганізацыі аб ператварэньні ў партыю. Упершыню гэтую ідэю выказаў старшыня Савету рэспублікі Анатоль Рубінаў у паездцы па Магілёўшчыне. Чаму чыноўнікі менавіта цяпер прысьпешваюць стварэньне праўладнай партыі "Белая Русь"? Паводле лідэра ЛДП Беларусі Сяргея Гайдукевіча, афіцыйны Менск баіцца, што Расея можа не прызнаць будучыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі.

Сяргей Гайдукевіч

"Хочуць згуляць у дэмакратыю, але не чакайце, нічога ня будзе. Яны проста пойдуць па старой сыстэме, па аднамандатных акругах, а потым там створаць партыю. Нічога ня будзе. У іх партыя не атрымліваецца. У іх масавы недахоп людзей. Людзі не ідуць, і таму яны будуць рабіць гэтую імітацыю. А ў парлямэнт пойдуць па старой схеме. Па маіх дадзеных, Расея папярэдзіла катэгарычна, што ня будуць прызнаныя выбары ў парлямэнт, калі ня будзе нейкіх зьменаў. Вось яны зараз і спрабуюць нешта ўдаваць. Цяпер сытуацыя сур'ёзная, трэба нешта паказваць. Бо інакш хто будзе браць удзел у гэтых выбарах? Хто пойдзе наступаць на граблі дзясяты раз?".

У "Белай Русі" заяўляюць, што ў шэрагах арганізацыі больш за 120 тысяч чалавек. Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць гэтую структуру штучнай, бо ў яе няма шырокай падтрымкі.

Уладзімер Мацкевіч

"Гэта цалкам праўладная структура, і ствараецца яна дзеля таго, каб кіравацца ўладнымі рычагамі. І ўзор для яе — расейская "Адзіная Расея". А масавае сяброўства ў такіх структурах забясьпечваецца праз адміністратыўны рэсурс. То бок усё чынавенства вымушанае запісвацца ў такога кшталту партыі. Гэта самы просты спосаб задзейнічаць адміністратыўны рэсурс у выбарчым працэсе".

Тое, што ўлады цяпер актыўна ўзяліся за ператварэньне аб'яданьня ў партыю, спадар Мацкевіч зьвязвае з будучымі парлямэнцкімі выбарамі.

"Зараз улады вырашылі, што час вывесьці яе з закансэрваванага стану і зрабіць нейкай структурай, якая можа спатрэбіцца пад выбары. Зараз пачынаецца падрыхтоўка да выбараў. Прычым улады пакуль ня ведаюць, у якім выглядзе гэтыя выбары будуць праходзіць. Бо ціск з боку Эўразьвязу, уздым апазыцыйных сілаў, якія рыхтуюцца да гэтых выбараў, можа паўплываць на зьмену працэдуры выбараў. Можа здарыцца так, што пад гэтым ціскам улады вымушаныя будуць хоць трохі лібэралізаваць выбарчы працэс. І каб правесьці сваіх людзей у "палатку", яны ствараюць гэты рэсурс пра запас, гэтую партыю "Белая Русь". Загадзя ідзе падрыхтоўка да чарговага палітычнага напружаньня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG