Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль у суседніх краінах адбываецца абясцэньваньне нацыянальных валют, у Беларусі вартасьць рубля расьце. На сёньняшніх біржавых таргах рубель зафіксаваўся на адзнацы 7760 за даляр, умацаваўшыся яшчэ на 70 пунктаў. Такім чынам, ад пачатку таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы нацыянальная валюта ўмацавалася да даляра на 10% — ад першапачатковых 8600.

За апошнія месяцы польскі злоты патаньнеў на 17% у адносінах да даляра. Больш за 15% страціў у адносінах да амэрыканскай валюты расейскі рубель. Не ў такіх аб'ёмах, але губляюць ранейшыя пазыцыі ўкраінская грыўня і літоўскі літ. І толькі беларускі рубель на гэтым тле дэманструе моц, падросшы за два тыдні на 10% у адносінах да даляра, на 13% — да эўра і ажно на 21% — да расейскага рубля. Праўда, ня трэба забывацца, што перад гэтым рубель за паўгода абваліўся на 300%: у сакавіку даляр афіцыйна каштаваў 3000, а ў верасьні на чорным рынку — 9000.

На думку былога дырэктара Беларускай фондавай біржы Валера Кругавога, нічога дзіўнага ў такіх паказьніках няма — рубель папросту "выконвае волю" вышэйшага кіраўніцтва, якое паабяцала ўраўнаважыць афіцыйны і рынкавы курс у другой дэкадзе кастрычніка:

"У дадзеным выпадку адбываецца адміністрацыйнае рэгуляваньне. Гэта
кіраўніцтва Нацбанку паказвае галоўнаму шэфу, што яно кантралюе сытуацыю ...

бачна найперш па аб'ёмах — аб'ёмы ж на дадатковай сэсіі зусім невялікія. Таму тое, што для птушачкі яны могуць зрабіць на 500 рублёў уніз, на 500 рублёў уверх, нічога не азначае. Проста кіраўніцтва Нацбанку паказвае галоўнаму шэфу, што яно кантралюе сытуацыю. Вось і ўсё. Насамрэч гэта цалкам ручное кіраваньне. Прыкладам, у Расеі рэгуляваньне ідзе праз інтэрвэнцыі Банку Расеі — ён то купляе, то прадае, і гэта таксама ў пэўнай ступені адміністрацыйнае рэгуляваньне. А ў Беларусі гэтае адміністрацыйнае рэгуляваньне — з улікам таго, што валютныя запасы Нацбанку вельмі маленькія, дый то яны практычна толькі на паперы, — набывае рысы палітычнага ўплыву".

Адзін зь менскіх бізнэсоўцаў таксама лічыць, што ўлады ўключылі мэханізм штучнага ўмацаваньня рубля, бо ня можа ў іншых краінах даляр расьці, а ў адной толькі Беларусі страчваць пазыцыі. Дый працу біржы ён ня лічыць празрыстай, бо няма дакладнай інфармацыі, ці насамрэч усе заяўкі на валюту задавальняюцца. Цяпер валютная прапанова нашмат перавышае попыт, што натуральным чынам спрыяе паніжэньню кошту даляра і ўмацаваньню рубля:

"Мае заяўкі былі задаволеныя, але магу сказаць, што ў мяне заяўкі былі
каб цяперашнія тэндэнцыі захоўваліся, на біржы пэрыядычна будуць узьнікаць сандні, збоі праграмаў, барацьба з прусакамі ...

зусім невялікія, таму гэта яшчэ не паказьнік. Увогуле асабіста я прагназую, што дзеля таго, каб цяперашнія тэндэнцыі захоўваліся, на біржы пэрыядычна будуць узьнікаць сандні, збоі праграмаў, барацьба з прусакамі і т.п. Адзін з такіх эпізодаў на мінулым тыдні ўжо быў — на паўдня раптам завісла кампутарная праграма, хоць сэсію ўрэшце яны правялі. Праўда, спачатку абвясьцілі, што таргоў ня будзе, але потым, відаць усё ж сумленьне заела. Тым ня меней задача была выкананая: абвалілі аб'ём, але правялі".

Яшчэ больш умацаваць пазыцыі беларускага рубля кіраўніцтва разьлічвае коштам зьнешніх запазычаньняў. У Міжнародны валютны фонд накіраваная заяўка на 8 мільярдаў даляраў, аднак адсутнасьць прагрэсу ў рэфармаваньні эканомікі робіць пэрспэктывы атрыманьня значнай крэдытнай дапамогі прывіднымі. Як кажа фінансавы кансультант Ірына Кухарчык, не да канца зразумелыя захады беларускага ўраду і Нацбанку на выхад з валютнага крызісу ставяць пад сумнеў магчымасьць паразуменьня:

"Лукашэнка ўвесь час нешта абяцае. Але пакуль гэта толькі словы. Бо, як
ў сапраўднасьці ніякіх плянаў на выхад з крызісу няма, прынамсі, да грамадзкасьці іх так і не давялі ...

памятаем, яшчэ пры канцы жніўня былі абяцаныя крокі, а вырашэньне сытуацыі — усё роўна цягам месяца-двух. Таму я думаю, што і МВФ урэшце вельмі пільную ўвагу будзе зьвяртаць на тое, што эканамічная палітыка беларускіх уладаў абсалютна незразумелая, яна слаба прадказальная і г.д. Бо ў сапраўднасьці ніякіх плянаў на выхад з крызісу няма, прынамсі, да грамадзкасьці іх так і не давялі — апроч толькі абяцаньня нейкіх тэрмінаў. Таму гэта таксама нэгатыўны момант. Калі МВФ прыме нейкае рашэньне (альбо ня прыме), то вельмі вялікую ролю сыграе якраз адсутнасьць нейкай дакладнай і зразумелай эканамічнай палітыкі".

Нягледзячы на зьнешняе ўмацаваньне нацыянальнай валюты, аўтарытэтнае рэйтынгавае агенцтва "Standard&Poor's" панізіла для Беларусі рэйтынгі крэдытаў пад дзяржаўную гарантыю: доўгатэрміновы паніжаны з B да B-, кароткатэрміновы — з B да C. Экспэрты адзначаюць: паніжэньне рэйтынгаў абумоўлена залежнасьцю краіны ад зьнешняга фінансаваньня з прычыны значнага дэфіцыту на рахунку бягучых апэрацый і нізкага ўзроўню даступных рэзэрваў. У аналітыкаў застаюцца сумневы наконт здольнасьці ўраду забясьпечыць патрэбнае фінансаваньне: каб ліквідаваць прычыны зьнешняга дысбалянсу, зробленыя толькі абмежаваныя захады, але глыбокія рэформы не праведзеныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG