Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынцу толькі намякалі, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні


Павал Севярынец

Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту стваранай партыі БХД, палітвязень Павал Севярынец кажа, што яму толькі намякалі, кааб напісаў прашэньне аб памілаваньні.

Севярынец, які адбывае пакараньне на "хіміі" ў спэцкамэндатуры каля вёскі Куплін Пружанскага раёну, патлумачыў "Свабодзе", што яго надта не ўгаворвалі, бо разумелі, якой будзе рэакцыя вязьня:

"Так, адміністрацыя камэндатуры намякала мне пару разоў, але, бачачы маю рэакцыю, разумелі, што ня варта са мной весьці такіх размоваў. Казалі мне, што, маўляў, вы ж ведаеце, што можаце аблягчыць свой стан, на што я ім адразу ж адказаў, што далей могуць і не працягваць, бо я й так усё ведаю, таму як Бог дасьць, так і будзе. На гэтым такія прапановы і заканчваліся", — заявіў Севярынец.

Палітзьняволены кажа, што не зьбіраўся і не зьбіраецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Павал Севярынец таксама распавёў, што атрымаў першы заробак за 11 дзён працы ў жніўні ў фэрмэрскай гаспадарцы "Бардо" — 384 тысячаў рублёў.

У "Бардо" сустаршыня аргкамітэту БХД працуе рознарабочым на складзе запчастак.

16 траўня Павал Севярынец, які падчас выбараў 2010 году кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
XS
SM
MD
LG