Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін як падсьвядомае беларускіх СМІ


Прапанова Дзьмітрыя Мядзьведзева аб вылучэньні Ўладзіміра Пуціна ў прэзыдэнты Расеі нарабіла шоргату ў беларускіх мэдыях. Вылучэньне мела ўсе рысы заўчаснай каранацыі, з блаславеньнямі кіраўніцтва царквы (гл. заяву протаіерэя Ўсевалада Чапліна пра сабж) ды ўрачыстымі віншаваньнямі з боку запрошаных, у ліку якіх быў украінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч.

Аднак, калі пануючы настрой у расейскай Інтэрнэт-прасторы – жартаўліва-лёгкі, увасоблены ў прыколах на bash.org, кшталту, а “потым яны яшчэ прозьвішчамі памяняюцца”, дык у Беларусі да гэтага паставіліся сур’ёзна. Зноў жа, выснова аб тым, ці добрае гэтае вылучэньне, цалкам залежыць ад таго, якія мэдыі ты спажываеш.

Першым у недзяржаўных мэдыях вяртаньне Пуціна да ўлады ў Расеі пракамэнтаваў Андрэй Дынько ў “Нашай ніве”. Артыкул з характэрнай назвай “Шкада Расеі” нагадвае, што нават у таталітарным Кітаі праз кожныя 10 гадоў мяняюцца пакаленьні ў кіраўніцтве. Дынько сьцьвярджае, што пажыцьцёвая дыктатура адной асобы, якую абрала Расія, - вартая жалю, бо “нязьменнасьць кіраўніка азначае раней ці пазьней нарастаньне супярэчнасьці між нязьменнасьцю ўлады і зьменамі ў грамадзтве”, а гэтае гарантуе “рэвалюцыю ці пераварот”.

Ня менш “прыемныя” высновы, аднак гэтым разам – для Беларусі, робяцца ў інтэрвію філёзафа Ўладзімера Мацкевіча рэсурсу “Заўтра тваёй краіны”.
У Беларусі да гэтага паставіліся сур’ёзна.

Мацкевіч сьцьвярджае, што вылучэньне Пуціна нясе сур’ёзную небясьпеку Беларусі. Бо пасьля інаўгурацыі “Пуцін пачне рэалізоўваць тую місію, для якой ён прыйшоў ва ўладу. Ягоная лінія накіраваная на ўзнаўленьне былой значнасьці Расеі ў сьвеце, калі ня ў выглядзе Савецкага Саюзу, дык у выглядзе геапалітычнага цэнтру, які здолее супрацьстаяць і ЗША, і Эўропе...”.

Такое самае ўражаньне пакідае публікацыя Аляксандра Класкоўскага на “Навінах”. На думку аўтара, у Лукашэнкі з Пуціным не атрымалася пасябраваць з самага пачатку. Класкоўскі нагадвае, што ў разуменьні Пуціна Беларусь – гэта нешта вартае тэрміновага ўключэньня ў склад Расеі.

Зусім іншыя інтанацыі пануюць у беларускай дзяржаўнай прэсе. Пачнем з таго, што значная частка мастадонтаў беларускай ідэалёгіі наогул зрабілі выгляд, што не заўважылі падзеяў у расейскім кіраўніцтве.

Так, у 11.00 27 верасьня ў “Рэспубліцы” на галоўнай старонцы быў вывешаны адзіны артыкул пра саюзныя дачыненьні і закранаў ён тэму 20-годзьдзя СНД. “Народная газета” (час прагляду - той самы) у блёку “У цэнтры ўвагі” паведамляла пра ўчорашняе паседжаньне па спорце ў прэзыдэнта, пра стварэньне холдынгу на базе канцэрну “Белнафтахім” ды пра пошук інвэстара пад распрацоўку калійных ўгнаеньняў (кранальная назва артыкула: “Государство свою выгоду не упустит”).

Затое вяртаньне Пуціна да ўлады пракамэнтавала газэта “СБ”. У артыкуле зь ня менш кранальнай назвай “Победитель получает всё”, аўтар Ніна Раманава зрабіла наступныя назіраньні. Па першае, Расею чакаюць дзесяцігодзьдзі ўстойлівага, спакойнага разьвіцьця (супастаўце з адчуваньнямі Андрэя Дынько, які прадказвае “рэвалюцыю ці пераварот”), а ўнутраныя перадумовы для гэтага ёсьць.
У беларускіх недзяржаўных мэдыяў на старонках тое, што на розуме ў дзяржаўных.

Расейскую апазыцыю газэта называе “жалкой кучкой протестующих” ды нагадвае, што ў выходныя Барыс Нямцоў ды ягоныя паплечнікі ня здолелі вывесьці на вуліцы больш за 100 чалавек. “Это исчерпывающая характеристика несистемной оппозиции в России”, - сьцьвярджае газэта. Што тычыцца беларускага фокусу пуцінскай праблематыкі, дык і тут “СБ” не супадае з “Нашай нівай”, Мацкевічам ды “Навінамі”: “Было бы глупо готовиться сегодня к чему–то другому, как не к конструктивному сотрудничеству с Россией”. Болей за тое, “Россией Путина”.

Далей ідзе вельмі цікавы сказ: “Несмотря на очевидную искусственность «всенародной» партии «Единой России», нельзя не признать, что на данный момент это реальная, причем доминирующая сила”. Не будзем ламаць галовы на тэму таго, як “відавочна штучная” палітычная сіла адначасова можа быць “рэальнай, прычым дамінуючай” (можа, не такая яна штучная? Ці, наадварот – не такая рэальная?) Давайце лепей паспрабуем зрабіць высновы з апісанага.

1. У беларускіх недзяржаўных мэдыяў на старонках тое, што на розуме ў дзяржаўных. Пры гэтым цікавасьць моманту палягае ў тым, што чытачам недзяржаўных мэдыяў ёсьць нашмат менш чаго губляць. Гэта менавіта дзядзечкі зь дзяржаўных установаў, набліжаныя да дзяржаўнай маёмасьці ды дзяржаўных інтарэсаў, згубяць усё, што маюць, калі Пуцін пачне рэалізоўваць уласны плян “энэргетычнай супэрдзяржавы”, з падпарадкаваньнем Беларусі ды татальнай прыватызацыяй актываў расейскімі алігархамі. Чытачам недзяржаўных СМІ баліць хутчэй за “сымбалічную Беларусь”, за такія канцэпты, як незалежнасьць, гістарычная спадчына, мова, а не за ўласныя выгоды ў выглядзе кантролю над прадпрыемствамі ды бізнэсамі. І ў разам з тым менавіта недзяржаўныя СМІ маюць раскошу пісаць усё як ёсьць і як будзе – пра небясьпеку вяртаньня Пуціна для Беларусі.

2. Расея працягвае ўспрымацца незалежнай часткай беларускай экспэртнай супольнасьці ды мэдыямі як пагроза. Пры гэтым ня будзем выключаць таго, што менавіта ў гэтай якасьці яна ўспрымаецца і “залежнымі” ці дзяржаўным экспэртамі ды мэдыямі. Аднак тыя, падпарадкоўваючыся штодзённай геапалітычнай кан’юнктуры (цяпер у нас зноў Захад вораг, не Расая), ня могуць аб гэтым заявіць уголас.

3. Мы працягваем існаваць у дзьвюх інфармацыйных рэальнасьцях, якія ніяк не карэспандуюцца адна з адной. Для чытачоў “Нашай нівы” Расея Пуціна – вартая жалю, для чытачоў “СБ” вартая жалю расійская апазыцыя ды ўсе тыя, хто спрабуюць нешта зьмяніць.

Ну а на заканчэньне апішу выпадак, які здарыўся са мной днямі. Еду па Менску, чую – нешта скрыгоча побач. Так гучна, як быццам жалезам па шкле, прабачце за калямбур. Гляджу – побач едзе мужык на старым “Опэлі”. А ў таго “Опэля” глушак адарваўся ды шкрэбае адным бокам па асфальце. Іскры ляцяць у бакі – ну фэервэрк натуральны! Я, карацей, тармажу побач, расчыняю акно, крычу яму: “Глушыцель! Глушыцель прывяжы!”
Расея працягвае ўспрымацца незалежнай часткай беларускай экспэртнай супольнасьці ды мэдыямі як пагроза.

А ён ня чуе, далей сабе едзе. Я тады на сьветлафоры з машыны – скок, падлятаю да яго, крычу ў вакно, а ён шкло, ня гледзячы на мяне, падымае, павольненька так. І музло ў магнітоле чым грамчэй! А ззаду мне ўжо бібікаюць – ехай давай. Ну я скок за руль, еду далей, гляджу – мужык 100 мэтраў праехаў, ужо іншы добразычлівец яму рукамі махае – “глушыцель прывяжы!” Дык ясна, што я ня першы быў ды ня я апошні. Зразумела: сам ён добра ведаў, што глушаком аб асфальт тармозіць. Аднак што тут зробіш? Ну шкрэбае дык хай сабе шкрэбае! Едзе, мабыць, на СТА ціхенька ды робіць выгляд, што ня чуе тых, хто яму на дапамогу сьпяшаецца.

Якое дачыненьне гэтая гісторыя мае да гісторыі з асьвятленьнем будучай перамогі Пуціна ў беларускіх мэдыях? З тым, што адны крычаць, чым гэта можа скончыцца, спрабуюць зьвярнуць увагу, а іншыя – робяць выгляд, што не заўважаюць? Ды не, ніякага дачыненьня ня мае. Ніякага!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG