Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над экспэртам-дактыляскапістам праходзіць у закрытым рэжыме


Віцебскі абласны суд вырашыў, што справа экспэрта, які не правёў дактыляскапію Дзьмітрыя Канавалава, аднаго з абвінавачаных у выбуху ў менскім мэтро, будзе разьбірацца ў закрытым рэжыме.

Старшыня Віцебскага абласнога суду Мікалай Хамічонак заявіў, што "матэрыялы справы ўтрымліваюць зьвесткі пра дзяржаўныя таямніцы, у сувязі з гэтым пры прызначэньні справы да вытворчасьці было прынята рашэньне аб правядзеньні закрытага судовага пасяджэньня".

Прозьвішча падсуднага экспэрта таксама не паведамляецца. Вядома толькі, што ў дачыненьні да аднаго з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў УУС Віцебскага аблвыканкаму сьледчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласьці было праведзена расьсьледаваньне паводле крымінальнага артыкула "Службовая халатнасьць".

Сьледчыя высьветлілі, што 20 студзеня 2009 году ў гарадзкім ваенным ваенкамаце экспэрт не правёў дактыляскапію прызыўніка. Паверыўшы вуснай заяве Канавалава і ня спраўдзіўшы яе, службовец выдаў даведку пра тое, што прызыўнік праходзіў дактыляскапію раней і што няма неабходнасьці рабіць яе паўторна.

Такім чынам Канавалаў ня быў правераны на датычнасьць да выбуху ў Менску 3 ліпеня 2008 году. Гэта, паводле сьледзтва, дазволіла яму застацца беспакараным за зьдзейсьненае злачынства і ўчыніць тэракт у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году.
XS
SM
MD
LG