Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтоўка да Народнага сходу: улёткі, штрафы, арышты


8 кастрычніка ў Менску, а таксама яшчэ ў амаль 30 гарадах і пасёлках Беларусі плянуецца правесьці Народныя сходы, на якіх будуць абмяркоўвацца пераважна сацыяльна-эканамічныя праблемы: як спыніць рост цэнаў, падвысіць заробкі, кампэнсаваць абясцэненыя ў выніку інфляцыі і дэвальвацыі рублёвыя ўклады насельніцтва. Сярод палітычных патрабаваньняў — вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Да Народнага сходу рыхтуюцца ў Гомелі, Жлобіне, Рэчыцы, Сьветлагорску

Неабходная колькасьць падпісаў (10% ад насельніцтва вуліцы ці рэгіёну) дзеля правядзеньня сходу сабрана ў Гомелі на вуліцах Юбілейнай, 50 год БССР, Цімафеенкі ды некаторых іншых.

Апавядае кіраўнік гарадзкога аргкамітэту, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«На гэтых вуліцах былі сабраныя подпісы, і, адпаведна, на гэтых вуліцах вялося інфармаваньне. Гэта былі ўлёткі, запрашэньні, у якіх паведамлялася, у якім месцы, у які дзень і час будзе праходзіць сход і які парадак дня сходу — так патрабуе закон пра рэспубліканскія й мясцовыя сходы. Іншая справа, што, мажліва, не ўдалося ўсіх паінфармаваць, паколькі былі затрыманьні й быў перасьлед».

«Неабходна будзе вырашаць тэхнічныя моманты й арганізацыйныя пытаньні: хто будзе весьці сход, хто й за што адказваць — хто будзе займацца аховай, складаць сьпіс выступоўцаў, высьвятляць, ці будуць яшчэ дадатковыя пытаньні, апрача вынесеных для абмеркаваньня».

Інфармацыйную кампанію наконт правядзеньня сходу ладзяць актывісты і ў Жлобіне.

Валер Рыбчанка, старшыня Жлобінскай раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет»:

«У адпаведнасьці з заканадаўствам за 15 дзён інфармуем, што будзе адбывацца сход. І там, дзе сабралі подпісы, раздаем улёткі — у мікрараёнах 17, 19, 3, 1».

Улады, і асабліва ў абласным цэнтры, нэрвова рэагуюць на ініцыятыву Народнага сходу. 20 верасьня на вуліцы Юбілейнай міліцыя затрымала грамадзкіх актывістаў Андруся Цянюту й Васіля Такарэнку, якія раздавалі мінакам запрашэньні на Народны сход 8 кастрычніка ля ДК «Віпра». Іх затрымалі, забралі інфармацыйныя матэрыялы, склалі пратаколы і пакаралі праз суд за арганізацыю масавага мерапрыемства: Цянюту — адміністрацыйным арыштам на 10 сутак, а Такарэнку — 350-тысячным штрафам.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Працягваецца збор подпісаў у Горадні, Лідзе і Слоніме.

На Гарадзеншчыне актывісты кажуць, што праблема падрыхтоўкі сходу зьвязаная з адсутнасьцю інфармацыйных матэрыялаў.

На Гарадзеншчыне існуюць тры аргкамітэты дзеля правядзеньня Народнага сходу — у Горадні, Лідзе і Слоніме. Зараз у гэтых гарадах працягваецца збор подпісаў. Праўда, паўсюль, як распавядаюць арганізатары, ёсьць праблемы.

Сябра партыі «Справядлівы сьвет» з Горадні, Павал Станеўскі, кажа, што напачатку ім здавалася, што людзі самі кінуцца ставіць свае подпісы. Але, пахадзіўшы па кватэрах, убачылі, што многіх апанаваў страх пасьля арыштаў падчас сацыяльных акцыяў.

Станеўскі: «Я асабіста хадзіў і зьбіраў подпісы, але ажыятажу ня бачыў. Ёсьць людзі, якія адразу ставілі подпісы, але ў пераважнай большасьці прысутнічаў страх, нягледзячы на тое, што людзі падзяляюць нашы патрабаваньні да ўлады. Ставіць подпіс, запісаць сваё прозьвішча — баяцца».

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін кажа, што працу па падрыхтоўцы Народнага сходу стрымлівае адсутнасьць інфармацыйнай падтрымкі, нястача ўлётак і г.д.:

«Вельмі цяжка без інфармацыйнай падтрымкі гэта рабіць, і некаторыя нават сыходзяць са збору подпісаў, таму што вельмі цяжка пра гэта распавядаць. Мы ня можам зараз даць інфармацыі папярэдне пра Народны сход: што гэта такое, якая ініцыятыва, які мэханізм і г.д. На жаль, на Гарадзеншчыне было ўсяго 5 тысяч улётак — дык гэта кропля ў моры».
На кухні ўсе ваююць, а як паставіць подпіс, то знаходзіцца прычына…

Актывіст зь Ліды пра падрыхтоўку сходу распавядае таксама без энтузіязму і называе тыя самыя праблемы.

Спадар: «Праінфармавалі пра мясцовы сход райвыканкам, яны там яшчэ разглядаюць. Мы пачалі ўлёткі раскідваць, працягваем збор подпісаў. Нешта робіцца, але не сказаў бы, што даволі актыўна».

Слонімскі актывіст Іван Бедка, які займаецца арганізацыяй Народнага сходу, кажа пра тыя ж самыя цяжкасьці і дадае, што праца ўсё роўна не спыняецца.

Спадар: «Працягваем зьбіраць подпісы, падалі заяўку ў райвыканкам. Але ня вельмі, бо на кухні ўсе ваююць, а як паставіць подпіс, то знаходзіцца прычына, каб гэтага не рабіць — бо нехта працу яшчэ мае, а хто наагул баіцца…».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У Берасьці на Народны сход людзей зьбіраюць у парк воінаў-інтэрнацыяналістаў

Пра гэта «Свабодзе» паведаміла сябра аргкамітэту Народнага сходу Зінаіда Міхнюк. Зінаіда Міхнюк — намесьнік старшыні прафсаюзу РЭП, давераная асоба Андрэя Саньнікава на прэзыдэнцкіх выбарах. Сёньня яна паведаміла «Свабодзе», што падрыхтоўка да сходу ў рэгіёне набліжаецца да завяршэньня:

«Мы зьбіраем подпісы ў тых дамах, дзе ёсьць нашы актывісты і якія бліжэй да гэтага парку. Подпісаў мы сабралі ў пяці дамах дастаткова для правядзеньня сходу гэтых дамоў. Будзе сход жыхароў пайменна з пэўных дамоў гэтага мікрараёну».

У Баранавічах аштрафавалі актывіста

Падчас падрыхтоўкі да Народнага сходу на Берасьцейшчыне не абышлося й без інцыдэнтаў. У прыватнасьці, у Баранавічах за распаўсюджваньне ўлётак быў затрыманы актывіст Сяргей Аўчыньнікаў. Яго аштрафавалі на 15 базавых велічыняў за «парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства ці пікетаваньня». Тым ня меней спадар Аўчыньнікаў кажа, што сход у Баранавічах адбудзецца, нягледзячы на запалохваньні. Актывіст кажа, што сабраных подпісаў для гэтага хопіць:

«Дакладную лічбу я не магу зараз назваць, але ўжо на дадзены момант дастаткова, каб правесьці. У Баранавічах мяркуецца правесьці ў старым парку па вуліцы Камсамольскай».
Сустаршыня аргкамітэту кампаніі народных сходаў Ігар Комлік удакладніў сёньня для «Свабоды», што ў Менску, а таксама яшчэ ў 27 гарадах Беларусі арганізацыйныя камітэты ўжо заявілі пра гатоўнасьць правесьці 8 кастрычніка мясцовыя сходы. Тым часам, па словах суразмоўцы, збор подпісаў працягваецца:

«Сапраўды, ужо ёсьць дастатковая колькасьць подпісаў, каб Народны сход быў легітымны. А для таго, каб пашырыць кола ўдзельнікаў, прагаварыць зь імі пра тое, якім будзе гэты сход, якія яго мэты — вось для гэтага нашы актывісты працягваюць збор подпісаў у як мага большай колькасьці людзей».

Даведка «Свабоды»

У адпаведнасьці з законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» (ухвалены ў 2008-м годзе), каб правесьці мясцовы сход у горадзе, мікрараёне, пасёлку, на вуліцы ці ў двары, трэба сабраць 10 працэнтаў подпісаў жыхароў гэтых тэрыторыяў. Рашэньне аб скліканьні мясцовага сходу афармляецца пратаколам і даводзіцца да ведама грамадзянаў не пазьней як за 15 дзён да яго правядзеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG