Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашае "крынічанскае" брацтва


Пра наваполацкае літаратурнае аб’яднаньне "Крыніцы", якім вы пэўны час кіравалі, дагэтуль ходзяць легенды. У 1980-х гадах яно складала канкурэнцыю славутым "Тутэйшым". У чым, на вашую думку, прычыны фэномэну "Крыніцаў"?

Марыя,
былая ўдзельніца літаб’яднаньня "Першацьвет" і паэтка


Спадзяюся, Марыя, што вы толькі былая ўдзельніца, а не былая паэтка.

А вашае пытаньне ўскалыхнула душу, бо "Крыніцы" — ня проста частка жыцьця, гэта адзін з самых важкіх "зьліткаў" майго асабістага (і я ўпэўнены, што ня толькі майго) "залатога запасу".

Наконт канкурэнцыі з "Тутэйшымі" скажу, што яе проста не існавала, а калі нешта падобнае і было, то адно ў сьвядомасьці некаторых залішне амбітных "крынічанаў". "Тутэйшыя" былі рэспубліканскім таварыствам, а мы — гарадзкім. Сталічныя калегі выпускалі бюлетэнь зь дзіўнаватай назваю "Кантроль", друкавалі свае літстаронкі ў "ЛіМе" і "Чырвонай зьмене". Мы мелі магчымасьць рабіць гэта ўсяго раз на месяц у чатырохпалосным і расейскамоўным наваполацкім "Химику", дзе я зарабляў на хлеб на пасадзе загадчыка аддзелу пісьмаў, а потым — намесьніка рэдактара.

Але ня буду прыбядняцца. "Крыніцы", безумоўна, не былі шараговай рэгіянальнай літсуполкаю. Іначай зь яе ня выйшла б больш за два дзясяткі сяброў Саюзу пісьменьнікаў, ПЭН-клюбу і проста здольных літаратараў, на чыім рахунку, паводле няпоўных падлікаў, ужо недзе каля дзьвюх сотняў кніг.

Дарэчы, пра ўжо згаданыя літстаронкі. У тыя гады зь менскай "Ленінкі" да нас у рэдакцыю рэгулярна прыходзілі лісты з просьбамі даслаць адсутныя ў бібліятэчных падшыўках нумары "Химика". У сталіцы зьнікалі выключна газэты зь літстаронкамі.

Яно і нядзіўна. Дзякуючы лібэралізму мудрага рэдактара Ўладзімера Сімурава ў "Химику" тады друкавалася тое, што ў любым іншым выданьні бязьлітасна б зарэзалі. З выпуску ў выпуск да чытачоў прыходзілі, напрыклад, "Песьні касінераў" Сержука Сокалава-Воюша. Пад гістарычна-камуфляжнай назваю публікаваліся патрыятычныя, па сутнасьці антысавецкія, вершы, якія пазьней загучалі на дэмакратычных мітынгах.

На нашых літстаронках пабачылі сьвет неартадаксальныя ў вачах літаратурных генэралаў вершы менчукоў Уладзімера Сьцяпана і Адама Глёбуса, набор першай кніжкі якога быў рассыпаны. Неяк у мой дзень нараджэньня Лявон Вольскі прыгадаў, што ў выпусках "Крыніцаў" знаходзілася месца і для тэкстаў песень юнай "Мроі".

Аднак рэй у аб’яднаньні вялі, вядома, творцы з полацка-наваполацкіх берагоў Дзьвіны і ваколіцаў майго ўлюбёнага ляснога возера Люхова.

Вінцэсь Мудроў і Сяржук Сокалаў-Воюш, Ірына Жарнасек і Лера Сом, Навум Гальпяровіч, Іна Снарская, Валянціна Аксак, Алесь Аркуш і Алег Мінкін, які пасяліўся на Млынавым завулку ў Запалоцьці і перайшоў на беларускую мову... Свае першыя, але ўжо ўпэўненыя спробы пераўвасабленьня сусьветнай клясыкі прынесьлі ў "Крыніцы" будучыя мэтры перакладу Лявон Баршчэўскі і Якуб Лапатка.

На нашых шматлюдных і неверагодна дэмакратычных для таго часу паседжаньнях зьбіраліся ня толькі літаратары: у коле аднадумцаў натхняліся маладыя мастакі Сяргей і Рыта Цімохавы і Тацяна Козік, набіраліся нацыянальнай сьвядомасьці рокеры з папулярнага пазьней ува ўсёй Беларусі гурту "Мясцовы час", завітвалі акторы, рэжысэры, гісторыкі, заяўляліся маладыя літаратары зь іншых гарадоў.

Творы "крынічанаў" шырока друкавалі рэспубліканскія выданьні. "Маладосьць", відаць, захлынаючыся ад наплыву нашых вершаў і прозы, выпусьціла цэлы наваполацкі нумар. Некаторыя тэксты пачалі перакладацца. Беларускае тэлебачаньне, якім тады кіраваў Генадзь Бураўкін, прысьвяціла "Крыніцам" некалькі вялікіх перадач. (Цяпер амаль кожны колішні "крынічанін", што зрабіў сабе ў літаратуры імя, на "нацыянальных" тэлеканалах — persona non grata.)

У "зорныя гады" літаб’яднаньня амаль ніводнае паседжаньне не абыходзілася без адмысловых гасьцей. Давалі бясцэнныя парады "крынічанам" Янка Брыль і Рыгор Барадулін. (Дзядзька Рыгор, апрача ўсяго астатняга, зьдзівіў тым, што падчас неафіцыйнай часткі піў адно мінэралку, але хмялеў і весялеў разам з усімі.) Захаплялі эрудыцыяй археоляг Сяргей Тарасаў і архітэктар-рэстаўратар Валеры Сьлюнчанка, што аднаўляў Сафійскі сабор. Прыехаў і выступіў з цэлай праграмаю абароны мовы і культуры тагачасны сакратар віцебскага абкаму КПБ Ёсіф Навумчык, адзін з нашых вельмі нешматлікіх, на жаль, нацыянал-камуністаў.

Сябры "Крыніцаў " кожны тыдзень ладзілі выступы ў школах і ПТВ, прабіваліся ў музычную вучэльню і політэхнічны інстытут, на наваполацкія нафтагіганты. Мы ставілі задачу, каб кожная такая вылазка сталася падзеяй, і раз-пораз гэта сапраўды ўдавалася. А яшчэ была дапамога рэстаўратарам Сафійскага сабору, удзел у археалягічных раскопках, абарона прызначанай пад знос старадаўняй камяніцы на полацкім праспэкце Карла Маркса, якую ў герастратаў удалося адбіць (цяпер там мастацкая школа, а праспэкт мае імя Францыска Скарыны).

Пры канцы 1980-х "Крыніцы", застаючыся моцным літаб’яднаньнем, разам з тым перажывалі трансфармацыю ўва ўплывовы дэмакратычны клюб. Мне здаецца, тут адзін з складнікаў пазьнейшай бліскучай перамогі Лявона Баршчэўскага над першым сакратаром наваполацкага гаркаму партыі на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі гістарычнага 12-га скліканьня.

Натуральна, мы не маглі не прыцягнуць да сябе ўвагі "кампэтэнтных органаў". На паседжаньні прыходзілі "літаратары", якія сарамліва адмаўляліся чытаць свае творы і прападалі з далягляду гэтаксама нечакана, як і зьяўляліся. Цяпер ужо вядома, што былі завэрбаваныя ў інфарматары прынамсі двое ўдзельнікаў аб’яднаньня. Часам у мой кабінэт заходзіў змрочны, як навальнічная хмара, рэдактар Сімураў і прасіў тэчку зь літаратурнымі матэрыяламі, што на тыдзень перавандроўвала кудысьці за сьцены рэдакцыі. (На такія выпадкі я трымаў у стале не адну тэчку, а дзьве ці тры.) Як потым высьветлілася, кожная "крынічанская" сходка запісвалася на магнітафон, пасьля чаго ў якой-небудзь перапалоханай юнай літаратаркі "таварыш маёр" дапытваўся, што апавядаў пра менскія падзеі Арлоў, чым абураўся Мудроў і як ацанілі эпахальную брэжнеўскую "Малую зямлю" Лапатка зь Мінкіным. Праўдзівасьць адказаў спраўджвалася ў гросбуху з магнітафоннай раздрукоўкай.

Вядомасьць і аўтарытэт "Крыніцаў" знаходзілі выяўленьне і ў іншых, часам вельмі нечаканых формах. Мне хочацца ўявіць тую палачанку, што пад выглядам паходаў на нашы частыя паседжаньні зьнікала ў зусім іншым кірунку. У дні літвячорак роўна аб адзінаццатай гадзіне ў рэдакцыі званіў тэлефон. Слухаўку браў старшыня аб’яднаньня, гэта значыць я. Мужчына называў сябе "мужам адной нашай паэткі" і ветліва цікавіўся, калі мы зьбіраемся разыходзіцца. Я сумленна адказваў, што прыкладна апоўначы, і запэўніваў, што ўсіх дам правядзем дахаты. Так доўжылася, калі не памыляюся, гады два. Але аднаго разу муж папрасіў перадаць, што сёньня зойдзе па сваю таленавітую "палавінку" сам. Я мусіў удакладніць імя паэткі і пачуў абсалютна незнаёмае нікому з нас імя...

Дык у чым усё ж прычыны фэномэну "Крыніцаў"?

Па-першае, відаць, у самой полацкай атмасфэры. Я кажу — у полацкай, бо Наваполацак заўсёды ўспрымаўся мною як працяг гораду Эўфрасіньні і Скарыны.

Па-другое, разам з геніем месца сваю ролю, бясспрэчна, адыграў і геній часу. Час быў набрынялы чаканьнем пераменаў, імкненьнем набліжаць іх — і словам, і дзеямі.

Ну, а па-трэцяе, у тым часе шчасьліва супала некалькі асобаў, што здолелі стварыць моцнае магнітнае поле для дзясяткаў іншых.

Лёс раскідаў "крынічанаў" па сьвеце, але, магчыма, зараз, калі я пішу гэтыя радкі, пульс нашага былога брацтва хоць на колькі хвілінаў зноў заб’ецца ня толькі ў Полацку і Менску, але ў Беластоку і Варшаве, у Хэльсынках і Нью-Ёрку... Здаецца, я ўжо чую яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG