Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнку будуць аслабляць, але скідаць ня будуць"


На зьезьдзе партыі "Адзіная Расея" Дзьмітрый Мядзьведзеў прапанаваў Уладзімера Пуціна на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты Расеі. Уладзімер Пуцін пагадзіўся і прапанаваў Мядзьведзеву пасаду прэм’ер-міністра. Якія будзе мець наступствы для Беларусі будучае прэзыдэнцтва Пуціна ў Расеі?

Старшыня Беларускага славянскага камітэту Сяргей Касьцян заявіў, што няма падставаў, каб хвалявацца з-за вылучэньня Пуціна на пасаду прэзыдэнта Расеі.

Сяргей Касьцян

"Мы ўжо ведаем, як было пры Пуціну-прэзыдэнту, пры Пуціну-прэм'ер-міністру. Добра памятаем, як Мядзьведзеў, калі ўзначальваў раду дырэктараў "Газпрома", адключаў нам газ, арганізоўваў правакацыі. Як ён гэтыя правакацыі арганізоўваў, калі стаў прэзыдэнтам. Нам усё гэта вядома, таму мы ставімся вельмі спакойна да гэтага. Няхай хвалююцца грамадзяне Расеі".

Паводле вядомага расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова, Беларусі нічога добрага ад прэзыдэнцтва Пуціна чакаць нельга. Пуцін узяў курс на далейшую ўзурпацыю ўлады, яе незьмяняльнасьць. Хаця ён Лукашэнку ненавідзіць, але паводзіць сябе гэтак жа сама, як і Аляксандар Рыгоравіч.

Барыс Нямцоў

"Пуцінская Расея ідзе па сьлядах лукашэнкаўскай Беларусі. Відавочна, што агрэсіўнае стаўленьне да ўсіх нязгодных распаўсюджваецца ня толькі на расейскую апазыцыю, але і на суседзяў. Я думаю, што канфрантацыя зь Беларусьсю забясьпечаная. Тым больш, калі Лукашэнка будзе і надалей так жа подла і гнюсна, з аднаго боку, чапляцца за ўладу, а з другога — пастаянна падманваць Расею".

Лукашэнка паабяцаў "Газпрому", што той можа ўзяць удзел у куплі акцыяў ня толькі "Белтрансгазу", але і іншых беларускіх прадпрыемстваў. Магчыма, Лукашэнка ўжо напалохаўся?

"Куды яму падзецца? Захад зь ім не размаўляе, ён пэрсона нон-грата. Вялізны расейскі рынак ён мог страціць, калі б вёў сябе інакш. Беларуская эканоміка ў стане поўнага каляпсу, поўнага развалу. Беларуская валюта ператварылася ў зымбабвійскі даляр. Хутка будзеце авоськамі цягаць гэтыя лукашэнкаўскія "зайчыкі". Уся яго эканамічная мадэль пацярпела крах. Таму вымушаны поўзаць, прасіць літасьці і маліць, каб далі чарговую падачку".

Беларускі палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што ня вельмі прынцыпова, хто будзе кіраваць у Крамлі, хаця прадвырашана, што будзе Пуцін.

Аляксандар Класкоўскі

"Маскоўская парадыгма адносна Беларусі — трымаць у зоне свайго геапалітычнага ўплыву і па магчымасьці пашыраць экспансію. А зараз дзеля гэтага спрыяльны момант, бо беларускія ўлады самі абрынулі фінансы, эканоміку і спалілі масты на Захад. Таму ў любым выпадку прэсінг будзе ўзмацняцца, а Пуцін дадасьць яшчэ сваёй чэкісцкай хваткі, бо ён вельмі рацыянальны і жорсткі чалавек, злапомны. І гэта можа непрыемна адгукнуцца беларускаму кіраўніцтву".

Паводле Класкоўскага, не ад добрага жыцьця Лукашэнка на сустрэчы зь Мілерам прапанаваў купіць ня толькі "Белтрансгаз", але і іншыя актывы.

"Гэта насамрэч можа нагадваць ціхую, паэтапную здачу актываў, пасьля якой ужо перастаўляць фігуры на палітычнай беларускай дошцы Крамлю будзе значна лягчэй".

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў мяркуе, што не існуе формулы "пакуль застаецца Пуцін, застаецца Лукашэнка", бо ўсе аўтарытарныя рэжымы паддатныя форс-мажорным абставінам. І Лукашэнка не выключэньне.

Андрэй Суздальцаў

"Курс будзе захаваны ранейшы. То бок Лукашэнка выконвае ўсе свае абавязаньні адносна ўдзелу ў інтэграцыйных праектах і атрымлівае пэўныя дывідэнды. То бок ён такі найміт. І калі ён зробіць нейкі крок убок, то будуць вельмі цяжкія санкцыі. Будзе чыстай вады адпрацоўка заплачанага".

Беларускі апазыцыйны палітык Вінцук Вячорка адзначае, што Расея абірае імпэрскую ідэалёгію, геапалітычнае самасьцьвярджэньне. І нічога добрага для незалежнасьці Беларусі, гэтаксама як і для пэрспэктываў прынясеньня дэмакратыі ў Беларусь з усходу, "вяртаньне-застаньне" Пуціна не нясе.

Вінцук Вячорка

"Тыя ў Эўропе, хто казаў пра Лукашэнку як абаронцу незалежнасьці ад Пуціна, відаць, былі недальнабачныя. Суб'ектыўна, асабіста яны могуць адзін аднаго не любіць і ненавідзець, але яны належаць да аднаго каштоўнаснага і псыхалягічнага поля. Гэта ўсё савецкія людзі з мысьленьнем, прыпячатаным назаўсёды савецка-расейскай ідэалёгіяй і поўнай адсутнасьцю дэмакратычных каштоўнасьцяў. Таму працягнецца ранейшая лінія: калі Лукашэнку будуць аслабляць, шчыльней да сябе прывязваць. Але пры гэтым скідаць яны яго ня будуць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG