Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова — чужая ва ўласнай хаце


26 верасьня -- Эўрапейскі дзень моваў. Ён ладзіцца ад 2001 году з ініцыятывы Рады Эўропы і Эўразьвязу пры падтрымцы Камісіі па адукацыі ЮНЭСКО. Мэта — прыцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці да пытаньняў разьвіцьця эўрапейскіх моваў.

У Беларусі 925 тысяч школьнікаў, зь якіх толькі 19% навучаюцца на мове тытульнай нацыі. У Менску па-беларуску атрымліваюць адукацыю ўсяго 2% дзяцей. Але нават гэтыя лічбы афіцыйнай статыстыкі не адлюстроўваюць сапраўднага становішча беларускай мовы, кажа намесьніца старшыні грамадкай арганізацыі Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч:

Тамара Мацкевіч

"На паперы беларуская мова зьмяншаецца ня так хутка, як у рэальнасьці: у нас ужо па-расейску загаварыла вёска, беларускія школы фармальныя ня толькі ў гарадах, але і вясковыя. Большасьць прадметаў выкладаецца па-расейску нават у тых школах, якія фармальна беларускія, і гэты працэс нікім не кантралюецца. Катастрафічная сытуацыя зараз з дапаможнікамі: няма ні працоўных сшыткаў па-беларуску, ні атлясаў, ні контурных картаў. Гэта значыць, што фармальна дзяржава дэкляруе роўнае стаўленьне, а насамрэч — ня тое што роўнага стаўленьня няма, але нават фармальна беларускія школы ня могуць весьці паўнавартасны навучальны працэс па-беларуску і вымушаныя карыстацца расейскімі дапаможнікамі".

Паводле апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, колькасьць жыхароў краіны, якія вызнаюць беларускую мову сваёй роднай, зьнізілася з 72 да 53%. І асаблівую небясьпеку становіць тэндэнцыя спрыяньня русыфікацыі ня толькі ўсходу, але і захаду Беларусі. З такой заявай на міжнароднай канфэрэнцыі ў рамках праграмы "Ўсходняе партнэрства", якая адбываецца цяпер у Менску, выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў:

Алег Трусаў

"Сюды запрасілі прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый з мэтай інфармацыйнага паведамленьня пра сустрэчу міністраў краін Эўразьвязу ў Варшаве. Але ўсе дакумэнты падрыхтаваныя на расейскай і ангельскай мовах. У мяне вось у руках праграма на дзьвюх мовах, і трэцяя — беларуская — тут не прадстаўлена ніяк. Я выступіў і сказаў: шаноўныя прадстаўнікі Эўразьвязу, вы, пэўна, забыліся, што ў вас 23 афіцыйныя мовы, сярод якіх нават мальтыйская, на якой размаўляе ад сілы пару тысяч чалавек. А ў Беларусі штодня па-беларуску размаўляюць паўтара мільёна чалавек, яшчэ 5,5 мільёна назвалі беларускую мову роднай — ёсьць жа афіцыйная статыстыка. А ў вас ні слова па-беларуску. Для мяне ўсё роўна, адкуль будзе ісьці русыфікацыя — з Усходу ці з Захаду. Нават горш, калі з Захаду. Тады прадстаўнікі Эўразьвязу папрасілі прабачэньня і сказалі, што яны гэты фактар будуць улічваць".

Запатрабаванасьць беларускай мовы на эўрапейскай прасторы — яе далёкая пэрспэктыва. А пашырэньню ўжытку нацыянальнай мовы ў самой Беларусі спрыяе зараз ня толькі грамадзкі настрой, але і эканамічнае становішча краіны, мяркуе мовазнаўца Зьміцер Саўка:

Зьміцер Саўка

"Ніякіх сантымэнтаў у нашага кіраўніцтва да беларускай мовы няма — гэта так. Я б сказаў, што беларуская мова выступае як інструмэнт палітычны, а гэта значыць, што гэтым інструмэнтам можна пакарыстацца, а можна забыцца ў далёкім куце і выцягнуць пры чарговай патрэбе. Відаць, такая патрэба насьпела, і зараз мы бачым больш беларускай мовы, бо Лукашэнку трэба заляцацца да розных слаёў грамадзтва. Я спадзяюся, што чым далей усемагутны даляр будзе ціснуць на Лукашэнку, тым больш ён будзе адкрыты і да такіх пытаньняў. Каб ня толькі прызнаваць за намі права карыстацца беларускай мовай, але і права чуць гэтую мову, у тым ліку з тэлевізіі і радыё, а магчыма, што і з вуснаў чыноўнікаў — хто ведае?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG