Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч просіць тэрміновай сустрэчы з адвакатам


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
Уладзімер Палажанка, бацька Насты Палажанкі, атрымаў ліст ад зьняволенага лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча.

"Трэба пабачыць Марыну як найбольш тэрмінова", — піша Дашкевіч пра сустрэчу з адвакатам.

Уладзімер Палажанка заявіў "Свабодзе", што 26 верасьня адвакатцы Марыне Кавалеўскай не пацьвердзілі, але і не абверглі інфармацыю пра тое, што Дашкевіч знаходзіцца ў Магілёўскім СІЗА.

Кавалеўскай прапанавалі прыехаць і высьвятляць гэтае пытаньне на месцы.

Адвакатка паедзе ў Магілёў у аўторак 27 верасьня.

13 верасьня Дашкевіч паведаміў адвакату, што распачынае галадоўку, якая будзе цягнуцца, пакуль адміністрацыя калёніі ня выканае шэраг ягоных патрабаваньняў.


Ліст ад Дашкевіча

"Насьцюленька!

Пішу табе з адстойнікаў магілёўскай турмы. Дзе апынуся раніцай, ня ведаю. Адваротны адрас пакажа.

Да лепшага зьмяніцца сытуацыя ў Горках не пажадала. Зусім наадварот. Сказаць, што зьмянілася яна да горшага — не сказаць нічога…. Вызначылі мне тамтэйшыя такую кабалу, зь якое, пэўна, я ўжо і ня выберуся…

Трэба пабачыць Марыну як найбольш тэрмінова.

Неяк трэба ўсё перажыць, але як? Ня ведаю і сам….

18—19.09.2011, 1.50

PS. Калі дойдзе да цябе гэты мой допіс, буду я ўжо ў нейкім іншым месцы. Гэтае ж вельмі падобнае да Жодзіна. Тут я да 22—23 чысла. Цудоўны горад, цудоўны будынак, цудоўныя пакойчыкі. Спаў за 2 сутак 1,5 гадзіны і еў 0,5 раза. Але болей і ня лезе, ні сон і ні ежа. Мазгаўня мая дыміць і душа не знаходзіць спакою.

Дай Бог, каб вы з Марынаю дабраліся да мяне хутчэй, чым мае лісты да вас…".





Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Паводле судовага выраку, 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст "Маладога фронту" Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў.

Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

19 верасьня намесьніцу кіраўніка "Маладога фронту" Насту Палажанку арыштавалі на 11 сутак.

Яе затрымалі разам з былым палітвязьнем Уладзімерам Яроменкам, калі яны меліся вывесіць у Менску нацыянальныя сьцягі. Палажанку і Яроменка зьвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня і арганізацыі масавага мерапрыемства. Сваю акцыю чальцы "Маладога фронту" прымеркавалі да 20-й гадавіны абвяшчэньня "Пагоні" і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі.

Наста Палажанка была асуджаная за падзеі 19 сьнежня на 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 1 год. Уладзімер Яроменак па справе аб падзеях на Плошчы атрымаў 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Быў вызвалены 13 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG