Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Стэфановіч з Варшавы вяртаецца ў Менск


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч другі месяц знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Літва перадала афіцыйнаму Менску зьвесткі пра яго рахункі, як і рахункі Алеся Бяляцкага, аднак ужо 29 верасьня праваабаронца вяртаецца дамоў, каб праз суд давесьці сваю рацыю. Пра гэта намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” распавёў Радыё Рацыя. За апошні месяц Стэфановіч прыняў удзел у шэрагу мерапрыемстваў высокага ўзроўню ў Еўропе, а 26 верасьня будзе на канфэрэнцыі АБСЕ ў Варшаве.

Валянцін Стэфановіч: У Варшаве пройдзе штогадовая канфэрэнцыя АБСЭ па чалавечым вымярэньні. Яна дае магчымасьць удзелу прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый у працы АБСЭ. Я там таксама буду прымаць удзел сумесна з Міжнароднай Фэдэрацыяй правоў чалавека. Пройдзе шэраг імпрэзаў, у тым ліку і на тэму Беларусі – па свабодзе асацыяцый, сьмяротным пакараньні ды іншыя. Таксама пляную выступіць на пленарным паседжаньні. Шэраг акцый заплянаваны ў падтрымку нашых палітвязьняў, Алеся Бяляцкага, думаю, што адбудуцца публічныя пікеты.

Радыё Рацыя: Ці можам закрануць пытаньне вашага вяртаньня ў Беларусь?

ВС: Можам закрануць, тут ніякіх зьменаў у маіх плянах няма – 29 верасьня я вяртаюся ў Менск з Варшавы.

РР: На якім этапе знаходзіцца вашая справа ў Беларусі? Вы цяпер павінны грошы нібыта беларускай дзяржаве...

ВС: Зараз распачатая працэдура ў межах грамадзянскага працэсу. Была спроба спагнаць зь мяне грошы без суду. Я напісаў пярэчаньні, і цяпер падатковая інспэкцыя павінна накіраваць іск у суд і разглядаць справу ў парадку іскавой вытворчасьці, гэта значыць у адкрытым грамадзянскім працэсе – гэта тое, чаго я ўвесь час і хацеў, каб максымальна публічна правесьці судовы працэс. На ім я прадстаўлю доказы таго, што грошы не зьяўляліся маім асабістым даходам, не пералічаліся мне ў якасьці асабістага даходу, а накіроўваліся на праваабарончую дзейнасьць маёй арганізацыі, у тым ліку для перадачы гэтых грошай трэцім асобам. Таму я вяртаюся і буду судзіцца далей. Пакуль што пра ніякую аплату гаворка не ідзе, па-першае я не зьбіраюся прызнаваць сябе вінаватым, у мяне і грошай такіх няма...

РР: Пра якую суму грошай ідзе гаворка?

ВС: Гаворка ідзе пра 38 мільёнаў рублёў плюс два мільёны дзяржаўнай пошліны. Я зараз у Беларусь не вяртаўся, бо паводле працэдураў, мне маглі абмежаваць права на выезд з краіны, можа ўжо і абмежавалі. Я не хацеў сарваць вельмі важныя паездкі ў Брусэлі, Стасбуры, Жэнэве. Але калі ўсе гэтыя паездкі завяршу, то паеду дахаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG