Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяжурны Гомельскага ізалятару часовага ўтрыманьня патэлефанаваў праваабаронцу Леаніду Судаленку й перадаў просьбу ад Кастуся – прывезьці ў ізалятар мыліцы.

“Я пацікавіўся: а што ў яго зламана? Дзяжурны адказаў: “Нага!” Пытаюся: гіпс наклалі? Дзяжурны адказаў: “Так, наклалі гіпс”, – паведаміў Судаленка.

Леанід Судаленка адвез мыліцы ў ізалятар:

"Добрыя людзі дапамаглі нам знайсьці мыліцы, якія я разам з газэтамі й сокамі перадаў у ізалятар часовага ўтрыманьня Кастусю. На маё патрабаваньне да мяне выйшаў начальнік ізалятара Алег Азяўчыкаў. Высьветлілася, што ў мінулую суботу Кастуся вазілі ў абласны шпіталь, дзе яму наклалі гіпс на зламаную нагу".
Леанід Судаленка

У начальніка ізалятара Леанід Судаленка даведваўся наконт адтэрміноўкі Жукоўскаму адбыцьця пакараньня — пасьля лекаваньня нагі:

"Я запытаўся ў начальніка, ці можна вызваліць Кастуся Жукоўскага для лячэньня. На гэта ён адказаў, што адпусьціць яго ён дакладна ня можа, бо на тое няма адпаведнай пастановы суду".

Кастуся Жукоўскага затрымалі 21 верасьня, да пачатку маўклівай акцыі пратэсту, непадалёк ад уласнага дому. Спэцназ міліцыі нібыта хацеў ўручыць Жукоўскаму позву, а ён лаяўся й супраціўляўся. Актывіста зьбілі пад час затрыманьня.

Жукоўскага спэцназаўцы адвезьлі спачатку ў Чыгуначны аддзел, дзе дапытваліся, чаму ягоны тэлефон пазначаны ў запрашэньнях на Народны сход, які мае адбыцца 8 кастрычніка ля ДК “Віпра” на вуліцы Юбілейнай.

Пасьля Жукоўскага перавезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, каб скласьці адміністрацыйныя пратаколы. І толькі праз пяць гадзінаў адвезьлі ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, пасьля – да нэйрахірурга ў абласны шпіталь, а затым – у ізалятар.

На судзе Жукоўскі даваў паказаньні седзячы, бо накульгваў і ня мог стаяць. Актывіст таксама хадайнічаў выклікаць лекара, скардзіўся, што баліць нага, галава, шыя й рукі, што нагу лекары напярэдадні нават не аглядалі. Хадайніцтва не было задаволена, і ў перапынку паміж паседжаньнямі суду Кастуся да мэдыкаў не вазілі.

22 верасьня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала Кастуся Жукоўскага 15 суткамі арышту: 7 – нібыта за лаянку на вуліцы, 8 – за супраціў міліцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG