Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Мора: "Мы будзем узмацняць ролю Форуму грамадзянскай супольнасьці"


Майра Мора
Майра Мора
26 верасьня напярэдадні саміту "Ўсходняга партнэрства" ў Варшаве амбасадар Майра Мора, кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, сустрэлася зь беларускімі ўдзельнікамі нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства".

У паведамленьні, якое распаўсюдзіла прадстаўніцтва ЭЗ, адзначаецца: "Сёньняшняя сустрэча — адна з шэрагу сустрэчаў, якія праходзяць у краінах "Усходняга партнэрства" з ініцыятывы эўракамісара Штэфана Фюле, каб удзельнікі маглі падрыхтавацца да саміту і спадарожных яму імпрэзаў".

"Моцнае партнэрства з грамадзянскай супольнасьцю, якое мае на мэце пабудову глыбокай і ўстойлівай дэмакратыі, будзе значным складнікам парадку дня саміту. Мы будзем узмацняць ролю Форуму грамадзянскай супольнасьці і праз падтрымку нацыянальных плятформаў, і праз заснаваньне Праграмы для грамадзянскай супольнасьці ў рамках палітыкі суседзтва і Эўрапейскага фонду падтрымкі дэмакратыі", — заявіла амбасадар Мора.

"Мы размаўлялі ня толькі пра сам саміт але і пра тыя мерапрыемствы і сустрэчы, якія суправаджаюць яго. У прыватнасьці пра канфэрэнцыю грамадзянскай супольнасьці, якая пройдзе 29 верасьня. Думаю, што вельмі важна тое, што гэта сустрэча выйшла за рамкі дыялёгу грамадзянскай супольнасьці з Эўракамісіяй, але і дыялёгам унутры грамадзянскай супольнасьці, паколькі тут прысутнічалі і некаторыя сябры былой “макееўскай” Рады. Былі, напрыклад, Алег Трусаў, Жана Грынюк, Пётар Марцаў ды некаторыя іншыя. Нам удалося абмяняцца думкамі і закласьці нейкі падмурак для далейшых сумесных крокаў альбо хаця б камунікацыяў надалей”, – заявіў “Свабодзе” удзельнік сустрэчы нацыянальны каардынатар Форуму грамадзяескай супольнасьці Ўлад Вялічка.

Саміт "Усходняга партнэрства" пройдзе 29—30 верасьня ў Варшаве. Ад Беларусі ўдзельнічаць у ім запрошаны міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў.

"Усходняе партнэрства" — ініцыятыва Эўразьвязу, накіраваная на шэсьць краінаў Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказу: Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну.

"Усходняе партнэрства" было заснавана 27 краінамі-сябрамі ЭЗ і шасьцю краінамі-партнэрамі на саміце ў Празе (Чэхія) 7 траўня 2009 году. Ініцыятыва накіраваная на ўмацаваньне адносін паміж ЭЗ і ягонымі ўсходнімі суседзямі праз паглыбленьне палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.

На праскім саміце была падтрымана ідэя аб стварэньні форуму, які б садзейнічаў кантактам паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" і дыялёгу з органамі дзяржаўнай улады.

Мандат Форуму грамадзянскай супольнасьці — уплываць на інстытуты ЭЗ і нацыянальныя ўрады, даючы ім рэкамэндацыі па канкрэтных рашэньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG