Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: губэрнскія навіны


Угодкі царскай губэрні ў нас адзначаюць: разбурылі чарговую старую камяніцу, павесілі партрэт Мураўёву-вешальніку і мэмарыяльную дошку заўзятаму аматару “сталыпінскага гальштука”, г. зн. асабіста “царскаму сатрапу” Сталыпіну. І што мне, грамадзяніну былога каралеўскага гораду, з гэтымі фактамі рабіць, у якую мазаіку складаць? Хочацца мёду, а лыжка ў дзёгаць трапляе.

Сцэна першая


Уяўляю, як на адкрыцьцё дошкі запрасілі самога Сталыпіна ў якасьці ганаровага госьця, далі слова пасьля начальства:

— Дарагія таварышы, не, якія-такія таварышы? Пачакайце! У нас з таварышамі кароткая размова: ваенна-палявы суд і “гальштук” на шыю! Але ж і на гаспод прысутныя зусім не падобныя, твары звычайныя, савецкія.

— Таварыш Сталыпін, гаспадзін, Пятро Аркадзевіч! — спрабуе апраўдацца начальства.

— Вы мне гэта кіньце фамільярнічаць, вы хто такія?! Вас хто ўпаўнаважыў? Я з самім царом, самадзержцам нашым, на блізкай назе! Шчасьлівы памерці за яго быў! Грудзьмі закрыць.

— Дык менавіта! — абрадавалася начальства. — Вас жа няма, нейкім чынам, вы адсутнічалі, а мы Вас вырашылі вярнуць, зь нябыту запрасіць у нашую сінявокую Рэспубліку: калі ласачка, хлеб-соль!

— У якую-такую рэспубліку?!

— У нашу, рабоча-сялянскую, у сінявокую, выбачайце…

— Што, вялікую Расею, аб якой я марыў, разарвалі на часткі акі шакалы? Па-жывому разрэзалі? Ворагі адзінай і непадзельнай зямлі рускай, зьбіраньню якой самаўладцы нашыя вякі прысьвяцілі!

— Выбачайце, выбачайце, яшчэ раз выбачайце! Мы гатовыя грудзьмі абараніць, так, грудзьмі, пад танкі гатовыя, каб не прайшлі панцырныя калёны Ангелы да сьценаў Крамля, айца нашага не патурбавалі каб!

— Айца? Імпэратар наш — бацюхна! Няма ў Санкт-Пецярбургу крамля, што галаву мне тлуміце, хто тут галоўны?!

Начальства стаіць нерухома, ахвотных адказваць ня бачна, ніяк ня можа пагадзіцца, што няма больш Ленінграду, слова “Санкт-Пецярбург” непрыемна скрыгоча жорнамі ў грудзях. З натоўпу робіць нарэшце крок наперад някідкі мужчына: я скульптар, я зараз патлумачу Вам задуму, як я зрабіў дошку з Вашым партрэтам, вельмі цікавая работа…

Гонар начальства ўратаваны, яно аджывае пасьля перапуду:

— Даражэнькі наш, Пятро Аркадзевіч, мы толькі аб тым і дбаем — назад у Расею-матухну, “задраў штаны” ды іншым прыклад паказваем! Нам ня жыць друг бяз друга! Нас не разьліць вадой! Не разарваць нашых вузаў вечнай дружбы: клей “Мамэнт” — прыкласьці дзьве часткі і моцна сьціснуць!
Разбураюць камяніцу ў гістарычнай забудове Горадні

Сцэна другая


У ёй ганаровы госьць пераконваецца, што яго партрэтную дошку прыбілі (дарэчы кажучы, абухом, нават абцасамі, каб начапілася як каронка на зуб выбітая ў мэтале выява на аснову) да дому, на якім — жах! — профіль з казьлінай бародкай “рыцара рэвалюцыі”.

— На катаргу, усіх на катаргу, на этап!

— Супакойцеся, усё будзе добра, Пятро Аркадзевіч любы. Мы мірныя людзі, самі разумееце…

— Не-э, добра ня будзе, калі мяне прыбілі да гэтага злодзея суседам! Так яго палявалі, так палявалі, а ён тут як тут! Гнаілі ў астрогах, а зь яго як з гусі! Чырвоны тэрор, ваша слова таварыш маўзэр! Вешаў я іх, вешаў, ніяк не перавешаў. Ня спаць трэба было, ня спаць!

Зразумеўшы, што не выканаў сваёй задачы — ні цара не абараніў, ні імпэрыі-матухны ад бальшавікоў і здрады нацменскіх ускрайнаў, герой урачыстасьці пакідае сваіх засьлепленых аматараў, якім вядома толькі, што ён быў калісьці губэрнатарам. Сталыпін клыпае да месца свайго былога кабінэту ў палацы каралеўскага старасты Антонія Тызэнгаўза і пераконваецца, што ніякага палацу няма, замест яго помнік савецкаму салдату і вечны агонь, якому невядомая эканомія газу нават у крызіс.

Ён паварочваецца назад і бачыць, быццам статую Камандора, аграмаднага Леніна, які калісьці апантана “клікаў Русь к тапару”. У такіх выпадках гавораць — “у яго адвалілася сківіца”. Так і здарылася: “Вам патрэбны вялікія ўзрушэньні — нам патрэбна Вялікая Расея”, ледзь вымавіў былы губэрнатар і яму журботна захацелася назад, у царскую імпэрыю.
Дошку Сталыпіну білі абцасам і сякерай

Сцэна трэцяя


Але гэта было яшчэ ня ўсё. Пятра Аркадзевіча чакала партрэтная галерэя, дабраславёная начальствам. Ён стаў разглядацца: нейкія савецкія бюракраты, былы апазыцыянэр Домаш. Яксьці ніякавата. Але дзьве роднасныя душы трапіліся: Мураўёў — “ня з тых, каго вешаюць, а з тых, хто вешае!” Бліжэй да канца шэрагу таварыш Арцыменя, якому кілер у сьпіну страляў. Сталыпін жа бачыў вочы свайго забойцы, у гэтым розьніца… Якія там паміж імі размовы адбываліся ці, наадварот, ня клеіліся, чытач можа прыдумаць сам.

Мне вядома толькі, што Сталыпіну і там не спадабалася, ён пасьпяшаўся ўцячы, чалавек ён самастойны, натурысты быў. З-пад музэйнай брамы выйшаў на Замкавую. Перабудаваны ў праваслаўны сабор касьцёл — гмах перад вачмі ня ўбачыў, у зямлі толькі падмуркі цяпер. Думалася царскаму міністру: адкуль у іх тут таварыш губэрнатар, калі губэрні сёньня няма? Пытаньне без адказу…

Але “Губэрня” знайшлася: на Савецкай вулічны піўбар. Прысеў і Сталыпін з куфлем. Цяжка яму было асэнсаваць: чаму яны сьвяткуюць гадавіну губэрні, а не свайго ваяводзтва? Бо губэрня — гэта ж царскі ўказ пасьля падзелаў, пасьля далучэньня Вялікага іхняга Літоўскага княства да імпэрыі Расейскай! Каб яны, прыкладам, адабралі Маскву ў цароў і прымушалі рускіх людзей адзначаць гэта як сьвята, я б іх — пад ваенна-палявы суд!..

Ад аўтара: цяпер модна да “царскага сатрапа” белую фарбу ўжываць. Цар, абураюцца, раўнаваў, не хацеў трымаць моцнага чалавека, побач зь якім выглядаў зусім не героем. Уздыхнуў, маўляў, з палёгкай, калі Пятра Аркадзевіча дарагога застрэлілі… А вы цара падымалі, асабіста спыталіся? Можа яму проста няёмка з адыёзным чалавекам было таварышаваць, у якога, пачытайце падручнікі, рукі, уласна кажучы, у крыві…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG