Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмны Бабруйск і палітычны стрыптыз перад Захадам





Сярод асноўных тэмаў:

Турэмны Бабруйск — вязьніцы, куды этапавалі дзекабрыстаў і ўжо тыдзень вязуць кандыдата на прэзыдэнта
Пытаньні, якія абмяркоўваюць на волі і за кратамі:
"Чаму кіраўнік дзяржавы вызваляе палітвязьняў ня ўсіх адразу, а групамі?"
"Ці варта асуджаць тых, хто просіць прэзыдэнта аб памілаваньні?"
У вязьніцы Бандажэўскі напісаў брашуру пра выжываньне
Турма і здароўе

Свабода ў турмах, 24.09.2011, частка 1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:00 0:00
Наўпроставы лінк

Свабода ў турмах, 24.09.2011, частка 2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:43 0:00
Наўпроставы лінк


«Палітычны стрыптыз Лукашэнкі перад Захадам»

Так пракамэнтаваў апошнія памілаваньні палітвязьняў беларускім кіраўніком адзін з удзельнікаў апытаньня «Свабоды ў турмах».

Сёньня пра вызваленьні фігурантаў па справе 19 сьнежня ў нашай праграме разважаюць тыя, хто на волі і тыя, хто за кратамі.

Так большасьць з апытаных берасьцейцаў выказалі меркаваньне, што ня варта асуджаць тых палітвязьняў, якія папрасілі памілаваньня.

А вось некаторыя адказы магілёўцаў на пытаньне: чаму кіраўнік дзяржавы вызваляе палітвязьняў і без прашэньня аб памілаваньні, прычым ня ўсіх адразу, а групамі?

Спадар: «Гэта палітычны стрыптыз перад Захадам ад Лукашэнкі. Гэта калі стрыптызёрка танцуе перад публікай і паступова цьвеліць і заваблівае, пакідаючы на апошняе самае дарагое й цікавае».

Юнак: «Ён жа ня можа ўсіх адразу вызваліць. Паказаць, што не яго была праўда. А групамі паказвае, што гэта акт добрае волі. А з другога боку, калі ўжо вызваляеш групамі, то вызваляў бы ўжо ўсіх. У гэтым пляне я крыху не разумею — чаму групамі».

Спадар: «Выгадна яму нешта. У яго свае тут інтарэсы нейкія. Ён чалавек дастаткова хітры».

Зваротная сувязь
Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 266-39-52

«Ці можна судзіць за паперку аб памілаваньні?»

Што думаюць наконт памілаваньня палітвязьняў тыя, хто цяпер сядзіць за кратамі або нядаўна вызваліўся?

Былы асуджаны Івацэвіцкай калёніі Зьміцер Каляда напісаў:

«Зразумела, што Лукашэнка, так бы мовіць, „мілуе“ ў выніку ціску звонку. Дзейнічае ён паводле вядомага яму сцэнару. Я думаю, усё роўна, напісалі б тыя хлопцы, шараговыя апазыцыянэры, прашэньні ці не напісалі, рана ці позна ён бы адпусьціў іх. А вось што тычыцца ключавых фігураў, кшталту Саньнікава, Статкевіча, Вуса, то, як мне падаецца, ім прыйдзецца яшчэ пасядзець, пакуль ня будзе знойдзенае прымальнае для Лукашэнкі выйсьце. Калі ж гаварыць пра тых, хто напісаў прашэньне, то я ня маю права анікога судзіць. Кожны зрабіў свой выбар. У такім выпадку, на маю думку, важна, як пасьля ўсяго гэтага цябе будуць успрымаць іншыя. Паводле маіх унутраных адчуваньняў, героямі ім ня быць. Але ж ня ўсім быць героямі, ці ня так? Каб толькі была карысьць».

Колішні вязень Міхаіл:

«Ніколі не падтрымліваў і цяпер ня буду падтрымліваць тых, хто прасіў аб памілаваньні. Жорны Сашавай хунты працуюць з 1995-га. Колькі лёсаў скалечаныя! Валодзя Кудзінаў, Толік Дромаў, Толік Навумовіч, іншыя… Яны былі аднымі зь першых, на кім рэжым адпрацоўваў свае крывавыя схемы. Я праз гэтыя жорны страціў жонку, 26 месяцаў прапарыў пад сьледзтвам на „Валадарцы“ без паветра і спатканьняў. Дагэтуль задыхаюся, калі няма сьвежага паветра, і пацею невядома з чаго. Здароўя ніякага. А колькі цудоўных, адукаваных мужчынаў працягваюць траціць здароўе ў Лукашэнкавых турмах! Хто заступіцца за іх?

Палітычныя, калі ўлезьлі ў бойку, ня ныйце, а цярпіце!».

Асуджаны паводле эканамічнага артыкула Андрэй:

«Радуюся за тых палітвязьняў, якіх вызвалілі, і разумею маладых хлопцаў, якія напісалі прашэньне аб памілаваньні. Падпісаць паперку гэтаму вусатаму — гэта наагул нішто. А заставацца сядзець у турме толькі за тое, што маладыя людзі асьмеліліся мець сваю думку — гэта няправільна. Хлопцы нікога не здалі, нікому не сапсавалі жыцьця. Галоўнае — гэта прымусіць уладу вызваліць усіх палітвязьняў.

Калі прашэньне аб памілаваньні з боку шараговых апазыцыянэраў можна прыняць і зразумець, то Саньнікаў і Статкевіч як прэтэндэнты на кіраўніцтва краінаю — гэта ўжо ня проста апазыцыянэры. І Саньнікаў, і Статкевіч абралі сабе такі шлях, які моцна абмяжоўвае іх магчымасьці для асабістага выбару. Ім застаецца або цьвёрда трымацца сваёй лініі ў разьліку на перамогу, або дачакацца заканчэньня тэрміну зьняволеньня ці падзеньня дыктатуры падчас зьняволеньня».

Былы арыштант СІЗА КДБ, экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў выказаў сваю думку для нашай праграмы.

Ўладзімер Някляеў
«Хто вось судзіць гэтых людзей? Ніхто ж у іх не пытаецца з тых, хто сядзеў: так ты зрабіў ці ня так, напісаўшы гэтае прашэньне? Прайсьці праз гэта і выйсьці, гэта значыць — увайсьці адным чалавекам і выйсьці інакшым. Хто б што ні казаў, зьмены адбываюцца, і зьмены вельмі істотныя. Што за грэх такі, што ён напісаў паперу, у якую яму тыкалі, тыкалі пальцам: вось ты сядзіш, а там маці твая плача, напішы гэта, напішы гэта. Ён махнуў рукой: ды адчапіцеся, я наагул тут ні пры чым… Нікога б я не судзіў, нават каб сам не пабываў там, а ўжо там пабываўшы, тым больш нікога судзіць, а тым больш вінаваціць, ня стану. Бо яны насамрэч ні ў чым не вінаватыя. Па сутнасьці, яны не павінны былі там апынуцца. І тое, што яны скарысталі магчымасьць адтуль выйсьці, гэта ня самае горшае, што яны для сябе маглі зрабіць і зрабілі».

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць.
Турэмны Бабруйск


Сёньня ў рубрыцы, у якой мы традыцыйна расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў і іх вядомых сядзельцаў, гаворка пойдзе пра турэмны Бабруйск. Яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзя бабруйская турма славілася нялюдзкімі ўмовамі ўтрыманьня на ўсю Расейскую імпэрыю. Расейскі літаратар Аляксандар Герцэн згадваў яе так: «Хай Сыбір, хай што-хаця, але толькі ня гэтая страшэнная турма на рацэ Беразіне».


Пры канцы тыдня ўжо іншую, больш сучасную турэмную ўстанову Бабруйшчыны — калёнію № 2 згадвалі ў зьвязку з надзвычай доўгім, паводле беларускіх мерак, этапаваньнем сюды з Наваполацку кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

Бабруйскія вязьні і памілаваньні прэзыдэнта

Папраўчая калёнія № 2, якая летась адзначыла сваё 45-цігодзьдзе, месьціцца на ўскрайку Бабруйску, што ў бок Менску. Амаль дзевяць месяцаў трымалі тут палітвязьня Андрэя Пратасеню, якога ня так даўно памілаваў беларускі кіраўнік.

Андрэй Пратасеня
Андрэй Пратасеня згадвае: «Калёнія даволі мадэрнізаваная. Нават, можа, узорная. Бытавыя ўмовы больш-менш нармальныя. Будынак такога інтэрнатнага тыпу з калідорамі і сэкцыямі, дзе людзі жывуць. Адзін туалет на паверсе».

Карэспандэнт: «А стаўленьне наглядчыкаў-міліцыянтаў да зьняволеных — яно якое?».

Пратасеня: «Стаўленьне такое, што асуджаныя — ня людзі. Асабіста я прэтэнзіяў ня маю да калёніі, я не адчуў там на свой адрас пагрозаў нейкіх, каб мяне ламалі, але такое адчуваньне, што гэта не папраўчая калёнія. Выпраўленьнем там ніхто не займаецца. Туды пасадзілі людзей, каб яны ахоўвалі. Вось і ўсё».

Cамадзейны тэатар у калёніі №2.

У бабруйскай калёніі сядзяць каля тысячы асуджаных. У ёй жа месьціцца гэтак званая «малалетка» — «выхаваўчая калёнія № 2».

Сядзяць у «двойцы» прадстаўнікі ўсяго беларускага грамадзтва — сяляне і гараджане, ад працоўных да дырэктараў.

Напрыклад, тут адбываў пакараньне ўраджэнец Бабруйску Аляксандар Бароўскі. Яго пасадзілі за нібыта злоўжываньне службовым становішчам і крадзеж. Далі пяць гадоў. 24 сьнежня 2008 году, пасьля шасьці месяцаў няволі, яго памілаваў Лукашэнка.

У бабруйскай турме сядзеў і палітвязень Андрэй Кім. 22 красавіка 2008 году яму далі паўтара года калёніі агульнага рэжыму. Праз тры месяцы хлопца вызвалілі.

Асуджаныя вырабляюць пагоны і нашыўкі для сілавых структураў

Асуджаныя на тэрыторыі калёніі вырабляюць драўляную тару, спэцвопратку, пагоны, шаўроны, вымпелы, нашыўкі для сілавых структураў. Раней нявольнікаў вазілі працаваць на шынны камбінат. Там для іх быў створаны адмысловы цэх. Цяпер на шынны зэкаў ня возяць.

Шмат наведваў тэрыторыю турмы бабруйскі журналіст Дзьмітры Растаеў. Скардзіліся й прасілі дапамогі ў яго сваякі нявольнікаў. Напрыклад, жыхарка Гомеля Лілія Ўварава, маці асуджанага Віктара.

«Скардзілася, што сына яе дрэнна ўтрымліваюць — не аказваюць дастатковай мэдыцынскай дапамогі. «Віця зь дзяцінства хварэе на цыроз пячонкі — ён інвалід трэцяй групы. У зоне хвароба яго рэзка абвастрылася. Цяпер яму неабходная складаная тэрапія, якую ў калёніі ніхто не сьпяшаецца зрабіць. Да яго ня раз ужывалі спагнаньні за парушэньні рэжыму. Аднойчы ў студзені ў тры гадзіны ночы яго голым па пояс, у адных штанах і тэпках пагналі пад сьнегам у ШЫЗО. Дзякуй зэкам, перадалі яму цёплыя рэчы», — цытуе ліст ад жанчыны Дзьмітры Растаеў.

Здараліся выпадкі, калі з калёніі ўцякалі зэкі. Напрыклад, 26 кастрычніка 2006 году ў машыне, якая вывозіла з тэрыторыі турмы пілавіньне, уцёк асуджаны ўраджэнец Менску. Але хутка яго злавілі.

У калёніі № 2 любяць тэатар і бодыбілдынг

Гаворачы пра быт асуджаных, журналіст Дзьмітры Растаеў адзначае, што ёсьць у калёніі свой самадзейны тэатар:

«Спэктаклі, якія ставяць асуджаныя ў самадзейным турэмным тэатры, вядома, разнастаяць іх побыт, але ў вачах, канечне, у іх туга стаіць. Тут казаць няма чаго».

У 2010 годзе ў калёніі праводзіліся спаборніцтвы па бодыбілдынгу (культурызму). Удзельнічалі толькі мужчыны. Наведваюцца ў гэтую турму й артысты.


Спаборніцтвы па бодыбілдынгу, фота Bobr.by

«У Беларусі ня тыя адлегласьці, каб этапаваць вязьня цягам пяці дзён»

На момант напісаньня гэтага матэрыялу ў пятніцу так і не было дакладна вядома, ці перавялі Андрэя Саньнікава з Наваполацкай калёніі ў Бабруйскую.

Паводле жонкі палітыка Ірыны Халіп, яго вывезьлі з Наваполацкай калёніі ў панядзелак 20 верасьня, а ў Бабруйск павінны даставіць толькі ў суботу, 24 верасьня. Да гэтага часу на пытаньні аб месцазнаходжаньні яе мужа ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў адказваюць толькі адно: асуджаны знаходзіцца ў дарозе.

Сваю занепакоенасьць з прычыны адсутнасьці інфармацыі пра месцазнаходжаньне аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі ўжо выказалі эўрапейскія палітыкі, у тым ліку дэпутатка Бундэстагу Марылюіза Бэк, і, зразумела, паплечнікі Саньнікава на радзіме.

Нядаўна вызвалены зь Віцебскай калёніі палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў мяркуе, што ў дачыненьні да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» ужываюцца катаваньні. Паводле ягоных словаў, «У Беларусі ня тыя адлегласьці, каб ажно пяць сутак быць у дарозе».
Хутчэй за ўсё, Саньнікава, — лічыць Атрошчанкаў, — трымаюць дзесьці на цэнтрале — месцы, куды лепш не трапляць нікому.

«Хутчэй за ўсё, Саньнікава, — лічыць Атрошчанкаў, — трымаюць дзесьці на цэнтрале — месцы, куды лепш не трапляць нікому».

Тым часам былы вязень Бабруйскай калёніі Валеры Леванеўскі сьцьвярджае, што такі перавод незаконны:

«Перавод у іншую калёнію магчымы толькі са згоды самога асуджанага ці калі ёсьць нейкія надзвычайныя абставіны. Звычайна ў розныя калёніі кідаюць аўтарытэтаў альбо людзей, якія карыстаюцца посьпехам, каб яны не займелі ўлады над людзьмі».

«Хай Сыбір, хай што хаця, але толькі ня гэтая страшэнная турма на рацэ Беразіне»

З калёніі № 2, што ў прыгарадзе Бабруйску, — у сам Бабруйск, у завулак Пераезны, 10. Ля чыгуначнай станцыі «Беразіна», на беразе невялікай рачулкі Бабруйкі ўзвышаюцца будынкі старажытнай цаглянай крэпасьці, муры якой памятаюць і вайсковыя шыхты, і стогны палітвязьняў. Імі пачалі «засяляць» фартэцыю, не пасьпеўшы яе дабудаваць. Так зьявілася вядомая на ўсю Расейскую імпэрыю нялюдзкімі ўмовамі ўтрыманьня Бабруйская турма. Сёньня тут месьціцца сьледчы ізалятар № 5.

Пачалі ўзводзіць крэпасьць у 1810 годзе на загад расейскага самадзержца Аляксандра І. Кіраваў будоўляй інжынэр, генэрал-лейтэнант, немец паводле паходжаньня, выхадзец з герцагства Гесэн-Дармштат, граф Карл Апэрман.

У вайну 1812 году крэпасьць вытрымала чатырохмесячную аблогу напалеонаўскіх вайсковых аддзелаў.

Па сканчэньні вайны ў крэпасьці разьмясьцілася 9 пяхотная дывізія расейскага войска. Група мясцовых вайскоўцаў распрацавала плян арышту імпэратара, які меўся наведаць крэпасьць у 1823 годзе. Меркавалася па зьняволеньні Аляксандра І рушыць на Санкт-Пецярбург, трымаючы імпэратара закладнікам. У гісторыі гэты плян вядомы як «Бабруйскі». Ён быў адхілены кіраўніцтвам паўстаньня. Па здушэньні ў Санкт-Пецярбургу ў сьнежні 1825 году выступу вайскоўцаў-рэвалюцыянэраў Бабруйская крэпасьць становіцца палітычнай турмой. У ёй няволяцца некаторыя зь дзекабрыстаў.

Дайшлі зьвесткі, што зьняволеных у турме секлі розгамі, прычым павольна, каб вязьні лепш прачувалі сваю віну. Кармілі арыштантаў вельмі кепска — раніцай хлеб ды соль, днём сьціплы абед, а ўвечары ізноў хлеб ды соль. У сьвята маглі выдаць па тры кавалкі цукру.

Нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня ў Бабруйскай турме згадваў расейскі літаратар Аляксандар Гэрцэн:

«Хай Сыбір, хай што-хаця, але толькі ня гэтая страшэнная турма на рацэ Беразіне».

Знайсьці сярод ацалелых крапасных умацаваньняў тыя вязьніцы, у якіх трымалі расейскіх рэвалюцыянэраў 19 стагодзьдзя, не ўдалося. Такіх пазнакаў на мурах няма. Урэшце, кожная з будынінаў магла быць вязьніцай. Невялікія вокны-байніцы, на большых захаваліся нават краты, змрочныя сутарэньні.


У калёніі высокія госьці — кіраўнік ДВП Аляксандар Барсукоў, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка і міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў, а таксама дэпутаты Нацыянальнага сходу. Фота zil.mogved.by.

Ці ведаюць бабруйцы пра нявольніцкую гісторыю крэпасьці?

Сёе-тое ведаем, кажуць яны, але няшмат:

Спадар: «Ведаю, што былі тут дзекабрысты ў турме».

Спадар: «Ведаю, што сядзелі дзекабрысты. Што будавалася за імпэратрыцай Кацярынай».

Спадарыня: «Ну, што там сядзелі яны доўга. Казалі, што Бабруйская крэпасьць — горш, чым ссылка ў Сыбір».

Спадарыня: «Была нейкая такая камэра ў выглядзе яйка. І там было дужа страшна знаходзіцца чалавеку».

Турма і здароўе


У вязьніцы Бандажэўскі напісаў брашуру пра выжываньне

Юры Бандажэўскі
«У вязьніцы я напісаў брашуру пра выжываньне ў тых умовах. Потым яна выйшла вельмі малым накладам у самвыдаце, хадзіла па турмах і карысталася вялікай папулярнасьцю сярод зьняволеных», — сказаў у інтэрвію нашай праграме сёньняшні госьць рубрыкі «Турма і здароўе» прафэсар Юры Бандажэўскі. Колішні рэктар Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту, доктар мэдычных навук, адмысловец у галіне радыялёгіі правёў у беларускай вязьніцы шэсьць гадоў — з 1999-га па 2005-ы. Ён перакананы, што з улікам чарнобыльскага фактару здаровых беларусаў вельмі цяжка сустрэць і на волі, ня кажучы ўжо пра вязьніцы. За кратамі яму здаровыя людзі ўвогуле не сустракаліся.

Прызнаны ў сьвеце навуковец, які цяпер вымушаны жыць і працаваць за межамі радзімы, у Кіеве, з усёй адказнасьцю мэдыка кажа, што «адаптавацца да турэмных умоваў нельга. Ня кажучы пра радыёнукліды, кожны зьняволены да таго ж зазнае хранічны стрэс, бо ад самога пачатку зь ім пачынаюць „працаваць“ спэцыялісты ў галіне так званага „правапарадку“, а дакладней —разбурэньня здароўя». Сам прафэсар, паводле ягоных слоў, ня быў выключэньнем, а «таму страціў у турме шмат здароўя».

«Калі казаць зусім банальна, на тле хранічнага стрэсу парушаюцца функцыі многіх жыцьцёва важных органаў. Адсюль выскокваюць усе тыя захворваньні, якія ў чалавеку сьпяць і ў іншай сытуацыі маглі б спаць яшчэ доўга. Так было і са мной. У турме праявіліся ўсе мае балячкі. Сама турма — гэта ўжо гвалт над чалавекам. Віды катаваньняў — фізычныя, псыхалягічныя — гэта ўжо нюансы і залежаць ад таго, як менавіта сьледчыя будуць працаваць зь вязьнем. Увогуле, кожны раз тут нейкія новыя варыянты. Напрыклад, чалавека зьмяшчаюць у камэру, дзе ён увесь час на падлозе і некалькі дзён ня можа памыць сабе твар. Або гэта не катаваньне, калі цябе ператвараюць у жывёлу? Не кажу пра іншае, што могуць выкарыстоўваць супраць вязьняў. Увогуле мне асабіста вельмі цяжка гаварыць пра гэта. Бо я правёў там шэсьць гадоў і ведаю шмат. Калі я чытаю нечыя інтэрвію, дзе людзі дастаткова лёгка пра гэта расказваюць, я чамусьці пачынаю сумнявацца, а ці адчулі яны ўсё гэта насамрэч».
Адаптавацца да турэмных умоваў нельга.

Прафэсар Бандажэўскі перакананы, што за час пасьля яго вызваленьня сытуацыя з утрыманьнем зьняволеных не магла істотна палепшыцца. А таму на падставе багатага ўласнага турэмнага досьведу ды той інфармацыі, якая трапляе апошнім часам у СМІ наконт мэдычных праблемаў палітвязьняў, дакладна ўяўляе сабе, што значыць хварэць за кратамі. На ягоную думку, нядаўна праапэраваны на хрыбетнік палітвязень Зьміцер Бандарэнка ў турэмных умовах пакутуе, прычым вельмі моцна.

«Праблема ў тым, што ён абсалютна ня можа прайсьці рэабілітацыю, безь якой ніяк нельга абысьціся пры такім захворваньні. Гэта зразумела для любога, хто мае хоць нейкае дачыненьне да мэдыцыны. Як зразумела і тое, што цяперашняе лячэньне і аднаўленьне Бандарэнкі неабходна праводзіць у якасна іншых умовах. Гэта трэба ўлічваць і ўсім тым, хто хоча дапамагчы гэтаму чалавеку».

Калі гаварыць пра больш-менш прыстойную мэдычную дапамогу ўва ўмовах пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі, то яе, паводле прафэсара-мэдыка, можна атрымаць толькі ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі. Гаворка ідзе пра сур’ёзныя выпадкі, а такіх выпадкаў, як і сьмерцяў у вязьніцах, яму даводзілася бачыць нямала.

«Адпаведную мэдычную дапамогу вязень з сур’ёзнымі захворваньнямі можа атрымаць толькі там. Што да мэдычных частак у калёніях, дык там ніякае лекаваньне немагчымае. Таму і зразумела, што ўсе асуджаныя, які маюць штосьці сур’ёзнае, імкнуцца трапіць менавіта ў шпіталь. Іншая рэч, што такое далёка не заўсёды ўдаецца, нават нягледзячы на ўсю сур’ёзнасьць карціны. Што да майго выпадку, то я сам азнаёміў адміністрацыю з тымі праблемамі, якія меў, і з магчымымі наступствамі, калі не аказаць адпаведнай дапамогі. У мяне быў так званы „востры жывот“. Як высьветлілася падчас апэрацыі, гэта быў пэрытаніт у сувязі з апэндыцытам гнойна-нэкратычнага пляну, які яшчэ называюць гангрэнозным. Складаны выпадак для хірургаў, аднак лекары зрабілі ўсё, што ад іх залежала».

Гаворачы пра кваліфікацыю супрацоўнікаў Рэспубліканскага турэмнага шпіталя, дзе ляжалі розныя палітвязьні, прафэсар Бандажэўскі адзначае: гэта спэцыялісты, да якіх ён ставіцца з найвялікшай павагай. Яны сапраўды дапамагаюць, нягледзячы на спэцыфічныя ўмовы і абмежаваныя магчымасьці.

«Той чалавек, які апэрыраваў мяне, літаральна ўратаваў мне жыцьцё, — кажа прафэсар Бандажэўскі. — Тыя ж словы магу сказаць пра ўсю хірургічную каманду. Казаць, што тыя мае калегі, які працавалі ў мой час у тым шпіталі, не адпавядаюць прызначэньню мэдыка, я ня маю аніякага права. Іншая рэч, што пасьля складанага выратаваньня пацыента ўсе рашэньні наконт далейшай тэрапіі прымаюцца ўжо зусім іншымі спэцыялістамі».
Быў ня толькі пацыентам, але і лекарам-кансультантам.

У турме доктару мэдыцыны Бандажэўскаму давялося быць ня толькі пацыентам, але і лекарам.

«Я ўсім дапамагаў, наколькі гэта было магчыма. Праўда, я мог аказваць толькі кансультацыйную дапамогу. Людзі чакалі ад мяне парады, што лепш рабіць, як сябе паводзіць і г.д. А потым я спэцыяльна напісаў невялікую брашуру, мэта якой была — прафіляктыка тых ці іншых захворваньняў. Яна называлася „Сыстэма выжываньня чалавека“ і нават выйшла вельмі маленькім накладам. Там ёсьць такі прымітыўны комплекс мэтадаў і спосабаў, якія дапамагаюць чалавеку за кратамі псыхалягічна настроіцца і выкарыстоўваць нейкія прыёмы, каб стабілізаваць свой стан. Размова, сярод іншага, ідзе і пра ўжываньне тых ці іншых прадуктаў харчаваньня ў турэмных умовах. Бо часам глядзіш — чалавек у лепшым выпадку атрымлівае дзьве ці тры перадачы ў год, і гэта хоць і смачна, але зусім ня тое, што яму трэба».

Сярод выкладзеных на 30-ці старонках рэкамэндацыяў беларускага прафэсара для тых, хто ўтрымліваецца ў беларускіх турмах, нямала парадаў псыхалягічнага і дыеталягічнага кшталту. Прафэсар раіць вязьням стала кантраляваць свой псыхалягічны стан. Гэта адна з галоўных умоваў выжываньня. Ня менш важны момант — харчаваньне. Бандажэўскі мяркуе, што ў турэмных умовах лепш прытрымлівацца сыстэмы харчаваньня паводле групаў крыві. Ёсьць рэкамэндацыі і пра тое, як захоўваць энэргію, якой ва ўмовах вязьніцы губляецца катастрафічна шмат.Як перакананы прафэсар-мэдык, “турма – гэта праца для зьняволенага, прычым, праца вельмі цяжкая. Калі той, зразумела, хоча выжыць, а не зваліцца ў бездань”.

На жаль, брашуру так нідзе больш і не надрукавалі. «Хоць тэма падтрыманьня здароўя ў вязьніцах вельмі важная і ёю трэба займацца вельмі грунтоўна», лічыць прафэсар Бандажэўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG